Хор ветэранаў працы «Вясёлка» ў Падольцах

09:36 / 17.08.2022
Першую гастрольную паездку  пасля  доўгага вымушанага перапынку, звязанага з ковіднай сітуацыяй, здзейсніў  хор ветэранаў працы «Вясёлка» – у абноўленым складзе, з новым кіраўніком і рэпертуарам.  

Аб’ектам сваёй увагі харыс­ты выбралі дом сумеснага пражывання адзінокіх людзей сталага ўзросту. Яны таксама ветэраны – доўгія гады шчыравалі ў сельскай гаспадарцы, іншых галінах эканомікі і выйшлі на заслужаны адпачынак.  Па волі лёсу многія дажываюць свой век адны, без родных і блізкіх. Таму і сабраў іх ва ўтульным цёплым доме Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Варта сказаць, людзі не пакінуты без увагі. Да іх часта  наведваюцца  госці, на гэты раз – самадзейныя артысты.

Сцэнай для выступлення стала ўтульная пляцоўка пад  дзвюма высокімі  елкамі, раскідзістыя кроны якіх давалі цень і прыемную прахалоду.

Хор выканаў некалькі  музычных твораў – патрыятычных, лірычных, вясёлых, а папуры з песень маладосці  спявалі ра­зам з Васілём Карпяцом усе прысутныя. Тут жа адбыўся сольны дэбют Святланы Чарняўскай – вельмі  цёпла, пяшчотна прагучала ў яе выкананні песня  «Мамін старэнькі дом».  Цудоўны вальс уласнага сачынення падарыла слухачам Людміла Кухарэвіч, і яны не ўседзелі на зручных лавачках – закружыліся ў танцы.  Задзірыстыя прыпеўкі Ірыны Тумко і дасціпная байка Наталлі Зубенка таксама знайшлі водгук у людскіх сэрцах. Вядучая канцэрта Данута Чарнушэвіч умела накіроўвала   творчы запал у строй­нае рэчышча.

А потым  сумесны карагод  аб’яднаў гасцей і гаспадароў.

Напрыканцы артысты ўру­чылі ўдзячным слухачам салодкія пачастункі і невя­ліч­кую біблія­тэчку кніг.

Гэтую цудоўную паездку арга­нізаваў і прадаставіў транспарт сектар культуры на чале з  кіраў­ніком Вольгай Баяровіч, а маладыя спецыялісты метадычнага аддзела цэнтра культуры і народнай творчасці Наталля Тамашэўская і Таццяна Ганец былі добрымі апякункамі і памочніцамі артыстаў.
Развітваліся з пачуццём узаемнай удзячнасці.



Текст: