Што чытаюць жыхары Астравеччыны
11:41 / 03.09.2022
Запрашаем нашых чытачоў далучацца да размовы і пакідаць свае каментарыі ў групах «Астравецкай праўды» ў сацыяльных сетках ці дасылаць меркаванні ў рэдакцыю.
Пытанні
1. Творы каго з беларускіх аўтараў вам найбольш падабаюцца?
2. Якую кнігу можаце перачытваць бясконца?
3. Які твор беларускіх пісьменнікаў прачыталі апошнім? Спадабаўся ці не? І чаму?
4. Якую думку, выказванне, цытату любімага аўтара вы маглі б узяць за жыццёвы дэвіз?
5. Калі б вы вырашылі напісаць кнігу, пра што яна была б?
Алена Мажэйка, выкладчык беларускай мовы і літаратуры:
1. Мне здаецца, беларускую літаратуру не любіць немагчыма. Чытаць кнігі на роднай мове – сапраўдная асалода. Асаблівае задавальненне атрымліваю ад вершаў пра каханне. «Ты пакліч мяне, пазаві…» Яўгеніі Янішчыц – любімы паэтычны твор. Творчасць гэтай паэткі запала мне ў душу яшчэ ў школьныя гады.
Вядома ж, вельмі люблю вершы свайго бацькі Рычарда Бялячыца – яны захапляюць патрыятызмам, любоўю да роднай зямлі, да бацькоў, сваёй вёскі, кожны з іх прымушае задумацца над сэнсам жыцця.
А з празаікаў найбольш цаню Уладзіміра Караткевіча – яго можна чытаць і перачытваць бясконца. Кожны твор – асаблівы, кожны герой – запамінальны.
2. Настаўнік беларускай мовы і літаратуры кожны год перачытвае творы, што ўключаны ў школьную праграму. Дзіўна, але кожны раз успрымаеш герояў і сюжэт па-іншаму. Чаму так? Пытанне, напэўна, рытарычнае…
Часта перачытваю творы Васіля Быкава – кранаюць да глыбіні душы.
3. Апошняе, што прачытала, – кніга Ніны Рыбік «Праз гады і газетныя старонкі», якая нядаўна выйшла з друку. Нібы прагулялася па вуліцах старога Астраўца: з задавальненнем узгадвала знаёмыя імёны, адкрывала для сябе цудоўных людзей, якія працавалі ў «Астравецкай праўдзе». Упэўнена, што гэтая кніга патрэбна не толькі «раёнцы», яна – сапраўдная скарбніца гісторыі Астравеччыны.
4. У беларускіх пісьменнікаў шмат трапных і мудрых выказванняў. Але, напэўна, вызначу словы Якуба Коласа: «Сэнс жыцця нашага – бесперапынны рух». Вялікія словы на вялікай мове!
5. О, напісаць кнігу – справа цяжкая і адказная, для мяне, мусіць, непад’ёмная. На ўроках беларускай літаратуры я часта давала дзецям творчае заданне: прадоўжыць сказ, твор, напісаць казку... Тыя, хто адказна падыходзіў да яго выканання, «пацелі» доўга – нялёгкая гэта справа.
Калі ўсё ж вырашыла б напісаць кнігу, то, напэўна, расказала б пра таленавітага і цікавага чалавека – майго бацьку.
Маргарыта Памецька, вучаніца 9 класа Спондаўскай СШ:
1. Мне падабаюцца творы Уладзіміра Караткевіча.2. Я не люблю вяртацца да кнігі некалькі разоў. Але, напэўна, з не меншым задавальненнем, чым у першы раз, перачытала б «Дзікае паляванне караля Стаха» Караткевіча.
3. Апошняя беларуская кніга, якую я чытала, – «Людзі на балоце» Івана Мележа, мы праходзілі гэты твор у школе. Мне спадабаўся псіхалагізм, з якім раскрываюцца характары герояў, дасканаласць аўтара ў адлюстраванні іх унутранага свету і тое, што нават у другарадных персанажаў ёсць свае сюжэтныя лініі і іх развіццё.
4. Безумоўна, такія фразы, выказванні ёсць у кожным творы, – але я іх не памятаю. На жаль…
5. Напэўна, гэта была б гісторыя жыцця людзей, іх узаемаадносін, перыпетый лёсаў.
