Да Дня будаўніка: астраўчане, якія будуць свой горад

11:43 / 14.08.2022
Сярод будаўнікоў, якія шчыруюць на шматлікіх аб’ектах Астраўца, нямала прыезджых – ашмянцаў, смаргонцаў, гро­дзен­цаў. Так, яны працуюць хутка і якасна – як і належыць сапраўдным прафесіяналам. Аднак, упэўнена,  з двайным стараннем заліваюць бетон, кладуць плітку, тынкуюць і пракладваюць камунікацыі мясцовыя – таму што Астравец для іх родны горад, а значыць апрыёры павінен быць самым прыгожым і самым лепшым.

Віктар Пешкур, зваршчык:

– Для мяне гэты шматкватэрны дом – другі ў спісе будаваных мной. І ў будаўніцтве аўтавакзала я ўдзельнічаў.

На зваршчыка вучыўся яшчэ ў 90-я гады ў Варнянскім вучэбна-вытворчым камбінаце. Тады там шмат  спецыяльнасцей прапаноўвалі асвоіць, а я захацеў менавіта «варыць» –  і не абмяркоўвалася! (Смяецца.)

Атрымаў «корачкі» – і пайшоў працаваць у міжгаспадарчую перасоўную механізаваную калону – МПМК-158. Двойчы прыходзіў – агульны стаж там 16 гадоў. Паміж гэтым чатыры гады будаваў масты. Пакуль ездзілі па Гродзенскай вобласці, працаваў, а як пачаліся камандзіроўкі па ўсёй краіне, звольніўся.
Калі арганізацыя стала развальвацца, пайшоў на атамную – там быў 5 гадоў. Затым перайшоў у Гроднапрамбудатам, у мінулым годзе адтуль усіх перавялі ў будаўнічае ўпраўленне №210. 

Калі «варыць» няма чаго, дапамагаю іншым. Гэта ж будоўля – тут і смецце прыбраць рукі патрэбны. Так цэлы дзень у працы і праходзіць.

Тут, на шматпавярхоўцы, маю работу вы ўжо не ўбачыце: уся «зварка» схаваная. Хутка будзем ставіць парэнчы – я на зварцы. 

Працую электразваркай – газавая даўно «выйшла з моды», а парэзаць нешта дапамагае балгарка. 

Мне падабаецца будаваць. Даўно зразумеў, што цэглу класці – не маё, а вось «варыць» – самае тое. Цікава! 

Па праўдзе кажучы, ужо задумваюся пра пенсію – узрост падыходзіць. Але пакуль толькі задумваюся – хто ведае, можа, у момант Х вырашу яшчэ папрацаваць на карысць радзімы і горада. Здароўе ж дазваляе. 


Сяргей Кандратовіч, дарожны рабочы:

– Спецыфіка маёй работы – дарогі, а таксама добраўпарадкаванне дамоў, тратуараў, пешаходных дарожак. Цяпер працуем каля кінаканцэртнай залы на рэканструкцыі вуліцы Кастрычніцкай – тратуары пліткай выкладваем. 

Колькі я працую ў будаўнічай сферы? О, вельмі даўно! Гадоў з трыццаць. Спачатку, адразу пасля арміі, працаваў у ДЭУ, таксама дарожнікам. Затым быў будаўніком на атамнай станцыі, адкуль быў пераведзены сюды – «на горад». Казала мама: «Вучыся, сынок». (Смяецца.) 

З асноўных работ, што даводзіцца рабіць, – класці тратуарную плітку, дарожнае пакрыццё, рэзаць і ставіць бардзюры. 

Складана? Канешне. Паняцця «лёгка» ў будаўнікоў няма. Тут задзейнічаны ўсе мышцы, якія ў спартыўнай зале ніколі не «накачаеш». Чалавек з трэнажоркі на нашым месцы праз некалькі гадзін «здуецца». Увогуле будаўнік павінен быць моцным, трывалым і мець добрае здароўе.

