Па сцяжынцы да школьнага парога Жукойнінскай школы прайшліся былыя вучаніца і настаўніца Вольга Мельдзюк і вучаніца Ганна Мілашэвіч

11:11 / 03.10.2022

Напэўна, кожны з нас у любым узросце помніць той момант, калі ўпершыню пераступіў парог роднай школы, гады вучобы і настаўнікаў. Помняць тыя шчаслівыя часы і педагогі, якія аддавалі любоў і веды дзецям.

Наш сумесны з райкамам прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі праект “Сцяжынка да школьнага парога” прысвечаны закрытым школам і людзям, што некалі там працавалі і вучыліся.

З гісторыі школы

Як сведчыць кніга «Памяць. Астравецкі раён», канец 1950-х – пачатак 1960-х лічыўся часам актыўнага школьнага будаўніцтва. Тады пачалося масавае ўзвядзенне школ па тыпавых праектах. Жукойнінская, пабудаваная сіламі міжкалгасбуда, была разлічана на 160 вучняў.

Дарэчы, у кнізе «Памяць» надрукаваны фотаздымак 1963 года, на якім адлюстраваны будынак Жукойнінскай сярэдняй школы.

У Міхалішкаўскай сярэдняй школе захоўваюцца ўспаміны былой вучаніцы, настаўніка і дырэктара Жукойнінскай установы Ванды Міхайлаўны Вайшнаровіч.

У іх распавядаецца, што «ў Жукойнях пры Польшчы школа была шасцігадовай (шасцікласнай). У першыя пасляваенныя гады (1945-1946) яна паступова стала сямігодкай, а ў 1953 годзе з’явіўся восьмы клас – школа стала перарастаць у сярэднюю. Першы дзясяты клас выпусцілі ў 1956 годзе. 

Школа размяшчалася ў драўляным будынку, затым набылі дом, у якім «пасяліліся» пачатковыя класы. А ў 1962 годзе адкрылі новы будынак.

Ужо ў той час у школе працавалі добрыя, разумныя педагогі, якія нацэльвалі выпускнікоў на атрыманне вышэйшай адукацыі і рыхтавалі да паступлення без рэпетытарства і факультатываў. З тымі вучнямі, хто жадаў, яны займаліся, колькі трэба, без аплаты ў свой вольны час. Праўда, у вучняў яго было мала – хадзілі ў школу пешшу за 3-10 кіламетраў, таму веды атрымлівалі ў асноўным на ўроках.

Так, з шостага выпуску, у якім было 13 вучняў, 6 паступілі ў вну: Ванда Валодзька (першая медалістка школы В.М. Вайшнаровіч) – на гісторыка-філалагічны факультэт у Гродна, Ванда Буйка і Марыя Капуста – на аграномаў у Гродна, Валянцін Ствол – у вышэйшае ваеннае вучылішча, Валя Багдановіч закончыла біяфак, Ванда Куцька стала бухгалтарам. Сярэднюю спецыяльную адукацыю атрымалі Шура Казлоўская (медсястра) і Іра Стаповіч (настаўніца пачатковых класаў). 

З 16-га выпуску 1971 года паступілі ў вну Вольга Валодзька на механіка-матэматычны факультэт БДУ, Ядвіга Вайцяховіч – матэматычны ў Гродне, Галіна Садоўская – медыцынскі інстытут у Гродне.

Самааддана працавалі з вучнямі муж і жонка Спірыдонавы – Міхаіл Фёдаравіч і Людміла Ціханаўна. Абодва дзетдомаўцы; ён, выпускнік Маскоўскага ўніверсітэта імя Ламаносава, выкладаў гісторыю і замежную мову, яна, выпускніца БДУ, выкладала рускую мову і літаратуру. Прыехалі ў Жукойні ў 1960 годзе па размеркаванні. Пазней Міхаіл Фёдаравіч працаваў дырэктарам Ашмянскага краязнаўчага музея, закончыў аспірантуру ў Ленінградзе, стаў кандыдатам гістарычных навук, працаваў у Мінску. Людміла Ціханаўна працавала ў Мінску ў інстытуце ўдасканалення настаўнікаў. 

