Працяг тэмы: што ўразіла журналістаў «АП» ў Навагрудку і Райцы
10:56 / 23.07.2022
Я ж, узгадваючы былыя ўражанні пры наведванні ўжо знаёмых храмаў і паселішчаў і складваючы ў скарбонку душы пацеркі новых, штораз лавіла сябе на думцы аб ролі асобы ў развіцці чаго б там ні было. У чарговы раз пераканалася: можна прымаць колькі заўгодна правільных рашэнняў і пастаноў, але пакуль не з’явіцца чалавек, у якога будуць гарэць вочы, – справа ў лепшым выпадку будзе ісці як мокрае гарыць. І наадварот: калі такія людзі з’яўляюцца, знаходзяцца сродкі, магчымасці, аднадумцы. І ўрэшце – нешта асаблівае, самае-самае, на што прыязджаюць падзівіцца зблізку і здалёк і чым ганарацца ў тым ліку і тыя, хто перш не верыў у поспех.
Навагрудак: гісторыя самага неверагоднага ўратавання
У Навагрудку шмат месцаў, дзе варта пабываць. Але гэты музей неверагодны! Пакінуць яго без душэўнага болю можа толькі чалавек, у якога няма сэрца. І гэта пры тым, што ў стварэнне яго экспазіцыі, якая з’яўляецца часткай Навагрудскага краязнаўчага музея, не ўкладзена ні рубля бюджэтных сродкаў: усё адноўлена, зроблена, пабудавана, пасаджана, абуладкавана на сродкі прыватных асоб.
Музей яўрэйскага супраціўлення – помнік сіле духу і празе жыцця людзей, якім наканавана было загінуць, бо ў нацысцкай Германіі не было месца для. Тых, каго не забівалі адразу, чакалі ў лепшым выпадку гета, у горшым – лагеры смерці.
У Навагрудку да вайны было 6 тысяч яўрэяў. Іх і тых, хто жыў у наваколлі, сагналі ў гета – тры халодныя баракі ў былых панскіх стайнях. Пасля некалькіх «акцый» – так фашысты называлі масавыя расстрэлы, падчас якіх забілі па прыблізных падліках каля 10 тысяч яўрэяў – там засталося 350 «шчасліўчыкаў»: майстроў, якія ўмелі нешта рабіць лепш за іншых. Яны разумелі, што залатыя рукі і светлыя галовы толькі часова адцягнулі іх смерць. І, не столькі спадзеючыся на поспех, колькі ратуючыся ад безвыходнасці, узяліся рабіць падкоп, каб уцячы з гета.
Пра гэта трэба пісаць кнігі і здымаць кіно!
…Пра тое, як на працягу чатырох месяцаў галодныя, знясіленыя цяжкай працай людзі капалі тунэль з-пад нараў свайго барака за агароджу тэрыторыі гета – 250 метраў. Як зямлю спачатку засыпалі пад нары, потым – на гарышча стайні, пасля выносілі ў прышытах знутры спадніц і штаноў кішэнях і высыпалі ў калодзеж. Як умельцы зрабілі непрыкметную для аховы вентыляцыю і – вы можаце такое ўявіць? – электрычнае асвятленне. Як тайная жараб’ёўка вызначала, хто за кім, у якім парадку ў вызначаную ноч спусціцца ў тунэль – і ніхто не ведаў, калі яго чарга, першым ён пойдзе ці апошнім. Як шчасліўчыкі вылазілі з-пад зямлі пад раскаты грому і зіхаценне бліскавіц – і шалелі ад шчасця. Як ахоўнікі выкрылі масавы пабег і адкрылі страляніну: дзясяткі тых, хто ўжо паверыў, што ратунак – вось ён, побач, загінулі за паўкрока ад свабоды. Як тыя 125, што ўратаваліся, прабіраліся да Бельскага – у адзіны ў Еўропе яўрэйскі партызанскі атрад, дзе галоўнай задачай ставілі ратаванне людзей.

Сцяна памяці
І пра тое, як склаўся лёс уцекачоў, якія пабывалі ў абдымках смерці – і выслізнулі з іх.
…Пра 14-гадовага хлопчыка Ідаля Когана, які за год да масавага пабегу ўцёк з няволі, але праваліўся пад лёд, абмарозіў ногі – і вярнуўся ў гета: яўрэй-дантыст без анэстэзіі і абязбольвання шчыпцамі адламваў хлапчуку пальцы, калі пачалася гангрэна. А потым Бог даў яму другі шанс – ён выбраўся праз тунэль на волю і пазней стаў вядомым у Велікабрытаніі бізнесменам.
…Пра Раю Кушнер, якая была ініцыятарам і арганізатарам пабегу. Яе сын Чарльз неаднаразова прыязджаў у Навагрудак, фінансаваў стварэнне музея, за яго сродкі пабудавана сцяна памяці, дзе ўвекавечаны імёны вязняў гета. А праз шмат гадоў – наколькі цесны свет і непрадказальныя падзеі ў ім! – унук Раі Кушнер стаў зяцем 45-га прэзідэнта ЗША Дональда Трампа.
…Пра дзяўчынку Міхлю Сасноўскую, якая ў дзень яўрэйскага свята Пурым у касцюме матылька выйшла з гета на вуліцу, а «добрыя людзі» падказалі акупантам, што яўрэйскае дзяўчо разгульвае беспакарана. І не стала дзяўчынкі-матылька... Вобраз Міхлі ўвекавечаны ў помніку, які прафінансаваў згаданы раней Сяргей Коваль, стваральнік музея ў Літоўцы.
Пра…
О, у гэтым фільме было б шмат серый! Кожнае імя на сцяне плачу – гэта лёс, варты самага таленавітага пяра і кінакамеры.
Самае неверагоднае, што пра яўрэйскае супраціўленне ў Навагрудку вельмі доўга нічога не ведалі.
У 1991 годзе ў музей зайшоў госць, які прадставіўся Джэкам Коганам і сказаў, што прыехаў з Лондана, а дзяцінства яго прайшло ў Навагрудку. Уважліва агледзеў экспазіцыю, а затым спытаў, ці ёсць тут матэрыялы па яўрэйскім супраціўленні – і тым самым паставіў у тупік дасведчаных краязнаўцаў.
Са знаёмства з Джэкам, у дзяцінстве яўрэйскім хлопчыкам Ідалем, і далейшага зацікаўленага супрацоўніцтва мясцовых краязнаўцаў і людзей, якія цудам уратаваліся ад смерці, пачалося стварэнне асобнай экспазіцыі краязнаўчага музея, прысвечанай яўрэйскаму супраціўленню.
Яна адкрылася ў 2007 годзе. У 2014-м тут пасадзілі сад справядлівасці і міласэрнасці ў гонар мясцовых жыхароў, якія, рызыкуючы жыццём і сваімі блізкімі, ратавалі яўрэяў ад смерці. У 2017-м устаноўлены помнік дзяўчынцы-матыльку Міхлі Сасноўскай, ў 2019-м узведзена сцяна памяці.
І ўсе гэтыя падзеі – аргументы для пацвярджэння тэорыі пра вызначальную ролю асобы ў гісторыі…

Райца: самая незвычайная сядзіба
Вёска Райца Карэліцкага раёна з незвычайнай, узнесенай, здаецца, да самага неба царквой Святой Варвары пабудовы 1817 года, першапачаткова не была ўключана ў экскурсійны маршрут. Але наведванне храма, а затым – сядзібнага дома Раецкіх, што схаваўся ў гушчыні парку, стала той «вішанькай на торце», якая зрабіла паездку і ўражанні ад яе незабыўнымі.
…Аўтобус збочыў з шашы, з-за засені дрэў раптам паказаўся вялікі сядзібны дом з белымі калонамі – і ўзнікла адчуванне, што мы перанесліся на стагоддзе назад.
Старадаўні англійскі парк з унікальным, адзіным у Беларусі васьмітычынкавым каштанам… Круглы стол на верандзе і просты да замілавання букет… Трэшчынкі на дзвярах, аконных рамах, сценах, якія ніколькі не псуюць выгляд дома – як маршчынкі толькі дадаюць шарму пастарэлай прыгажуні… І гаспадыня ў доўгай льняной сукенцы, уласнаручна вязанай накідцы, з гладка зачасанымі пасівелымі валасамі – такая простая і велічная, мудрая і таленавітая…
Майстар саломапляцення Вера Салдатава, работы якой захоўваюцца ў Нацыянальным музеі гісторыі культуры Беларусі, а таксама ў музеях і прыватных калекцыях ЗША, Велікабрытаніі, Расіі, саламяны зубр якой быў падораны прэзідэнту Венесуэлы Уга Чавесу, а капялюшык – Хілары Клінтан. Разам з мужам, мастаком-іканапісцам Аляксандрам, даўно збеглі з Мінска «ў глуш, на хутар». А ў 2009 годзе выкупілі сядзібны дом, дзе вырасла не адно пакаленне Раецкіх, які памятае крокі Марылі Верашчакі і прызнанні закаханага ў яе Адама Міцкевіча.
Дому ў адрозненне ад многіх яго равеснікаў пашанцавала: сядзібу не зруйнавалі, не расцягнулі па цаглінках: у савецкія часы тут была бальніца, пазней – амбулаторыя. А цяпер вось яе адраджэннем заняліся Салдатавы. Яны мараць зрабіць тут музей. І ўжо пачалі: адна з залаў абсталявана пад выставачную. Тут можна палюбавацца работамі Веры і Аляксандра: іконамі ў саламяных акладах, велічным зубрам, незвычайнымі «павукамі», вянчальнымі каронамі, расшытымі саламянай ніткай – яе ўласнаручна прала гаспадыня з вырашчанага Салдатавымі жыта, і іншымі творамі мастацтва.
У гэтым доме Салдатавы жывуць, працуюць, прымаюць наведвальнікаў – народная сцежка сюды пратаптаная, мы былі далёка не першымі, і трэба спадзявацца, не апошнімі гасцямі. І паціху, наколькі хапае сіл і сродкаў, рамантуюць яго – дзякаваць богу, не так, як часам рэстаўруюць старажытныя замкі, без гіпсакардону і металачарапіцы, імкнучыся захаваць ці вярнуць першапачатковы выгляд.
Я веру – усё ў іх атрымаецца, з Божай і людской дапамогай!
Навагрудак, Уселюб, Лаўрышава, Літоўка, Райца – усяго толькі некалькі яркіх, арыгінальных пацерак у каралях летніх вандровак і ўражанняў. Каб было што перабіраць і чым грэцца доўгімі зімовымі вечарамі…



Салому Вера Салдатава сама вырошчвае і нарыхтоўвае

Вянчальная карона, вышытая саламянай ніткай