Круглы год на свежым паветры. Аднак любімага сезона ў мяне няма: зімой холадна, летам спякотна, вясной і восенню часта дажджыць. Сёлетняе лета нядрэннае, асабліва апошнія дні, але таксама з месяц трыццатка на тэрмометры была – у такіх умовах працаваць цяжка. Ад сонца стамляешся больш чым ад фізічнай нагрузкі. Зімой работы менш, аднак без справы не сядзім: пясок, напрыклад, сыпаць  можна пры любых «мінусах». А гэтай зімой цеплатрасу пракладвалі. 

І ў адпачынак іду зімой, калі марозы прыціскаюць. 

У сям’і я адзін будаўнік, сыны выбралі іншыя прафесійныя сцежкі: адзін інжынер-механік, другі ў гэтым годзе скончыў машынабудаўнічы факультэт. Я ім, як мне маці калісьці, таксама казаў: «Вучыцеся, дзеткі!» Паслухалі бацьку. (Смяецца.) Яны ў мяне малайцы!

Дзмітрый Астрамецкі, бетоншчык:

– На будаўніцтве Астраўца я з 2012-га. Пачынаў з новай бальніцы. Потым былі шматкватэрны дом, мост у Каменцы, кінатэатр. Удзельнічаў, хоць і няшмат, ва ўзвядзенні «Імпульса», цяпер вось шлюз на Кастрычніцкай аднаўляю. Так што прыклаў рукі амаль да ўсяго, што ўзводзілася ў горадзе. 
  
Пасля школы пачынаў з дарожнага будаўніцтва. Потым працаваў на прыватніка, але хутка, адвучыўшыся на бетоншчыка, вярнуўся ў будоўлю.

 Работа ў мяне не з лёгкіх. Хоць лапатай бетон ужо даўно ніхто не месіць, аднак бываюць такія месцы і такія задачы, што без яе – аніяк. У асноўным жа, зразумела, працуюць міксер і кран. Да гэтага яшчэ дабаўце «званочак» і вібратар – вось абсталяванне, з якім я працую.

Маю работу да сезоннай не аднясеш: працую і зімой, і летам. Зімой толькі ў электрыкаў работы больш – на абагрэве. Па сучасных тэхналогіях  бетон можна заліваць нават пры мінусавых тэмпературах. Работа «замірае», толькі калі слупок тэрмометра паказвае вялікі «мінус». 

Ніколі не лічыў, колькі кубоў бетону «пералапаціў» за гады працы: здараецца, што за дзень больш за сотню  заліваеш. А напачатку будаўніцтва атамнай станцыі калегі апрацоўвалі да 1 000 кубаметраў! Міксеры ішлі суткамі…

Аднак не гэта паказчык прадуктыўнай работы. У падвал бальніцы за змену «ўваходзіў» усяго нейкі дзясятак кубоў – але даваліся яны вельмі цяжка. 
З якой думкай заканчваю працоўны дзень? Часцей за ўсё стамляешся так, што і думак не застаецца... Такая ўжо ў нас работа. У прадаўцоў звычайна баляць ногі, у бухгалтараў – галава. Мусіць, ёсць свае «балячкі» і ў журналістаў. У будаўнікоў жа баліць усё: рукі, спіна, ногі. (Смяецца.) Але я ўпэўнены, што наша справа патрэбна людзям – і ад гэтага лягчэй. Нядаўна ў Астраўцы пабываў сябар майго дзяцінства. Высадзілі яго ў новым мікрараёне –  і ён разгубіўся, не пазнаў – настолькі змяніўся наш горад, «аброс» новымі дамамі, дарогамі і іншымі аб’ектамі. І ўсё гэта дзякуючы ў першую чаргу будаўнікам. А колькі будынкаў адрамантавана! Неяк праглядваў здымкі роднай СШ№1 – якая яна калісьці была, а якая цяпер стала. Не пазнаць!




Подписывайтесь на «Островецкую правду» в телеграм по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

И присоединяйтесь к нашему сообществу в viber  https://vk.cc/c3yHGs – будьте всегда в курсе свежих новостей из жизни Островца и Островецкого района.


Подписывайтесь на телеграм-канал «Северный вектор Гродненщины» по короткой ссылке https://t.me/severvg.

Самые интересные новости Островецкого, Ошмянского и Сморгонского районов.


Текст:
Фото: Ольга Хотянович