Пасля адкрыцця ў 1977 годзе Падольскай сярэдняй школы Жукойнінская стала базавай (васьмігодкай), затым у 1984 – пачатковай, а ў 1991 была закрыта».

Адміністрацыя школы

У 50-х гадах дырэктарам сярэдняй школы працаваў Якаў Дзям’янавіч Бутакоў, завучам – Уладзімір Яфімавіч Сівянкоў.

Потым дырэктарам быў Іван Паўлавіч Журовіч, намеснікамі – Сяргей Мікалаевіч Жук і Ніна Антонаўна Варанец.

Наступным дырэктарам стаў Пётр Яфімавіч Папкоў, а яго намеснікам – Раіса Уладзіміраўна Казей.

Дырэктарамі сярэдняй школы таксама працавалі Лідзія Іванаўна Рубан і Уладзімір Алегавіч Булавіцкі. Дырэктарам базавай школы стала Ванда Міхайлаўна Вайшнаровіч, а пачатковую – узначальвалі Серафім Дзмітрыевіч Собаль і Вольга Ізыдораўна Мельдзюк.

Расказвае Вольга Мельдзюк:

– Лёс звязаў мяне з Жукойнінскай школай двойчы. Першы раз я сюды прыйшла як вучаніца, другі раз – як настаўніца і дырэктар.

Наша сям’я жыла ў Сідарышках. Калі мне прыйшоў час ісці ў першы клас, было гэта ў 1976 годзе, старэйшы брат быў дзесяцікласнікам – і ў школу мы дабіраліся разам з ім і яшчэ некалькімі старэйшымі вучнямі на веласіпедах. Вельмі запомніўся выпадак, як аднойчы зімой па дарозе ў школу я вельмі замерзла ў рукі – і ўсе старэйшыя дзеці адагравалі мяне.



Першай маёй настаўніцай стала Кацярына Іосіфаўна Гарэлава – інтэлігентная, добразычлівая жанчына, мне вельмі хацелася быць падобнай да яе. Напэўна, ужо тады і з’явілася жаданне таксама стаць настаўніцай. І я шчаслівая, што яно ажыццявілася.

У 2 класе з намі стала працаваць Ірына Іосіфаўна Вайцяховіч. Помню, калі я была ў 3-м класе з намі разам вучыліся дзеці з двух класаў. Канешне, настаўніцы было складана – гэта я зразумела значна пазней, але яна спраўлялася.

У сярэдняй школе нашым класным кіраўніком стаў гісторык Уладзімір Якаўлевіч Астапец. Ужо тады школьнікаў было малавата – здаецца, 43. А калі я заканчвала 8 клас, на ўсю школу засталося 30 вучняў.

Затым нашым класным кіраўніком стала Марыя Сігізмундаўна Кавалеўская, якая выкладала рускую мову і літаратуру. Працавалі з намі Альбіна Віктараўна Козіч (настаўніца хіміі), Іван Іванавіч Вайшнаровіч (матэматык), Серафім Дзмітрыевіч Собаль (настаўнік беларускай мовы і літаратуры), яго жонка Леанарда Станіславаўна Собаль вяла фізічную культуру, выкладаць англійскую мову прыязджала настаўніца з Міхалішак Валянціна Канстанцінаўна Багдановіч. А дырэктарам установы была Ванда Міхайлаўна Вайшнаровіч.

Я не хадзіла ў садок – і не ўмела ні чытаць, ні пісаць, напэўна, таму мне вельмі хацелася ў школу. І гэтае жаданне з гадамі вучобы нікуды не дзелася – мне ўсё было цікава: вучыцца, удзельнічаць у мерапрыемствах, падарожнічаць, дапамагаць калгасу.

