“Уратуйце сабаку!” – просіць жыхарка Кямелішак
10:22 / 09.08.2022
– Я, можа, не зусім па адрасе, – выбачаючыся, пачала жанчына. – Але, можа, вы падкажаце: ці ёсць у Астраўцы якая-небудзь арганізацыя, што клапоціцца пра жывёл?
Аказалася, што жыхарка Кямелішак хоча ўратаваць сабаку. Пасля таго як памёр гаспадар, былы яго гадаванец аказаўся нікому непатрэбным.
– Сабаку хочуць усыпіць, а мне так шкода яго! Харошы, малады, прыгожы, разумны. Каманды выконвае, паслухмяны. Пароды не ведаю, не разбіраюся ў гэтым. Але якая розніца, пародзісты ён ці не? Жывая ж душа, божае стварэнне...
Пакуль што Ірэна Станіславаўна ўзяла апеку над асірацелым сабакам: корміць яго, прыглядвае. Той аддзячвае жанчыне, якую прызнаў за гаспадыню, бескарыслівай і безумоўнай, на якую здольны толькі жывёлы, любоўю.
– На жаль, я не магу ўзяць яго дахаты, – гаворыць жанчына. – Жыву ў кватэры, побач суседзі. Ды і ўзрост ужо немалады – як-ніяк 83 гады… Але, можа, хто з чытачоў маёй любімай газеты, якую выпісваю ўсё жыццё, пашкадуе жывёліну, уратуе ад смерці ці ад бадзялага жыцця? Упэўнена – той, хто рашыцца, не пашкадуе: больш адданага сябра знайсці цяжка.
Дык ці ёсць сярод амаль 4-тысячнай арміі падпісчыкаў «Астравецкай праўды» і 20 тысяч тых, хто чытае яе ў інтэрнэце, нехта, каму неабыякавы лёс сабакі, які застаўся без гаспадара? Адгукніцеся!
Ірэне Масойць можна патэлефанаваць па нумары 33-1-53, у рэдакцыю – 73-3-64.