Чаму можна навучыцца ў Вячаслава Адахоўскага

09:29 / 05.09.2022
626
Ёсць людзі, кожная сустрэча з якімі – падпітка жыццёвай мудрасцю, энергіяй, аптымізмам. Адным з такіх для мяне даўно, з першага інтэрв’ю, стаў Вячаслаў Адахоўскі.

Знаёмства

…Я, новаспечаны загадчык сель­гасаддзела «Астравецкай праў­ды», прыехала ў калгас «Ра­дзіма» з самага ранку: нехта падказаў, што Адахоўскага можна застаць у кабінеце толькі ў першую гадзіну працоўнага дня, потым не зной­дзеш і не вылавіш. Старшыню я перахапіла літаральна на парозе – і ён не хаваў свайго раздражнення, маўляў, варта на дзесяць хвілін затрымацца, абавязкова нехта з раёна… (ну так, вы, як і я тады, правільна закончылі недагавораную фразу). «Не атрымаецца інтэрв’ю!» – роспачна думала я, назіраючы, як са словамі «Ну што там у вас? Толькі давайце хутчэй, у мяне зусім няма часу…» старшыня шпурнуў на крэсла ўжо на­дзеты было картуз.

…Прагаварылі мы тады амаль гадзіну. Не пра ўраджайнасць, надоі і прывагі – лічбы было каму паведаміць і акрамя кіраўніка. Пра тое, як развівацца сельскай гаспадарцы ў час развалу і  безуладдзя – на двары стаяў пачатак 90-х; ці можа стаць паратункам прыватная ўласнасць на зямлю; якія стратэгічныя памылкі, на погляд Адахоўскага, былі дапушчаны падчас калектывізацыі… Пасля той размовы – інтэрв’ю, да слова сказаць, перадрукавала «Гродзенская праўда», і гэта быў першы выпадак у маёй журналісцкай практыцы – я зразумела, што Вячаслаў Іосіфавіч не проста разумны кіраўнік, талковы спецыяліст, а па-сапраўднаму мудры чалавек. 

З таго часу, хоць мы ніколі не былі блізкімі сябрамі, свае погляды на жыццё старалася ўзгадніць з яго думкамі, радуючыся, калі яны супадалі, і праводзячы пераацэнку каштоўнасцей – ці правільныя рабіла высновы з відавочных, здавалася б, фактаў? – калі Адахоўскі думаў інакш, чым я.


Вячаслаў Адахоўскі – справа каля снапа, злева – галоўны аграном калгаса «Радзіма» Віктар Сільвановіч, за спінай механізатараў – сакратар партарганізацыі Ядвіга Трышына

«Не крыўдзі, сынок, людзей»

– Адахоўскі – адзін з нямногіх кіраўнікоў, якому ўдалося за сваю кар’еру паспяхова і эфектыўна кіраваць дзвюмя гаспадаркамі: калгасамі «Чырвоная Зара» і «Радзіма». Апошні, калі да яго далучылі калгас імя Леніна, быў самым вялікім па плошчы ў Астра­вецкім раёне, – узгадвае былы начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віталь Бандарык. 

Да слова: былы намеснік стар­шыні калгаса Анатоль Чуб­рык расказваў, што «пасаг» гэты Вячаслаў Іосіфавіч прымаў неахвотна: у «Радзіме» ўжо ўсё было наладжана, калгас увайшоў у лік лепшых не толькі ў раёне, але і вобласці, неаднаразова ста­навіўся ўдзельнікам выстаўкі дасягненняў народнай гаспадаркі ў Маскве,  сфарміраваны калектывы, людзі атрымлівалі прыстойную зарплату. А ў Чэхах – ні кадраў, ні дарог, ні матэрыяльнай базы… Адахоўскі не хаваў свайго засмучэння – а сакратар райкама партыі толькі пасмяяўся: «Ну што ты так расстроіўся? Мы ж не адбіраем – даём!»

…А пачыналася ўсё ў далёкім 1969 годзе, калі малады аграном Адахоўскі, выпускнік Навагрудскага сельскагаспадарчага тэхнікума, прыехаў у астравецкі калгас «Маладая гвардыя», якім на той час кіраваў ужо досыць вопытны Мечыслаў Валуевіч. 

Праз нейкі час праведаць сына прыехаў са Смаргонскага раёна бацька. Калі малады спецыяліст павазіў патомнага селяніна на службовым транспарце – мата­цык­ле – па палях і вёсках, па­дзяліўся планамі і задумкамі, бацька, развітваючыся, сказаў:

– Хочаш ты таго, сын, ці не, але бачу я: рана ці позна быць табе старшынёй. Адно прашу: станеш кіраўніком – не крыўдзі людзей…

Як у ваду глядзеў: у 28 гадоў – лічы, у камсамольскім узросце – прызначылі Адахоўскага старшынёй калгаса «Чырвоная Зара», кіраўнікі там мяняліся добра калі штогод, а то і праз некалькі месяцаў. Вячаслаў Іосіфавіч успамінаў, як у Лошы на справаздачным сходзе падняўся мясцовы балагур і прачытаў цэлую паэму пра ранейшых кіраўнікоў, завяршыўшы яе словамі, што новага старшыню, мусіць, у дзіцячым садку знайшлі – Адахоўскі ніколі не вызначаўся атлетычным целаскладам.

Але з цягам часу заслужыў ён і давер, і любоў мясцовых людзей. І сам палюбіў – і справу сваю, і калгаснікаў, стаў з імі адной сям’ёй.

А калі ў гаспадарцы справы пайшлі на лад, яму зрабілі прапанову, ад якой пры ўсім жаданні немагчыма было адмовіцца – хто б у тыя часы асмеліўся пайсці насуперак райкаму: узначаліць калгас «Радзіма», дзе да таго 21 год працаваў старшынёй франтавік Андрэй Галагаеў.

– Сяджу ў прэзідыуме, назіраю за людзьмі ў зале: мужчыны галовы апусцілі, жанчыны слёз не хаваюць… І думаю: што я павінен зрабіць, каб да мяне адносіліся так, як да Галагаева? – шмат гадоў пасля ўзгадваў той пераломны момант жыцця Адахоўскі.

Два каты ў адным мяшку

Многія маладыя кіраўнікі пачынаюць узыходжанне па кар’ернай лесвіцы з таго, што імкнуцца ўсяляк прынізіць, паменшыць ці нават перакрэсліць зробленае папярэднікам, саманадзейна спа­дзеючыся, што на гэтым фоне іх дасягненні будуць выглядаць больш важкімі і значнымі. Марная справа!
Адахоўскі, узначаліўшы праў­лен­не «Радзімы», не толькі пакі­нуў Галагаева ў яго складзе і падабраў ветэрану пасаду па сілах і магчымасцях – усяляк імкнуўся выкарыстаць нерастрачаны патэнцыял папярэдніка.

– Задумаю нешта зрабіць – паса­джу ў машыну Андрэя Андрэе­віча, правязу, пакажу, раскажу, спытаю парады, – узгадвае Вячас­лаў Іосіфавіч. – Здаралася, ён ухва­ліць мае планы, часам не адоб­рыць, бывала, падкажа новы накі­рунак. Я калі паслухаюся, калі па-свой­му зраблю. Галагаеў не крыў­дзіўся, казаў: ты кіраўнік, табе вырашаць… І калі нешта не атрым­лівалася, не гаварыў: а я ж табе казаў… Але шмат яго слушных парад я выкарыстаў, многіх памылак пазбегнуў дзякуючы яго падказкам – за гэта і сёння яму вельмі ўдзячны.

У былога і новага кіраўніка да апошніх дзён жыцця Галагаева засталіся не проста прыязныя, а шчырыя сяброўскія адносіны. Анд­рэй Андрэевіч любіў паўтараць:

– Кажуць, што два каты ў адным мяшку не ўсядзяць – але гэта не пра нас з Адахоўскім! 

Дваццаць адзін…

Галагаеў 21 год узначальваў «Ра­дзіму». Дзіўна і нават сім­ва­лічна: Адахоўскі – столькі ж. Так, ён, у адрозненне ад свайго папя­рэдніка, прыйшоў не на пустое месца, не на голыя стрэхі, з якіх у зімовую бяскорміцу садралі салому, каб накарміць жывёлу. Але і тое праўда, што атрыманае не змарнаваў, а палепшыў і прым­ножыў.