Асабліва падабалася ездзіць на экскурсіі – адпраўляліся ўсёй школай. Дзе мы толькі ні былі! Вельмі запомнілася паездка ў Брэсцкую крэпасць. Надпісы на сценах я помню і сёння. Уразіў і аповед экскурсавода, які расказваў так, што мы адчувалі ўсе тыя падзеі, быццам самі былі іх удзельнікамі.
А яшчэ мы любілі заставацца пасля ўрокаў у групе падоўжанага дня. Тут можна было не толькі зрабіць урокі на наступны дзень, але і пагуляць у тэніс – спартыўнай залы ў нас не было і тэнісныя сталы стаялі ў звычайным класе.

Школа была невялікая і, напэўна, таму мы адчувалі сябе сям’ёй – тут усім было па-хатняму ўтульна, спакойна і добра.

Мы ўсе ўдзельнічалі ў мастацкай самадзейнасці – нават той, хто не ўмеў і не любіў спяваць, вучыўся гэтаму і выходзіў на сцэну.

Мы адзначалі ўсе святы – асабліва святочна ў той час праходзілі Дзень Канстытуцыі, Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі, ды і 8 Сакавіка, 23 лютага, Новы год мы таксама чакалі з нецярпеннем.

Як і марыла, пасля школы я паступіла ў педагагічнае вучылішча. І ў 1988 годзе прыйшла ў Жукойнінскую школу ў другі раз – яна ўжо была пачатковай. Сваё месца настаўніка і дырэктара мне саступіў Серафім Дзмітрыевіч Собаль. Пачынаць, калі табе толькі споўнілася 18 гадоў, было складана. Тым больш што даводзілася не толькі вучыць, але адначасова весці гаспадарку, адказваць за святло і ацяпленне, за ўсё і ўсіх. Але дапамагаў сельсавет – і разам мы спраўляліся з усімі справамі.

Расказвае Ганна Мілашэвіч:

– Часы вучобы ў Жукойнінскай сярэдняй школе ўспамінаю з вялікай удзячнасцю да настаўнікаў, якія тут працавалі.

У першы клас я пайшла ў 1968 годзе. На ўсё жыццё запомніўся гэты дзень. Ад вёскі Ласі, дзе жыла наша сям’я, да школы было 3 кіламетры. Школьныя аўтобусы тады не хадзілі – дабірацца да ўстановы даводзілася пешшу.

Настаўнікі і старшакласнікі сустрэлі нас, першакласнікаў, ветліва, прымацавалі на школьныя сукенкі выразаныя з залацістай паперы пяцёркі. Пасля школьнай лінейкі правялі ў клас і пасадзілі за парты. А потым было знаёмства з нашай першай настаўніцай Кацярынай Іосіфаўнай Вайцяховіч. Яна пачаставала нас смачным тортам.

У тыя часы ў нашай мясцовасці яшчэ не было дзіцячых садкоў, таму, вядома, да школы мы не былі падрыхтаваны, і наша першая настаўніца прыклала многа сіл і цярпення, каб навучыць нас чытаць і пісаць – а пісалі ж тады пёравымі ручкамі і чарніламі.

Кацярына Іосіфаўна была добрая, справядлівая і ў меру строгая. У 3-м класе нашай настаўніцай стала Алена Іванаўна Сухарэўская.

Дырэктарам школы ў той час быў Пётр Яфімавіч Папкоў, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Калі мы вучыліся ў 3-м класе, установу ўзначаліла Лідзія Іванаўна Рубан, яна выкладала матэматыку.

У 4-м класе нас было каля 30 вучняў. З’явіліся новыя прадметы – і штогод іх станавілася ўсё больш.

Рускую літаратуру у нас выкладаў Серафім Дзмітрыевіч Собаль, а рускую мову – Вацлаў Іпалітавіч Мізей (потым яго «дагрузілі» рускай літаратурай). Ён быў добрым фатографам і час­та здымаў школьныя мерапрыемствы.

Беларускую мову і літаратуру ў нас вяла Лілія Іванаўна Рамаш. Пад яе кіраўніцтвам мы нават ставілі «Паўлінку» Янкі Купалы. Мне дасталася роля Пранціся Пустарэвіча. А Паўлінку іграла Іра Паўлоўская, Быкоўскага – Тэрэса Клімашэўская. Колькі было хваляванняў перад выхадам на сцэну, якую замяняў прасторны школьны калідор!

