«Равеснікі маладой Беларусі»: Анастасія Крывец заўсёды дапаможа пацыентам

15:19 / 17.09.2022
Загадчык раённай паліклінікі Анастасія Крывец выбрала не самую простую прафесію – урач.

Чаму менавіта гэтую – пытанне, адказ на якое ляжыць на паверхні: дзяўчына доб­ра ведала, што яе чакае, бо неўролагам працаваў бацька. Колькі гэта займае часу, сіл, якой адказнасці патрабуе, якія бываюць пацыенты – усё было знаёма. Паўплывала на выбар і маці – настаўнік хіміі і біялогіі, якая заўсёды магла нешта падказаць ці чаму-небудзь навучыць. Як пры такіх перадумовах не пайсці ў медыцыну?

Прыклад бацькоў стаў нерухомым арыенцірам. Дарэчы, не толькі для дачкі. Адзін з двух братоў Анастасіі хірург. 

– Я вучылася ў тым жа ўніверсітэце – Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім – і жыла ў тым жа інтэрнаце, дзе і тата, – расказвае загадчык паліклінікі. – Ды і факультэт той жа: лячэбны.  На мой погляд, гэты накірунак універсальны: пакуль ты дакладна не ведаеш, кім хочаш працаваць, будзе магчымасць паспрабаваць сябе ў розных сферах. 

– Цяжка было паступіць. А вучыцца, калі табе гэта падабаецца, не – любыя вяршыні скараюцца, – дадае Анастасія Вячаславаўна. – Тым больш вучоба ў медыцынскай вну цягнецца 6 гадоў, потым яшчэ інтэрнатура – тут жаданне патрэбна. 

У Астравецкую бальніцу дзяўчына папрасілася сама. Пра горад яна, ура­джэнка Брэсцкай вобласці, даведалася ад будучага мужа: хлопец з Ашмян, які вучыўся ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы, расказваў пра грандыёзную будоўлю, магчымасці і перспектывы.  Чакаючы размеркавання, маладая сям’я паехала ў Астравец, каб бліжэй пазнаёміцца з ім, – і канчаткова вырашыла: трэба прасіцца сюды. 

Пачынала Анастасія Крывец з пасады тэрапеўта на прыёме, абслугоўвала работнікаў БелАЭС і членаў іх сямей, а таксама замежных грамадзян – пацыентаў было шмат. Малады спецыяліст больш за 2 гады падпрацоўвала ў кардыялагічным аддзяленні. Галоўнае, лічыць, доктар, ставіцца да людзей так, як хочаш, каб ставіліся да цябе. 

Чатыры месяцы таму, калі Анастасія выйшла з адпачынку па доглядзе дзіцяці, ёй прапанавалі пасаду загадчыка паліклінікі.

– Прыемна, што мне даверылі такое месца. Можна лічыць гэта своеасаблівым дасягненнем на прафесійным шляху, – адзначае жанчына. – Ганаруся тым, што не здрадзіла свайму выбару і не сышла з медыцыны, бо, на жаль, з калегамі так здараецца. 

– У асабістым плане ў мяне таксама ўсё добра, я ўсё паспела: ёсць муж, 2 дзяцей, – дадае яна. – Спадзяюся, што і далей жыццё будзе паспяхова складацца, а я буду дапамагаць людзям – бо мне гэта падабаецца.

На Астравеччыне Анастасія Крывец за 7 гадоў, што жыве і працуе тут, лічы, стала мясцовай. 

– Нас ніколі не вабілі вялікія гарады. Нам цікава спакойнае жыццё, – прызнаецца Анастасія. – Тым больш, тут створаны камфортныя ўмовы: новыя дзіцячыя садкі і школы, спартыўныя і фізкультурна-аздараўленчыя аб’екты, іншае. Ды і да Мінска недалёка.
Текст:
Фото: Светлана Фёдорова