Таццяна Гірдзей, загадчык Астравецкай дзіцячай бібліятэкі:
1. Мне больш падабаецца проза – творы Уладзіміра Караткевіча, Івана Шамякіна, Івана Мележа. З сучасных аўтараў люблю Андрэя Федарэнку. Раней вельмі любіла Васіля Быкава, але цяпер мне цяжка яго чытаць. Увогуле апошнім часам стараюся не браць у рукі кнігі пра вайну, не глядзець фільмы – вельмі балюча.З-за спецыфікі сваёй работы шмат чытаю дзіцячай літаратуры – падабаецца, як піша Кацярына Хадасевіч-Лісавая, Алена Масла.
Калі ўсё ж узгадаць паэзію, то мне бліжэй вершы Міхаіла Пазнякова, Анатоля Зэкава.
2. У дзяцінстве вельмі любіла Міхаіла Герчыка, да аповесці «Аддаеш назаўжды» вярталася некалькі разоў. Памятаю, прыкрыла кніжку падручнікам фізікі – і чытаю. Там момант такі кранальны, расплакалася… Мама заходзіць: «Ты чаму гэта над фізікай плачаш?». Шмат разоў перачытвала «Расці, Ганька!» Алены Васілевіч.
Цяпер люблю вяртацца да Караткевіча, найбольш падабаюцца «Чорны замак Альшанскі», «Дзікае паляванне караля Стаха».
3. Апошняе, што чытала, – зборнік аповесцяў і апавяданняў Уладзіміра Ліпскага «Усе мы – радня». Вельмі спадабалася. Напэўна, кожнаму трэба ведаць свой радавод, продкаў, іх жыццё.
4. Нават не прыгадаю нейкай асаблівай цытаты, якая стала б дэвізам па жыцці.
5. Калі рашылася б напісаць кнігу, то, напэўна, гэта былі б успаміны пра дзяцінства: бацькоў, сяброў, падзеі, што адбываліся ў той час, розныя гісторыі… Ужо згаданы Уладзімір Ліпскі напісаў кнігу «Сонца над галавой», якая пабудавана ў форме лістоў да ўнука. У ёй пісьменнік расказвае пра сваю радзіму, вёску, дарагіх людзей. Мне здаецца, што падобную кнігу павінен напісаць кожны – калі не для шырокага кола чытачоў, то хоць бы для сваіх дзяцей і ўнукаў.
Андрэй Памецька, вартаўнік Спондаўскай СШ:
1. Мне вельмі падабаецца Васіль Быкаў. Гэта пісьменнік з глыбокай жыццёвай псіхалогіяй. Не ведаю, ці змог бы я гэтак жа, як сёння, чытаць і разумець Быкава 25 гадоў назад, але цяпер ён для мяне – пісьменнік №1. Напэўна, я ўжо дарос да яго... Яшчэ люблю творы Івана Шамякіна.
2. Увогуле я не чытаю кнігу некалькі разоў – шкада часу, хочацца даведацца нешта новае. Перачытваю толькі ў тым выпадку, калі вельмі спадабалася ў першы раз, а з цягам часу прызабылася. Памятаю, мяне аж трэсла і пяты круціла ад цікаўнасці, калі чытаў «Дзікае паляванне караля Стаха» Уладзіміра Караткевіча. Прайшлі гады. Памятаў, што кніга вельмі ўзрушыла, але сюжэт амаль забыў. Перачытаў. Было цікава – але пяты ўжо не круціла.
3. Апошняе, што я чытаў, – апавяданне Янкі Брыля Memento mori. Не зусім зразумеў сэнс назвы. Затым пачаў чытаць яго раман «Птушкі і гнёзды» – і не асіліў. Зразумеў, што гэта не мой аўтар.
4. Думаю, што з кожнай прачытанай кнігі чалавек павінен нешта ўзяць для сябе. Гадоў 25 назад у мяне быў агульны сшытак з чырвонай вокладкай, куды я выпісваў словы і выразы, якія найбольш спадабаліся. Але хутка зразумеў, што не магу прачытаць тое, што запісаў, і перастаў гэтым займацца. Цяпер, са з’яўленнем новых тэхналогій, цытату можна перадрукаваць альбо сфатаграфаваць, і я паціхеньку зноў спрабую занатоўваць.
5. Калі б я быў пісьменнікам, то напісаў бы, хутчэй за ўсё, нешта вясёлае і смешнае: гумар, на маю думку, дапамагае жыць і рухацца наперад.
Запісала Ніна АЛЯКСЕЕВА.