Дарэчы, менавіта ў ім адбываліся навагоднія прадстаўленні, лінейкі і іншыя школьныя ўрачыстасці.

Гісторыкам у нашай школе працаваў Уладзімір Алегавіч Булавіцкі, пазней ён стаў дырэктарам. Настаўнікам геаграфіі была Раіса Уладзіміраўна Тубіс – вельмі добразычлівая жанчына, якая заўсёды вучыла нас адстойваць сваю жыццёвую пазіцыю. Матэматыку ў нас выкладалі Валерый Леанідавіч Ламека і Іван Іванавіч Вайшнаровіч. Хімію і біялогію вяла Альбіна Віктараўна Козіч. 

Некаторы час у школе працавала Ванда Міхайлаўна Вайшнаровіч – яна выкладала беларускую літаратуру. Настаўнікам фізікі быў Аляксандр Васільевіч Церахаў, неардынарны чалавек, які тлумачэнні розных з’яў заўсёды пацвярджаў цікавымі доследамі. Ён таксама арганізаваў у школе кружок радыётэхнікі.
Класным кіраўніком у мяне была Леанарда Станіславаўна Собаль, якая, акрамя таго выкладала спевы, маляванне і фізкультуру. І хаця ў школе не было спартыўнай залы, а ўсе снарады для заняткаў знаходзіліся на двары, нашы вучні часта вярталіся з перамогай са спаборніцтваў.

Ля школы былі разбіты клумбы з прыгожымі кветкамі, рос яблыневы сад, быў агарод, на якім вырошчвалі гародніну для патрэб сталовай, што месцілася тут жа, у драўляным будынку. Нас кармілі вельмі смачнымі абедамі. Я і цяпер помню непаўторны смак піражкоў з павідлам, што пякла школьны повар Марыя Пільвінская.

Некаторы час у Жукойнінскай сярэдняй школе працаваў настаўнікам музыкі мой тата Аляксандр Пятровіч Урбанас, ён добра граў на гітары, мандаліне і домры. 

У 10 клас я пайшла ў Міхалішкаўскую СШ. Справа ў тым, што ў Падольцах пабудавалі новую ўстанову і наш клас падзялілі. Нам, вучням з вёскі Ласі, было зручней дабірацца да Міхалішак рэйсавым аўтобусам. А Жукойнінская школа спачатку ператварылася ў пачатковую, а потым яе ўвогуле закрылі.


Выпускнікі Жукойнінскай СШ 1961 года з настаўнікамі. Сядзяць злева направа: Кацярына Іосіфаўна Гарэлава (пачатковыя класы), Вера Лявонцьеўна Конан (беларуская мова), Валянціна Паўлаўна Пузыновіч (матэматыка), Ніна Антонаўна Варанец (завуч, матэматыка), Іван Паўлавіч Журовіч (дырэктар, фізіка), яго жонка (пачатковыя класы, хімія), Людміла Ціханаўна Спірыдонава (руская мова), Марыя Вацлаваўна (піянерважатая, геаграфія), апошні – Міхаіл Фёдаравіч Спірыдонаў (класны кіраўнік, гісторыя, нямецкая мова). 

У 1-м радзе стаяць злева направа: настаўнік працоўнага навучання (трактар), вучні Ірына Стаповіч, Ванда Валодзька (Вайшнаровіч), Шура Казлоўская, Валя Багдановіч, Ванда Буйка, Ванда Куцька, Марыя Капуста.

У 2-м радзе стаяць: Валодзя Печатоўскі, Іван Іванавіч Масцяніца (настаўнік фізкультуры), Рышард Грагоўскі, Валянцін Ствол, Радзіслаў Грагоўскі, Збыслаў Валуевіч, Крыстоф Памецька.

Фотаздымак зроблены на фоне будынка старой драўлянай школы.


Вольга Мельдзюк у 4-м класе. 1980 г.




Текст: