Якім было надвор’е 9-16 жніўня на Астравеччыне

11:00 / 09.08.2022
Чэрвень вабіў нас свежай зелянінай і птушыным рознагалоссем, ліпень радаваў вока яркімі фарбамі лугоў і кветнікаў, а жнівень частуе рознай смакатой. Нездарма кажуць, што пасля Іллі і лянівы наесца. А руплівы гаспадар і на зіму прыпасаў нарыхтуе. Якім ні было б лета, цёплым ці халодным, усё ж калі не адно, то другое ўродзіць абавязкова.

Зрэшты, пра надвор’е. Сёлета яно камфортнае: хапае і цяпла, і вільгаці. А якім было ў іншыя гады – можна даведацца з запісаў Стэфана Рамэйкі і Станіслава Памецькі.

Падобным на сёлетні, не вельмі спякотны, з тэмпературай +210С - +250С, з перыядычнымі дажджамі і навальніцамі быў гэты перыяд найчасцей: у 1989, 1990, 1993, 1994, 1995, 1998, 1999, 2000, 2003, 2004, 2006, 2011, 2013 гадах.

А ў 1991, 2005, 2012, 2016 гадах трэці тыдзень жніўня выдаўся досыць халодным, у межах +200С.

«З-за дажджоў атавы не накасіў», – зазначыў Стэфан Рамэйка ў 1998 годзе. А ў 2003-м 9 жніўня ён пазначыў: «Мусіць, хопіць ужо атавы. Трэба салому вазіць».

У 1992, 2002, 2005, 2007, 2010, 2015, 2017, 2018, 2019 гадах у жніўні было горача, дзённая тэмпература падымалася да +300С і вышэй. «Вельмі жарка, усё гарыць», – запісаў у дзённіку надвор’я Стэфан Рамэйка.

Народныя прыкметы

14 жніўня праваслаўныя вернікі адзначаюць першы, мядовы, Спас, ці Макавей. Дождж у гэты дзень абяцаў грыбную восень, засуха – пажары. 

У народзе казалі: «Ад першага Спаса – халодныя росы», «Першы Спас – провады лета».



Паводле запісаў Стэфана Рамэйкі і Станіслава Памецькі падрыхтавала Ніна РЫБІК.



Фото: Нина Рыбик