Курсант БГУ Роман Дремо рассказал о службе и выбранной профессии
15:14 / 05.09.2022
А хлопец марыў пра пагоны. І вось ён ужо курсант 2-га курса ваеннага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Пра абраную прафесію і вучобу-службу расказаў карэспандэнту малады чалавек.

Адзін факультэт – 6 спецыяльнасцей
– У нас рыхтуюць спецыялістаў па накірунках: хімія, правазнаўства, геаінфармацыйныя сістэмы, міжнародныя адносіны ў ваеннай сферы, міжнародныя адносіны ў інфармацыйнай сферы, прыкладная крыптаграфія.
Я выбраў хімію – радыяцыйная, хімічная і біялагічная абарона. У мяне будзе здвоеная прафесія: спецыяліст па кіраванні і хімік-эколаг – ваенная і грамадзянская спецыяльнасці. Лічу такі выбар удалым спалучэннем маіх жаданняў: хацеў быць ваенным і вывучаць хімію – і вось я на шляху да здзяйснення мары, а на пагонах у мяне красуецца літара «К» – гэта значыць, курсант. (Усміхаецца.)
Заняткі праходзяць на базе двух факультэтаў: на ваенным – толькі для курсантаў і навучэнцаў ваеннай кафедры, а на хімічным займаемся ў групе разам з іншымі студэнтамі. З першага курса праходзім летнюю практыку ў вайсковых часцях. Маё аддзяленне (хімікі) было ў 8-м Варшаўскім ордэна Чырвонай Зоркі палку радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай абароны, што ў Старых Дарогах. Заняткі ў часці мне спадабаліся больш за аўдыторныя: кожны дзень на палігоне, дзе тэорыя тут жа станавілася практыкай.
Прысяга ў 17 гадоў
– Залічэнне на ваенны факультэт адбываецца раней, чым на іншыя, бо ў пачатку жніўня будучыя курсанты павінны прыбыць да месца вучобы – яна пачынаецца з курса маладога байца, нешта кшталту дапрызыўнай падрыхтоўкі: страявая, вывучэнне статута, здача нарматываў, спартыўныя мерапрыемствы, заняткі на палігоне.
Гэта, напэўна, самы час, калі ты можаш не проста яшчэ раз падумаць, ці тое табе трэба, а яшчэ і праверыць сябе на трываласць: змагу-не змагу. Я, хоць і не прывык рана ўставаць і даваць сабе фізічныя нагрузкі, не пакутаваў у плане рэжыму.
Тое, што выхад у горад абмежаваны, таксама не «напружвала» – можа, таму, што ўяўляў больш «жорсткую» рэальнасць. (Смяецца.) А вось жывых стасункаў з блізкімі не хапала – зразумеў, наколькі яны каштоўныя.
Пасля месяца КМБ 28 жніўня 2021 года я прыняў ваенную прысягу – гаварыў на беларускай мове! Было вельмі хвалююча: шмат людзей сабралася ў такім знакавым месцы – на Кургане Славы. На тэрміновую службу прызываюць з 18 гадоў, а я прысягнуў на вернасць Радзіме і беларускаму народу ў 17.

– Гэта адказна. Некаторыя казалі, маўляў, гэта ж, абмежаванні – ты з тваім характарам не вытрываеш. Памыляюцца тыя, хто думае, што ваенная вну – нешта жудаснае. Так, гэта асаблівы ўклад жыцця, а яшчэ дысцыпліна і парадак. Але кожны чалавек жыве, вучыцца, працуе, прытрымліваючыся нейкіх вызначаных правілаў, – словам, трымае сябе ў межах.
Што тычыцца службы – ёсць цудоўнае слова «статут». У ім усё дакладна прапісана, вывучыў – і дзейнічай згодна з ім.
Мы сумяшчаем вучобу са службай, прычым першыя 2 гады яна тэрміновая.
Да слова, жывём мы ў адным інтэрнаце з іншымі студэнтамі БДУ, толькі на асобных паверхах.
Ранак пачынаецца...
– …У 6 гадзін з каманды днявальнага «Батальён, пад’ём!» І закруцілася: пастраенне, зарадка, ранішні туалет, агляд знешняга выгляду, сняданак, заняткі, абед, самападрыхтоўка па вучэбных прадметах, спартыўна-масавая работа, вячэра, вольны час, пастраенне… і ў 22 гадзіны адбой – дзень насычаны. І калі не хапіла часу падрыхтавацца да вучобы, то сядзіш і займаешся. Да слова, прагульшчыкаў заняткаў у нас апрыёры быць не можа і сталоўку не абмінём (заўважу: кормяць нас смачна!) – усё пад кантролем. (Усміхаецца.)
Як па мне, строга вызначаны распарадак дня дысцыплінуе і вучыць расстаўляць прыярытэты.
Ёсць у нас і культурная «падпітка»: ходзім у тэатры, музеі, на канцэрты, выставы, гарадскія святы…
– Шасцігадовы стрыечны брат не ўпусціць моманту, каб прымерыць маю форму, – у яго аж дух захоплівае. У нас нават сямейная смяшынка на гэты конт ёсць: «Рычард, здымі Ромаву фуражку – у цябе ж уся галава ўспацела!» – «Няхай пацее!» Хто ведае, можа, ён таксама абярэ прафесіяй Радзіму абараняць, – заканчвае размову Раман.