«Равеснікі маладой Беларусі»: Алёна Ігнацік знайшла справу жыцця на роднай Астравеччыне

09:21 / 17.09.2022
Загадчык Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці №1 Алёна Ігнацік адначасова дзякуе лёсу і выпадковасці за тое, што жыве і працуе на роднай Астравеччыне.

– Я нарадзілася ў Альхоўцы, жыла і вучылася ў Міхалішках. І, напэўна, як і ўсе, з дзяцінства не аднойчы мяняла мару пра будучую прафесію. Спачатку хацела стаць ветэрынарам, потым – настаўнікам пачатковых класаў, а пазней увогуле не разумела, да чаго душа ляжыць, – расказвае Алёна Анатольеўна. – Пасля школы я паступіла на спецыяльнасць «экскурсавод-турагент» у індустрыяльна-педагагічны каледж у Мінску. Скончыўшы яго, планавала працаваць па атрыманай прафесіі. Але, пакуль адпачывала дома, сустрэлася са школьнай сяброўкай, якая вучылася ў БДПУ імя Максіма Танка на факультэце дашкольнай адукацыі на выхавацеля. Яна з такім захапленнем расказала мне пра вучобу і будучую прафесію, што зацікавіла. Я параілася з бацькамі, тата з мамай падтрымалі мяне ў тым, што вышэйшая адукацыя дае больш магчымасцей, каб знайсці сябе ў жыцці, – у выніку паступіла ў БДПУ.

Пасля заканчэння вну дзяўчыну размеркавалі выхавацелем у Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці №1 Астраўца. Ужо праз паўтара гады маладому спецыялісту прапанавалі стаць намеснікам загадчыка па асноўнай дзейнасці. Алёна згадзілася, таму што любіць новае – ад гэтага жыццё цікавейшае, лічыць яна.

Пакуль знаходзілася ў адпачынку па доглядзе дзіцяці, працавала выхавацелем-метадыстам. А як выйшла на сваё месца, праз год зноў адбыліся перамены: кіраўнік цэнтра пакінула ўстанову і на пасаду запрасілі Алёну Ігнацік.

– Ці страшна было? Так. Бо гэта вялікая адказнасць за дзяцей, педагогаў. Калектыў садка – 62 чалавекі разам са мной, гэта шмат. А калі яшчэ больш за 200 выхаванцаў і на кожнага па 2 бацькоў… Даводзіцца аддаваць усю сябе і нават асабісты час на тое, каб усе былі задаволены, – прызнаецца загадчык. 

У рабоце Алёне Анатольеўне дапамагаюць мэтанакіраванасць,  працавітасць, адказнасць, а таксама справядлівасць і дабрыня. А яе галоўны прынцып у адносінах з падначаленымі – па-людску ставіцца да ўсіх. 

На прафесійным шляху астраўчанка ўвесь час вучыцца, удасканальвае рысы характару. Так, працуючы выхавацелем, яна стала больш цярплівай; намеснікам – практычнай, каб арыентавацца ў розных сферах і граматна арганізаваць навучальны працэс; загадчыкам – набыла дзелавыя якасці і навучылася строгасці. 

– У педагогі я пайшла выпадкова. Але гэта выпадковасць стала справай майго жыцця, якая, спадзяюся, такой і застанецца. Не хачу мяняць ні прафесію, ні сферу дзейнасці, – гаворыць Алёна Ігнацік. – І я вельмі рада, што вярнулася на радзіму, хоць  пасля вучобы думала застацца ў Мінску. Але на Астравеччыне мой дом, бацькі, сястра. Тут я пазнаёмілася з мужам, у нас нарадзілася дачка.  Мая сям’я – маё галоўнае хобі, якому прысвячаю свой вольны час. І мне камфортна жыць і працаваць на роднай зямлі. 



Текст:
Фото: Светлана Фёдорова