Гібель на вадзе, пажарную бяспеку і сацыяльную дапамогу абмеркавалі на сельскім сходзе ў Гервятах

16:51 / 28.07.2022

Тэмы, якія абмяркоўвалі на сельскім сходзе ў Гервятах, не новыя: папярэджанне пажараў і бяспечныя паводзіны на вадзе, дапамога адзінокім людзям пажылога ўзросту. Пра гэта гавораць і пішуць часта, у тым ліку і наша газета. Тым не менш, няшчасных выпадкаў не меншае.

Начальнік Астравецкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Віталь Рыбак акцэнтаваў увагу прысутных на трох момантах: гібелі людзей на вадзе, пажарах і заблуканнях у лесе. Ён прывёў сумную статыстыку: за гэты год на Астравеччыне патанула 4 чалавек і здарылася 12 пажараў, на якіх загінуў 1 чалавек.

– На рыбалцы і пры купанні на вас павінны быць выратавальныя камізэлькі. Ні ў якім разе не заходзьце ў ваду ў стане алкагольнага ап’янення. Не пакідайце ні на хвіліну без нагляду дзяцей, – нагадаў прысутным асноўныя правілы паводзінаў на вадзе Віталь Канстанцінавіч. – Практычна кожны тыдзень мы шукаем у лесе заблукаўшых людзей. Ідучы ў грыбы ці па ягады, папярэдзьце блізкіх, куды вы накіроўваецеся, вазьміце з сабой зараджаны мабільны тэлефон і ваду. Калі нехта з вашых блізкіх знік у лесе – неадкладна біце трывогу: чым хутчэй пачнуцца пошукі, тым больш шансаў на станоўчы зыход гісторыі.

Таксама начальнік РАНС параіў звярнуць увагу на стан пячнога ацяплення: дымаходы, люхты трэба ачысціць ад сажы, дымаход пабяліць, перад печкай прымацаваць бляху памерам 50 на 70 сантыметраў.

Загадчык аддзялення першаснага прыёму, аналізу, інфармацыі і прагназавання Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Яніна Панасюк расказала пра дапамогу, якую атрымалі людзі льготных катэгорый, што пражываюць у Гервяцкім сельсавеце.

– У нас на ўліку знаходзіцца 79 чалавек, з іх 15 адзінокіх, 20 – інваліды 1-2 груп. Дапамогу ім аказваюць 19 сацыяльных работнікаў, – паведаміла Яніна Панасюк. – Са сродкаў мясцовага бюджэту, прадугледжаных на рэалізацыю дзяржаўнай праграмы аб сацыяльнай абароне і садзейнічанні занятасці насельніцтва, у гэтым годзе выдзелена 9 500 рублёў. Устаноўлены пажарны апавяшчальнік жыхарцы вёскі Баяры, адрамантавана электраправодка ў жыхара Гялюн і печ у жыхара Баяроў.

Загадчык аддзялення нагадала, што людзі і сем’і з сярэднедушавым даходам ніжэй пражытачнага мінімуму могуць атрымаць штомесячную ці аднаразовую грашовую дапамогу, харчаванне для дзіця ці да двухгадовага ўзросту і дапамогу на кампенсацыю сродкаў за падгузнікі.

Пра работу сельскага Савета расказаў яго старшыня Руслан Сачко.

– Нядаўна ў Рымдзюнах патануў чалавек. Мы ставім інфармацыйныя таблічкі “Купацца забаронена”, але людзі ўсё роўна ідуць да вады. Яны не паедуць з Рымдзюн ці Гервят на Янаўскае вадасховішча, – выказаў сваё меркаванне Руслан Мікалаевіч. – Праблему з адключэннем некалькіх домаўладанняў ад электрычнасці сёлета вырашылі. Не забываем і пра клопаты пажылых людзей. Хоць клапаціцца пра састарэлых бацькоў павіны не мы, не спецыялісты тэрытарыяльнага цэнтра, а ў першую чаргу іх дзеці.

ЛІЧБЫ І ФАКТЫ

На тэрыторыі Гервяцкага сельскага Савета жыве 409 пенсіянераў, з якіх 293 – адзінока пражываючыя і 33 – адзінокія. Асоб, старэйшых за 80 гадоў, – 106. У 36 шматдзетных сем’ях выхоўваецца 119 дзяцей.





Текст:
Фото: Алёна Ганулич