Бульбяны “маніфест”, ці Як капаюць бульбу ў КСУП “Гудагай”

14:28 / 26.09.2022
Бульбянішча КСУП «Гудагай» раскінулася на 82 гектарах. Другі хлеб у гэтай гаспадарцы капаюць і ўручную, і механізавана. 

За вёскай Чэрнішкі вялікі чырвоны «капач» – бульбаўборачны камбайн – віднеўся здалёк. Шмат гадоў на ім працуе адзін з самых вопытных механізатараў гаспадаркі Аляксандр Замара. 

– На гэтым участку плошчай крыху больш за 40 гектараў пасаджана бульба сорту «маніфест». Ці ўраджайная? Лепш пацікаўцеся ў галоўнага агранома. На мой погляд, на круг «набіваю» прыкладна столькі ж, што і летась, – расказаў Аляксандр Замара. – За дзень выкопваю бульбу на трох гектарах. Думаю, да канца тыдня цалкам справімся. 

На ўборцы бульбы ў дзень майго прыезду на полі дапамагалі тры паляводы. Яны, стоячы на спецыяльнай пляцоўцы камбайна, убіралі камяні з транспарцёра, па якім перасоўваўся паток бульбы. 

Пасля напаўнення бункера клубні выгружалі ў машыны, якія імчалі да сельгассховішча ў Малі. Да слова, другі хлеб там перабяруць і адсарціруюць – што на продаж, а што ў засекі. 

Напрыканцы мінулага тыдня кампанію механізаванаму капачу склала каля 40 чалавек з біржы. Людзі «выбіралі» бульбу на ўчастку, дзе шмат камянёў. 
Лічбы для параўнання: за 22 верасня 40 памагатых на «гудагайскіх сотках» накапалі пад 30 тон бульбы, а адзін камбайн – за 70 тон. 

Сёлета на адвозе бульбы заняты вадзіцель Віктар Васілеўскі, які ў сярэднім за дзень робіць каля 5-6 рэйсаў. 

– Бульба, на мой погляд, нядрэнная – улічваючы летнюю спёку і бездажджоўе. Увогуле гэты год неблагі на ўраджай: бу­дзем з хлебам і бульбай, – усміхаючыся, зазначыў вадзіцель.

Мяркуючы па раённай зводцы сельскагаспадарчых работ, ураджайнасць бульбы ў КСУП «Гудагай» сёлета складае 317 цэнтнераў з гектара, да параўнання: летась – 283. А гэта значыць, што на традыцыйным восеньскім кірмашы можна будзе купіць і гудагайскі «маніфест», каб узімку паласавацца бабкай ці дранікамі. 


Вадзіцель Віктар Васілеўскі возіць бульбу з поля на «газончыку»

На бульбаўборачным камбайне працуе Аляксандр Замара


Паляводы Валянціна Пятроўская, Уладзімір Букліс і Алена Жукоўская (злева направа) убіраюць камяні



Текст:
Фото: Алёна Ганулич