Падзячныя лісты, падарункі, віншаванні і песні. У МФК ушаноўвалі ветэранаў працы
“Хай будзе цёплай восень жыцця” – гэтае пажаданне часта гучыць у апошнія дні ў адрас ветэранаў працы. Такую ж назву насіла святочнае мерапрыемства, прысвечанае Дню пажылых людзей, якое прайшло ў Астраўцы 29 верасня.
– Нашы ветэраны – не проста бабулі і дзядулі, якія сядзяць на канапе перад тэлевізарам і глядзяць серыялы. У большасці сваёй гэта актыўныя, ініцыятыўныя, таленавітыя людзі! Яны пішуць вершы і песні, спяваюць і танцуюць, падарожнічаюць і вядуць актыўную грамадскую работу, – сказала, віншуючы пажылых людзей, старшыня раённага савета ветэранаў Ірына Шляхтун.
І ветэраны пацвердзілі гэтыя словы. Можна сказаць, яны самі для сябе зладзілі свята! Гледачы акунуліся ў атмасферу “аксамітнага летняга вечара” разам з галасістымі “Аксаміткамі”, падтанцоўвалі, слухаючы вясёлыя народныя песні ў выкананні хору ветэранаў, захапляліся шматлікімі талентамі канферансье, паэта і спевака Сяргея Шэіна, узгадвалі сваю маленькую радзіму разам з Людмілай Кухарэвіч, не шкадавалі далоняў, калі танцавалі “Чаромушкі”, з цяжкасцю стрымлівалі слёзы, калі чытала свой верш “Франтавічкі” Таіса Сямёнава, разам з “Анюцінымі вочкамі” спявалі пра “Домік вокнамі ў сад” і адорвалі шчодрымі апладысментамі ўсіх, хто выходзілі на сцэну.
Гучала шмат цёплых слоў віншаванняў і ўдзячнасці – ад раённай улады і калег, ад артыстаў і вядучых.
– За вашымі плячыма – вялікае жыццё, вы пражылі яго, захоўваючы маральныя прынцыпы і духоўныя каштоўнасці. Вы ўяўляеце сабой жывую сувязь часоў і пакаленняў. Вашы веды і багаты вопыт асабліва важныя ў сучасных умовах, калі разам з ініцыятывай маладых патрабуецца жыццёвая мудрасць старэйшых. Вы – захавальнікі традыцый, нашых адвечных каштоўнасцей, асаблівай атмасферы, якой славіцца Астравеччына, – сказала, віншуючы ад імя выканаўчай і прадстаўнічай улад ветэранаў працы старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Тальчук.
Падзячныя лісты раённага Савета дэпутатаў за шматгадовую добрасумленную працу, актыўную жыццёвую пазіцыю і ўдзел у грамадскім жыцці атрымалі Святлана Чарняўская і Вячаслаў Адахоўскі.
Падзячныя лісты раённай арганізацыі Беларускага савета ветэранаў былі ўручаны Генадзю Бужымскаму і Сяргею Шэіну.
Старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын” Наталля Баніцэвіч, прысвяціўшы тым, хто ўступіў у пару залатой восені, цёплыя, шчымлівыя вершы, уручыла падарунак чалавеку, на энергіі і ініцыятыве якога трымаецца шмат добрых ветэранскіх спраў, – старшыні раённага савета ветэранаў Ірыне Шляхтун.
У той дзень былі падведзены вынікі некаторых конкурсаў. У спаборніцтве на лепшае ветэранскае падвор’е пераможцамі сталі Юзэфа Талуць, Ядвіга Безляповіч, Тарэса Баніцэвіч – іх кветнікі, сядзібы, арыгінальныя знаходкі ў намінацыях “Матулін кветнік”, “Міні-Версаль”, “Майстар Самадзелкін” адзначылі дыпломамі і падарункамі.
Узнагародзілі і ўдзельнікаў літаратурнага конкурсу “Памяць сэрца”, прысвечанага Году гістарычнай памяці і 80-годдзю Сталінградскай бітвы. Трэцяе месца падзялілі Міхаіл Клусевіч, Ванда Радзевіч, Марэк Леоза. Дыпломы за другое месца атрымалі Ядвіга Шаблінская, Генадзь Бужымскі, Капіталіна Пятроўская. Самыя лепшыя вершы, на думку журы, прадставілі на конкурс Аляксандр Марозаў, Таіса Сямёнава і Людміла Кухарэвіч – яны і сталі пераможцамі конкурсу.
Па-хатняму ўтульная атмасфера панавала ў той дзень у зале: былыя калегі і сябры, кіраўнікі і падначаленыя, многія з якіх даўно не бачыліся, гаманілі, расказвалі навіны, абменьваліся віншаваннямі. Разыходзіцца не хацелася: халодны восеньскі дзень быў сагрэты добрымі словамі, прыгожымі песнямі, доўгачаканымі сустрэчамі.
Няхай жа такой будзе і ўся восень – года і жыцця!