Як на партбілеце Паўла Спагара з’явілася рэзалюцыя Сталіна

14:08 / 17.09.2022
Аднойчы Пётр Спагар – у 60-я гады ён быў вядомым у Астравецкім раёне спарт­сменам, часта ўдзельнічаў у абласных і рэспубліканскіх легкаатлетычных спаборніцтвах, – знаходзячыся ў Гродна, зайшоў у музей і там убачыў партыйны білет свайго бацькі Паўла Дзмітрыевіча Спагара. Ён быў мала падобны на чырвоныя кніжачкі членаў КПСС, якія ўручалі тагачасным камуністам. Датай прыёму ў Камуністычную партыю Заход­няй Беларусі значыўся 1930 год. На ім стаяла рэзалюцыя «Аднавіць членам партыі з моманту атрымання білета». І подпіс «Іосіф Сталін».

Пазней Пётр Паўлавіч даве­даўся пра ўступленне бацькі ў КПЗБ, якая была на тэрыторыі буржуазнай Польшчы па-за законам і дзейнічала падпольна, пра яго барацьбу з польскімі ўладамі, шматлікія выпрабаванні. А ў той час адчуваў толькі хваляванне і гонар: для большасці з нас родныя – усяго толькі блізкія людзі са сваімі вартасцямі і недахопамі, і ніяк не героі, памяць пра якіх захоўваюць у музеях. 



…Павел Спагар, які нарадзіў­ся на хутары ў шматдзетнай сям’і на тэрыторыі тагачаснага Любчанскага, цяпер – Навагрудскага, раёна буржуазнай Польшчы, ідэі Кастрычніцкай рэвалюцыі ўспрыняў адразу. Хлопцу, як і ўсім беларусам, якім ад нараджэння, як людзям «другога сорту», свяціла адна доля: цяжкая беспрасветная праца на пана. А хацелася стаць упоравень, як пісаў Янка Купала, «людзьмі звацца». І ён, разумеючы, што рызыкуе не толькі свабодай, але і жыццём, уступіў у падпольную камсамольскую ячэйку, а ў 1930 годзе стаў членам Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі – каб змагацца за светлую будучыню, сваю і ўсяго беларускага народа, які аказаўся пад прыгнётам панскай Польшчы.

Падпольшчыкі распаўсюдж­валі сярод насельніцтва ідэі баль­шавікоў, заклікалі да бараць­бы, марылі пра ўз’яд­нанне з усход­німі братамі-бела­русамі. 
Ды завёўся ў іх шэрагах правакатар, які здаў палітычнай паліцыі – дэфензіве – усіх пад­польшчыкаў. Паўла Спагара арыштавалі і кінулі ў Навагрудскую турму. 

Яго жорстка катавалі, прымушаючы назваць імёны таварышаў, якія засталіся на волі: пяклі гарачым жалезам, заганялі іголкі пад пазногці. Аднойчы Павел, які меў неверагодную фізічную сілу, здолеў зламаць наручнікі, ухапіў крэсла і абрушыў яго на галаву следчага. Бунтара тут жа скруцілі, а следчы потым абураўся: такія добрыя наручнікі сапсаваў, сотні лю­дзей праз іх прайшлі – і нічога… Пасля гэтага Спагара змясцілі ў карцар, дзе яго чакала яшчэ адно выпрабаванне.

– Бацька расказваў, што самым страшным катаваннем была кропля вады: кожную хвіліну яна падала на галаву ў адно і тое ж месца. І разрывалася, нібы бомба, – успамінае Пётр Паўлавіч расповеды бацькі пра той страшны час. 

Потым быў суд: Паўлу Спагару далі 6 гадоў зняволення. З Навагрудскай турмы яго перавялі ў сумна вядомую Бярозу-Картузскую – польскую турму для палітычных зняволеных, пераважна беларусаў. Калі выводзілі, Павел убачыў у натоўпе малодшага брата – і выкрыкнуў імя правакатара, які здаў падпольшчыкаў дэфензіве. Брат адпомсціў: застрэліў здрадніка на парозе ўласнага дома.

У турме Бярозы-Картузскай Павел таксама вёў актыў­ную дзейнасць: у кнізе «Памяць. Астравецкі раён» ёсць інфар­мацыя, што Спагар узначальваў турэм­ны камітэт, які адстойваў правы зняволеных. Пасля таго, як у палітычных вязняў адаб­ралі кнігі і пісьмовыя прыналежнасці і прыраўнялі іх да крымінальных злачынцаў, тыя аб’явілі галадоўку – і праз 6 дзён супрацьстаяння адстаялі свае правы.

У зняволенні Павел Спагар знаходзіўся да 17 верасня 1939 года. Вязняў вызваліла Чырвоная армія. Мужчына вярнуўся на радзіму, якая ўжо стала часткай савецкай Беларусі – збылася яго мара! Хлопец узначаліў сельскі Савет.

Калі ж пачалася вайна, каму­ністам загадалі эвакуі­ра­вацца. Але даехаць яны паспелі толькі да Гомеля, там давялося ўступіць у няроўны бой з нямецкім дэсантам. Паўла Спагара цяжка параніла. І можна лічыць цудам, што яго паспелі пагрузіць на эшалон і адправіць у тыл.

Восем месяцаў ён лячыўся ў шпіталі ў Саратаве – можна сказаць, вярнуўся з таго свету. Калі ачуняў, пачаў працаваць будаўніком – узводзіў абаронны завод. У Саратаве ён ажаніўся, там нарадзіліся яго сын і дачка.

У Беларусь Спагары вярну­ліся ў 1947 годзе. Паўла Дзміт­рые­віча прызначылі на­чаль­нікам пажарнай каманды ў Любчы. 

А ў 1949 годзе адбылася тая самая гістарычная сустрэча са Сталіным. У тым годзе камуністам мянялі партыйныя білеты, і нехта з мясцовых вырашыў, што ў Спагара ў дакуменце памылка: як мог ён стаць членам Камуністычнай партыі ў 1930 годзе, калі Заходняя Беларусь была далучана да БССР толькі ў 1939 годзе? Менавіта гэты год і вырашылі запісаць часам уступлення Паўла Дзмітрыевіча ў партыю. Але ён не дазволіў. Тыя 9 гадоў, якія збіраліся скасаваць з яго партыйнага стажу, былі самымі цяжкімі, калі яго ў турмах, пад катаваннямі выпрабоўвалі на вернасць справе бальшавікоў, – і ён не здаўся. Як ён мог дазволіць росчыркам пяра выкрасліць іх са свайго жыцця? І Спагар паехаў шукаць праўду ў Мас­к­ву.

Пётр Паўлавіч не ведае падра­бязнасцей сустрэчы бацькі са Сталіным – магчыма, патрапіць на прыём дапамог даўні партыйны таварыш Сяргей Прытыцкі. Але дахаты Павел Дзмітрыевіч вярнуўся з рэзалюцыяй кіраўніка дзяржавы на партбілеце. Пазней гэты дакумент захоўваўся ў музеі як рэліквія. 

У 1960 годзе сям’я Спагароў пераехала ў Астравец. Тут Павел Дзмітрыевіч таксама ўзна­чальваў пажарную службу – да выхаду на заслужаны адпачынак. Ён з’яўляўся персанальным пенсіянерам абласнога значэння. 

Памёр Павел Спагар 17 верасня 1994 года, праз 55 гадоў вызвалення з турмы Бярозы-Картузскай. І на ўсё жыццё застаўся сапраўдным бальшавіком, каму­ністам без страху і папроку.

Ніна АЛЯКСЕЕВА.