Астраўчане разважаюць: 31 год – узрост маладосці ці сталасці

13:00 / 15.09.2022

У жыхароў Астравеччыны карэспандэнт пацікавіўся: 31 год – гэта ўзрост маладосці ці сталасці?


Марыя Васілёнак, пенсіянерка:

– Гэты ўзрост – росквіт маладосці, пераходная ступень да сталасці. У 31-гадовага чалавека ўжо ёсць пэўны жыццёвы вопыт. Да гэтага часу, лічу, асоба ўжо цалкам сфарміравалася, як і перакананні, каштоўнасці, погляды. У 31 год я мела досыць адказную працу ў аддзеле адукацыі, гадавала сына…

Мне здаецца, любы ўзрост па-свойму цудоўны і асаблівы. Галоўнае, не тое, колькі чалавеку гадоў, а колькі добрых, няхай нават і маленькіх, спраў ён зрабіў. 


Вольга Анімуцкая, сакратар прыёмнай:

– Складанае пытанне, трэба падумаць – сёлета мне якраз споўніўся 31 год. Гэта ўзрост усвядомленасці. Параўноваючы сябе цяпер і гадоў 10 назад, не магу сказаць, што значна змянілася. Напэўна, пачала больш спакойна ўспрымаць розныя жыццёвыя сітуацыі. У мяне сфарміраваліся сістэма каштоўнасцей і светапогляд: я сачу за сабой, вяду здаровы лад жыцця. Па вялікім рахунку, істотна не тое, колькі гадоў чалавеку, а які ён: як ставіцца да людзей, як сябе паводзіць у грамадстве. Ніколі не разумела тых, хто хавае свае гады. Мне 31 – і я атрымліваю задавальненне ад жыцця. Многае, пра што марыла, спраўдзілася, шмат задум ёсць і на будучыню.



Яніна Занева, пенсіянерка:

– 31 год – гэта адначасова маладосць і сталасць. Узгадваю сябе ў тым узросце – і не верыцца, што гэта было так даўно! Была замужам, гадавалі сыночка. Пасля распаду Савецкага Саюза вярнуліся з Вільнюса ў Астравец. Так у штодзённых клопатах жыццё і праляцела. Кажуць, што чалавек – каваль свайго шчасця. А я лічу, што ад лёсу не ўцячэш. 


Алег Палынскі, рабочы (без фота):

– Кажуць, што на 31 прыпадае крызіс сярэдняга ўзросту. На сабе не адчуў. (Усміхаецца.) Ды і няма часу на пустыя думкі і перажыванні – трэба грошы зарабляць. З жонкай гадуем дваіх дзяцей: дачка-падлетак ужо хоча модна апранацца, заказала на дзень нараджэння новы, не з танных, тэлефон. Выплачваем крэдыт, які бралі на добраўпарадкаванне дома… Трэба круціцца як вавёрка ў коле! Таму адназначна на ваша пытанне і не адкажу.


Текст: