На старце сяўбы збожжавых – аграрыі КСУП “Гервяты”

14:42 / 08.09.2022
У апошнія гады ў раёне робяць стаўку на азімыя культуры – яны лепш родзяць за яравыя. Найбольшыя плошчы пад збожжавыя сёлета адвялі ў КСУП «Гервяты» – 2 900 гектараў.

За стартам пасяўной кампаніі ў гэтай гаспадарцы паназіраў карэспандэнт. 

Зазначу, у КСУП «Гервяты» – найболь­шыя сярод гаспадарак раёна плошчы вырошчвання не толькі збожжа, але і рапсу. Насенне крыжакветкавага ўжо прыгорнута ў глебу на адной тысячы гектараў, што складае каля трэці раённых плошчаў. Свірэпіцу – 130 гектараў – «гервятцы» таксама пасеялі. У бліжэйшых планах аграрыяў сяўба збожжавых: 1 680 гектараў трыцікале, 1 000 – пшаніцы, 330 – жыта і 20 – ячмень. 

Ля аграгарадка Дайлідкі глебу пад сяўбу трыцікале рыхтавалі два энерганасычаныя агрэгаты ў счэпцы з плугам і культыватарам. 

– Самі бачыце, як пыліць: вельмі патрэбны дажджы. У апошнія гады клімат змяніўся: часта супадаюць тэрміны асноўных сельгаскампаній. Пад сяўбу трэба зрабіць шмат тэхналагічных працэсаў: ворыва, культывацыя, унясенне мінеральных угнаенняў. На подсту­пах і на­рых­тоўка сіласу, – заўважыў адзін з самых вопытных механізатараў гаспадаркі, шматразовы прызёр раённага жніўнага спаборніцтва Іосіф Масевіч. – Глебу культывую першы дзень, пра масавую сяўбу пакуль гаварыць не выпадае. 

За ворыва глебы ў КСУП «Гервяты» адказваюць вопытныя механізатары: неаднаразовы пераможца раённага конкурсу «Лепшы араты» Анджэй Ясевіч і штогадовы лідар працоўнага спаборніцтва райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу на вясенне-палявых работах Андрэй Махонька. 

– Глеба настолькі сухая, што месцамі выкідвае плугі на паверхню. Трактар цяжка ідзе, даводзіцца дастаткова часта замяняць долаты плуга, – расказаў Адрэй Махонька, які з ворывам, як і з культывацыяй, нягледзячы на ўсе цяжкасці, спраўляецца на «выдатна». 

Адзін з самых вопытных сейбітаў раёна Эдуард Мі­лэйша прыгортваў у глебу жыта. 

– Найлепш у раёне гэтая культура родзіць у нас. Сёлета на круг жыта дало пад 68 цэнтнераў. У чым сакрэт урад­жай­насці? У агранома трэба цікавіцца, – гаворыць Эдуард Мілэйша. – У гаспадарцы пакуль сею адзін. Норма расходу: 60 кілаграмаў насення на гектар. Думаю, неўзабаве далучацца механізатары на іншых пасяўных агрэгатах.


Эдуард Мілэйша, сяўба

Андрэй Махонька, ворыва

Іосіф Масевіч, культывацыя




Текст:
Фото: Алёна Ганулич