Якім гэты год выдаўся для Астравецкага доследнага лясгаса, расказвае Рыгор Долгі
09:47 / 18.09.2022
– Некалькі гадоў назад негатыўны ўплыў у работу вашага прадпрыемства, як і многіх іншых, унесла каронавірусная інфекцыя COVID-19. Гэты год ускладнілі санкцыі… Хоць папярэднія вынікі падводзіць рана, тым не менш: якім гэты год выдаўся для лясной гаспадаркі раёна?
– Няпростым. Ведаючы пра санкцыі, дзеянне якіх павінна было пачацца ў маі-чэрвені, мы прадумвалі розныя варыянты выхаду з сітуацыі. Складанасці працягваліся каля месяца: спыненне экспарту негатыўна паўплывала на дрэваапрацоўку. Паступова сітуацыя стабілізавалася: рынак цяпер не такі прэміяльны, якім быў да ўводу санкцый, але заказаў не меншае. Пачынаем асвойваць рынкі Азіі і Усходу – актыўна супрацоўнічаем з Расійскай Федэрацыяй, Кітаем, Узбекістанам, Азербайджанам, Іранам, Турцыяй.
Некалькі месяцаў прыбягалі да непапулярных метадаў работы, але ў цэлым з пачатку года забяспечваем і рост зарплаты, і выкананне асноўных сацыяльна-эканамічных паказчыкаў.
– З 25 верасня дзелавую драўніну можна будзе набываць па новых правілах. Патлумачце, што зменіцца для звычайных грамадзян?
– Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў загад №294, у якім спрашчаюцца правілы рэалізацыі драўніны для фізічных і юрыдычных асоб. У дакуменце пазначана, што грамадзяне змогуць набыць непасрэдна ў лясгасе да 70 кубічных метраў круглага лесу для будаўніцтва, рэканструкцыі ці рамонту жылля і да 10 кубаметраў – для тых жа мэт на тэрыторыі садаводчага таварыства, дачнага кааператыва, а таксама для агароджы. Для гэтага трэба будзе звярнуцца ў лясгас і падпісаць дамову, дзе будзе пазначана, што набываюць драўніну для ўласных мэт і пакупнік нясе адказнасць за яе мэтавае выкарыстанне. З сабой трэба мець пацвярджальныя дакументы на домаўладанне ці праект на будаўніцтва.
Раней, напрыклад, дазвол на набыццё дзелавой драўніны выдавалі выключна райвыканкамы і заявы трэба было падаваць за год. Указ Прэзідэнта значна спросціць працэдуру водпуску драўніны і сэканоміць час для людзей.
– Большую частку выручкі прыносіць дрэваапрацоўчы цэх. Ці змянілася яго дзейнасць?
– З-за санкцый узраслі рэшткі піламатэрыялаў на цэху да 3 і больш тысяч кубаметраў. Планавалі штучна зніжаць аб’ёмы пілавання, уводзіць выхадныя дні (адзін месяц нават рабілі так) – справіліся з сітуацыяй. Сёння цэх працуе на поўную магутнасць. У планах – забяспечыць максімальны выпуск піламатэрыялаў. На пачатак верасня толькі на экспарт у дзень выпускаюць 36 кубаметраў піламатэрыялаў.
– Нашы лесаводы ніколі не адмаўляюць у дапамозе калегам і аграрыям. Гэты год не стаў выключэннем?
– Аднымі з першых на Гродзеншчыне мы накіравалі тэхніку і людзей на распрацоўку бураломаў у Клімавіцкі раён Магілёўскай вобласці. Астраўчане нарыхтавалі каля 18 тысяч кубаметраў драўніны. Удзячны работнікам, што спрацавалі на высокім узроўні. Адзначу начальніка лесапункта Руслана Германа і майстраў Андрэя Місевіча, Віталя Мацкевіча, Валерыя Ключніка і іншых.
Па традыцыі апошніх гадоў многія работнікі дапамагалі ў якасці камбайнераў, іх памочнікаў, вадзіцеляў убіраць ураджай аграрыям РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі», КСУП «Міхалішкі». Гэта Юрый Яромін, Руслан Круглякоўскі і іншыя.
– Але, напэўна, па-ранейшаму галоўная задача работнікаў галіны – лесааднаўленне?
– Створаны дзесяць гадоў назад лесагадавальнік летась ізноў атрымаў статус узорнага. За гэты час мы асвоілі вырошчванне сеянцаў з закрытай каранёвай сістэмай, пабудавалі цяплічны комплекс, значна павялічылі аб’ёмы чаранкавання дэкаратыўна-пасадачнага матэрыялу, у бліжэйшых планах – закладка лесанасеннай плантацыі.
Вясной павялічылі пасадкі лесу, працягнем гэта рабіць і восенню. У апошні час узраслі патрабаванні да якасці пасадак, пераводу лясных культур. Летам на іх доглядзе была занята большасць работнікаў лясніцтваў. Практыкуем і механізаваны спосаб з дапамогай спецыяльных барон. Цяпер заканчваецца перавод лясных культур, якія дасягнулі 7-гадовага ўзросту, у пакрытыя лесам плошчы з мінімальным спісаннем.
– З нядаўняга часу ў вашай галіне распрацаваны Правілы службовай этыкі. Навошта гэты дакумент?
– Гэта своеасаблівы кодэкс лесавода. Па вялікім рахунку, ад кожнага работніка залежыць імідж усёй галіны. Дакумента, які б рэгламентаваў паводзіны нашых работнікаў, не было. Правілы службовай этыкі вызначаюць, як павінен паводзіць сябе лесавод, каб дастойна прадстаўляць лясную галіну і выклікаць давер у грамадзян. Па сутнасці, у гэтых правілах прапісаны дакладны алгарытм узаемадзеяння з калегамі, іншымі грамадзянамі.
Мне здаецца, кантакт з мясцовым насельніцтвам у нас быў заўсёды. Лічу, што ў лясной гаспадарцы працуюць граматныя, культурныя, дыпламатычныя і прыстойныя людзі.
– У сувязі з бязвізам ці пабольшала паляўнічых?
– Сезон палявання на капытных жывёл – аленя, лося, казулю – толькі пачынаецца. Думаю, паляўнічыя той жа Літвы і іншых краін скарыстаюцца такой магчымасцю.
– Якія яшчэ змяненні адбыліся ў лясной гаспадарцы раёна?
– Змяніўся кіраўнік у Падольскім лясніцтве: яго былы ляснічы Канстанцін Дзісько пайшоў на павышэнне, на змену яму прыйшоў малады спецыяліст Аляксей Парчынскі. Для васьмі юнакоў і дзяўчат Астравецкі доследны лясгас і яго лясніцтвы сталі першым працоўным месцам.
– Падзяліцеся планамі на будучыню.
– Задум шмат. Не ўсё запланаванае ў мінулым годзе атрымалася ажыццявіць з-за шэрагу аб’ектыўных прычын. Цалкам замянілі тэхніку для падвозу людзей, набылі квадрацыклы для паляўнічай гаспадаркі. Дзякуючы новаму пажарнаму аўтамабілю, узмацнілі работу лясной аховы.
У распазнаванні дробных узгаранняў, аператыўнай каардынацыі дзеянняў па іх ліквідацыі вядучую ролю іграюць сродкі сувязі. У Астравецкім доследным лясгасе і ўсіх лясніцтвах функцыянуе спецыяльная праграма «Лясны вартавы». Яна адсочвае пажарную абстаноўку на ўсёй тэрыторыі ляснога фонду, а адзін дзяжурны аператар кантралюе яе работу.
Новая тэхніка і абсталяванне для адводу лесасек з’явіліся на ўзбраенні нашых лесаводаў. Былі задумкі набыць новы харвэстар замежнай вытворчасці, айчынны фарвардар. У другой палове верасня павінны атрымаць лесанарыхтоўчую машыну «Амкадор».
З-за змянення лагістыкі і рынкаў збыту піламатэрыялаў думаем нарошчваць аб’ёмы і магутнасці сушыльнай гаспадаркі. На тэрыторыі дрэваапрацоўчага цэха плануем устанавіць навесы для захоўвання прадукцыі.
– Што пажадаеце калегам і ветэранам з нагоды прафесійнага свята?
– Напачатку хачу падзякаваць за самаадданую працу і разуменне няпростай сітуацыі. Усім работнікам лясной гаспадаркі, ветэранам і іх сем’ям жадаю здароўя, поспехаў, дабрабыту і цярпення.
– Дзякуй, Рыгор Мечыслававіч, за гутарку. Няхай усё задуманае абавязкова спаўняецца!
Віншуем!
За добрасумленную працу ўзнагароджаны:
Ганаровай граматай Міністэрства лясной гаспадаркі – начальнік дрэваапрацоўчага цэха Дзмітрый Волк-Леановіч;
граматай Міністэрства лясной гаспадаркі – вадзіцель на вывазе лесу Сяргей Ромаш;
Падзякай міністра лясной гаспадаркі – вальшчык лесу Міхалішкаўскага лясніцтва Юрый Часнойць;
ганаровай граматай Гродзенскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання – вадзіцель Станіслаў Стэх;
граматай Гродзенскага ДВЛГА – станочнік дрэваапрацоўчага цэха Дзмітрый Сініца;
Падзякай Гродзенскага ДВЛГА – юрысконсульт Ірына Клепусевіч.
На Дошку гонару Гродзенскага ДВЛГА занесены:
ляснічы Міхалішкаўскага лясніцтва Яўген Волкаў,
механік лесапункта Юрый Лукашэвіч.