Як выконваюцца патрабаванні аховы працы ў КСУП “Міхалішкі”, высвятляла мабільная група

11:27 / 09.08.2022
На Гродзеншчыне працягваецца месячнік бяспечнай працы на ўборцы збожжавых і зернебабовых. Падчас уборачнай кампаніі правяраючыя наведваюць рамонтныя майстэрні, зернесушыльныя комплексы, вытворчыя раслінаводчыя ўчасткі, зернятокі, каб не толькі праверыць выкананне правілаў бяспекі, але і падказаць, што трэба выправіць. 

Мабільная група, у склад якой  увайшлі спецыялісты раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, дзяржэнергагазнагляду, упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва, напрыканцы мінулага тыдня наведала КСУП «Міхалішкі». 

Асаблівую ўвагу правяраючыя надалі правя­дзенню інструктажоў па ахове працы і пажарнай бяспецы з работнікамі. Іх цікавілі ўмовы працы, захаванне механізатарамі патрабаванняў тэхнікі бяспекі падчас рамонту, забяспечанасць першаснымі сродкамі пажаратушэння, бяспечнае правядзенне работ на зернесушыльных комплексах.

Быў выяўлены шэраг недахопаў. На механічных майстэрнях у Міхалішках выкарыстоўвалі кувалды з металічнымі ручкамі; пры рамонце велікагрузнага аўтамабіля – драўляная калодка, а не так званыя казялкі; ёмістасць для смецця перапоўнена – усё гэта забаронена. Былі выяўлены і іншыя парушэнні. 

Кампетэнтна 

Святлана Шатохіна, начальнік Смаргонскага міжраённага аддзела дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі аховы працы:

– Лета – гарачая пара не толькі для аграрыяў, але і для органаў нагляду, якія адказваюць за бяспеку падчас уборачнай кампаніі. Пытанне аховы працы прыярытэтнае. Пры Астравецкім райвыканкаме створана мабільная група, якая на працягу месяца наведвае сельскагаспадарчыя прадпрыемствы. Мы праводзім праверкі зернесушыльных комплексаў, механічных майстэрань, гутарым з механізатарамі і вадзіцелямі, каб высветліць, ці апавядаюць умовы працы патрабаванням заканадаўства. Галоўная мэта – не столькі выявіць парушэнні, колькі аказаць метадычную дапамогу спецыялістам, паказаць адказным за ахову працы ўпушчэнні, каб яны былі выпраўлены. Хачу адзначыць, што гэта робіцца  даволі хутка. Найбольш распаўсюджанае парушэнне, характэрнае для многіх гаспадарак: работнікі працуюць без спецадзення і абутку, нават калі яны выдадзены.








Текст:
Фото: Алёна Ганулич