– Вячаслаў Іосіфавіч абнавіў тэхніку, вывеў на новы ўзровень насенную гаспадарку, завёз паро­дзістых кароў з Ленін­град­скай вобласці, – расказвае Анатоль Чубрык. – У той час пабу­давалі ме­ха­нічныя майстэрні, лепшы ў раёне Дом культуры з праў­леннем калгаса, дзіцячы садок, участковую бальніцу, шмат жылля. Будынак старога млына пераабсталявалі ў дом сямейных урачыстасцей. 150 кіламетраў унутрыгаспадарчых дарог звязалі ўсе населеныя пункты калгаса, фермы і палеткі. Дастаткова сказаць, што ў калгасе ў той час працавала ажно 12 будаўнічых брыгад! Дарэчы, інжынеры, якія пачыналі працоўны шлях у «Радзіме» – Валерый Кокаш, Мар’ян Ган, – сталі затым паспяховымі кіраўнікамі буйных будаўнічых арганізацый. 

Адзін толькі прыклад: вёску Керэлі, дзе была невялікая ферма, ад асноўнай тэрыторыі калгаса аддзяляла рэчка Ашмянка. Кожны год калгасныя будаўнікі ўзводзілі мост, каб у жыхароў вёскі была сувязь «з вялікай зямлёй»,  – і кожную вясну ледаход зносіў яго. Урэшце Адахоўскі дамовіўся з камандаваннем Гродзенскага сапёрнага палка, яго байцы правялі вучэнне – і ўзвялі надзейную пераправу, якая вось ужо 30 гадоў служыць людзям. І такіх прыкладаў можна прыводзіць шмат.

Валерый Кокаш, ужо з’яўляю­чыся дэпутатам Палаты прадстаў­ні­коў Нацыянальнага сходу Рэс­­пуб­­­лікі Беларусь, у адным з ін­тэр­в’ю раённай газеце гаварыў: 

– Працуючы з Вячаславам Іосі­фа­вічам Адахоўскім, па-жыццё­ваму мудрым чалавекам, я зра­зу­меў, што такое кіраўнік, што значыць – адказваць за даручаную табе справу і за людзей. Яго ўрокі шмат дапамаглі, калі я сам стаў на чале працоўнага калектыву. Пры­знаюся шчыра: не дасягнуў бы ў жыцці таго, што маю, калі б не меў такога настаўніка.

– Адахоўскі – наватар! – да­паў­­няе Віталь Бандарык. – Разам са спе­цыя­лістамі ён укараняў у вы­­т­ворчасць усе навінкі, якія з’яў­лялі­ся ў земляробстве і жывё­лагадоўлі. У «Радзіме» стаў праца­ваць першы ў раёне камбі­кор­мавы цэх. Зразумеўшы, што прадаваць сыра­віну не так выгад­на, як гатовую прадукцыю, тут за­пусцілі мукамольную лінію і мяса­перапрацоўчы цэх па вырабе тушонкі.

Да слова: гервяцкая тушонка з першай яе партыі і да сённяшняга з’яўляецца адным з найбольш вядомых брэндаў Астравеччыны, лепшым сувенірам і гасцінцам для далёкіх гасцей, асабліва замежных.  

З людзьмі – па-людску  

– Вячаслаў Іосіфавіч умеў працаваць з кадрамі, – расказвае Анатоль Чубрык. – На фермах, у паляводчых брыгадах падабраліся моцныя дружныя калектывы. А кагорце спецыялістаў і кіраўнікоў сярэдняга звяна «Радзімы» мог бы пазайздросціць любы кіраўнік: галоўны заатэхнік Слава Насу­та, галоўны аграном Віктар Сіль­ва­но­віч, галоўны бухгалтар Ядвіга Сце­фановіч, сакратар парт­арга­нізацыі Ядвіга Трышына, інжы­неры Валянцін Кулеўскі і Ва­лян­цін Гуль­біновіч, механік Франц Рэміс, бры­гадзіры  Тарэса Койра і Генаэ­фа Чайкоўская – кожны з іх і многія іншыя былі граматнымі тэхнолагамі і ініцыя­тыўнымі арга­нізатарамі.

Уменне Адахоўскага працаваць з людзьмі адзначае і тагачасны кіраўнік сельскагаспадарчай галіны раёна Віталь Бандарык:

– Вячаслаў Іосіфавіч – дыпламат і псіхолаг, ён умеў без нерваў і крыку, спакойна і тактоўна настроіць спецыялістаў на эфектыўную работу. З вялікай павагай ставіўся да радавых працаўнікоў. Да яго часта звярталіся з жыццёвымі пытаннямі – і старшыня заўсёды дапамагаў. 

Дадам ад сябе: мудра дапама­гаў! Калі ў Гальчунах пасяліліся мае бацькі, чарнобыльскія перасяленцы, мама, ачомаўшыся ад цяжкай хваробы, стала марыць пра карову: без яе не адчувала сябе паўнацэннай гаспадыняй на падвор’і. А за што купіць яе пенсіянерам? Пайшлі за парадай і дапамогай да старшыні калгаса. Адахоўскі, разважыўшы, прапанаваў прымальнае для ўсіх выйсце:

– Бярыце першацёлку, што ідуць на выбракоўку пасля раздою. Нам трэба каровы, які даюць у першай лактацыі не менш за 10 літ­раў малака, а вам жа і 8 хопіць, праўда? А разлічыцеся малаком: будзеце здаваць у калгас не менш трох літраў у дзень, пакуль не выплаціце ўсю суму.

Бацькі былі ўдзячны старшыні ўсё жыццё! Мама, пакуль магла, штогод брала дзялку буракоў, «прыпахваючы» для іх апрацоўкі не толькі мяне з дзецьмі, але і нашых сяброў; бацька кожнае лета абкошваў пасевы і абочыны дарог. «Да нас – з дабром, то мы што ж, не дапаможам калгасу?» – такім быў іх традыцыйны адказ на слабыя спробы нагадаць пра ўзрост і здароўе.

«Сыходзіць трэба своечасова»

І вось на хвалі паспяховасці і ўсеагульнай павагі, калі прыціхлі нават традыцыйныя «пісарчукі-добразычліўцы», якія, як гаварыў некалі з усмешкай Вячаслаў Іосіфавіч, заўсёды трымалі яго ў тонусе, не дазвалялі расслабіцца, Адахоўскі, як толькі надышоў пенсійны ўзрост, пакінуў пасаду старшыні калгаса.  

На недаўменнае:  «Чаму?» – адказаў, як заўсёды, мудра:

– Сыходзіць трэба своечасова – і ні ў якім разе не спазніцца. Калі, вядома, табе дорага тое, чым ты займаўся, памяць, якую пасля сябе пакінеш. Я лічу, што пакінуў пасля сябе добрую памяць, мне не сорамна сустракацца з людзьмі і глядзець ім у вочы. А калі б папрацаваў старшынёй калгаса яшчэ гадоў дзесяць – усё магло б  быць інакш. Усё мяняецца – і час, і людзі. Прыйшлі новыя кіраўнікі са сваім светапоглядам, патрабаваннямі, якія не заўсёды адпавядалі маім. Трэба было альбо ламаць сябе, альбо плыць супраць цячэння – і тое, і другое мне не падыходзіла. 

Яшчэ пяць гадоў Адахоўскі пра­цаваў старшынёй сельскага Савета – за гэты час, як сам прызнаецца, ад калгаса адвык, а да новай пасады так і не прывык, зразумеў, што не яго гэта. І з чыстым сумленнем і спакойнай душой пайшоў на заслужаны адпачынак. Заняўся пчалярствам, да якога раней не даходзілі рукі. З пчоламі, якія, на думку гаспадара, не менш разумныя істоты за чалавека, ён адпачывае, у іх вучыцца. 

Ды і іншых клопатаў на вясковым падвор’і хапае. Ім з вернай спадарожніцай жыцця Чаславай Генрыхаўнай, з якой яны пражылі разам больш за паўстагоддзя, выгадавалі траіх дзяцей, дача­каліся ўнукаў і спадзяюцца яшчэ пацешыцца з праўнукаў, заўсёды ёсць чым заняцца.

А юбілеі, якія час ад часу неспадзявана нагадваюць пра сябе, – усяго толькі нагода ўспомніць былое, пагартаць фотаальбомы, сабрацца з роднымі і сябрамі. 

І пачуць словы, на якія ў паўсядзённай мітусні звычайна не хапае то часу, то нагоды, то смеласці іх сказаць: «дзякуй», «люб­лю», «шаную»… 



Текст: Нина Рыбик
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений