Дэпутат праверыў цэны ў магазінах Астраўца

13:00 / 03.10.2022

Па даручэнні старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Андрэйчанкі дэпутаты ніжняй палаты парламента, працуючы ў сваіх выбарчых акругах, праводзяць маніторынг цэн на асноўныя прадукты харчавання. Не застаўся ў баку ад агульнай справы і дэпутат па Смаргонскай выбарчай акрузе №59 Віктар Свіла.

Разам са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Ірынай Тальчук і намеснікам начальніка аддзела эканомікі райвыканкама Вольгай Сілюк Віктар Збігневіч наведаў магазін спажывецкай кааперацыі “Родны кут”, больш вядомы астраўчанам як “Гермес”. У свой час, не такі ўжо і далёкі, гэта быў бадай што самы папулярны магазін у райцэнтры, які радаваў пакупнікоў асартыментам і цэнамі. А што цяпер?

– Продаж тавараў у нас апошнім часам вельмі ўпаў, у асноўным з-за цэннікаў, – прызнаецца прадавец Валянціна Безляповіч. – У нашых канкурэнтаў, так званых сеткавых магазінаў, цэны ніжэйшыя, і пакупнік галасуе рублём.

Хоць справядлівасці дзеля трэба зазначыць, што пастанова Савета Міністраў №214 ад 9 красавіка 2022 года “Аб рэгуляванні цэн”, якая прадугледжвае штомесячнае павышэнне рознічнага кошту прадуктаў харчавання, уключаных у спецыяльны пералік, не больш чым на 1,2 працэнта да папярэдняга месяца, у “Родным куце” выконваецца.

Цяпер праходзіць рэарганізацыя Астравецкага філіяла Гродзенскага абласнога спажывецкага таварыства шляхам далучэння яго да Смаргонскага, і дэпутата, апроч цэн, цікавіла пытанне захавання працоўных месцаў і працаўладкавання людзей.

Адзін з буйнейшых супермаркетаў Астраўца – магазін “ГИППА” – у параўнанні са сваім кааператыўным сабратам уражвае не толькі асартыментам, але і цэнамі, і зніжкамі. Часам гучаць нараканні, што на цэнніку скідкі відаць, а ў чэку пры разліку за тавар іх няма. “Ці магчыма такое?” – пацікавіўся дэпутат у загадчыка магазіна Людмілы Люгоўскай.

– Чалавечы фактар існуе ў любой справе, і ад памылак не застрахаваны ніхто. Але ў нашым магазіне зроблена ўсё, каб пазбегнуць такога, – патлумачыла Людміла Валяр’янаўна. – У выпадку, калі нешта падобнае адбудзецца, пакупніку будуць адразу ж вернуты грошы, а вінаваты – пакараны.

Кантрольная закупка, якую зрабілі дэпутаты, пацвердзіла: на касе своечасова “бачаць” скідкі, пра якія інфармуюць чырвоныя цэннікі ў гандлёвай зале, – і гэтак жа аператыўна рэагуюць, калі іх тэрмін заканчваецца.

Тым не менш, дэпутат параіў пакупнікам быць уважлівымі, набываючы тавар, і ведаць свае правы. З імі, дарэчы, можна пазнаёміцца ў кожным магазіне ў кутку пакупніка.



Текст: Нина Рыбик