Спаборніцтва касцоў, каза за 5 рублёў – чым яшчэ прывабліваў “Рытанскі фэст”?

10:00 / 19.07.2022
601

Гэтай традыцыі ўжо не адно дзесяцігоддзе. Некалі дырэктар саўгаса “Рытанскі” Мікалай Севасцьян разам з сакратаром партарганізацыі Іванам Свірыдам вырашылі на тонкай мяжы паміж заканчэннем касавіцы і пачаткам жніва зрабіць свята, каб падзякаваць людзям за працу і зладзіць для іх свята перад напружанай кампаніяй. Невядома, хто, калі і чаму назваў яго “Рытанскім фэстам” – але назва прыжылася. З цягам часу свята стала традыцыйным. Цяпер справу папярэднікаў падхапіў, разнастаіў, надаў ёй другое жыццё аддзел культуры і вольнага часу аграгарадка Рытань і яго дырэктар Аляксандр Юргелянец. Сёлета, праўда, непагадзь пагражала калі не адмяніць свята, то істотна яго сапсаваць – але, што называецца, не на тых нарвалася! Адзінае, што прымусіла зрабіць, – перанесці святкаванне са спецыяльна абуладкаванай пляцоўкі на ўзлеску ў памяшканне Дома культуры.

Лавілася рыбка…

“Совы” яшчэ толькі “церабілі вочкі”, а ўдзельнікі конкурсу на самага ўдачлівага рыбака ўжо займалі месцы на ставе ў адпаведнасці з жараб’ёўкай.

Надвор’е рыбацкаму шчасцю не спрыяла: ноччу ішоў моцны дождж, з самага ранку неба было зацягнута хмарамі. Але аматары лову ўпарта чакалі паклёўкі, мяняючы прынады і спакушаючы падводных жыхароў разнастайнымі падкормкамі. Урэшце рэшт удача ўсміхнулася – хоць і не ўсім. Самым удачлівым рыбаком стаў Дзмітрый Трыбоцкі. Але без прызоў не застаўся ніхто з удзельнікаў конкурсу.

Зрэшты, пашанцавала ў той дзень не толькі рыбакам, але і злоўленым рыбкам: увесь улоў выпусцілі – хай гадуюцца да наступнага конкурсу.


…І звінелі косы

Традыцыі моцныя тады, калі ў іх кожны раз дадаюць разнастайнасці, своеасаблівую “ізюмінку”. На гэты раз Аляксандр Юргялянец вырашыў правесці конкурс касцоў.

Так, сёння ў Рытані, як і ўвогуле на вёсцы, нячаста можна пачуць звон касы. Але ж не перавяліся яшчэ тыя, хто ўмее трымаць у руках “літоўку”!

Была сярод іх нават жанчына. Ала Крывіцкая расказала, што касіць навучылася ў дзяцінстве: тата часта адпраўляў падкасіць травы кролікам. Ды і Віктар Лапуня, вырасшы на вёсцы, знаёмы з адвечнай сялянскай працай. А Уладзімір Вайцюль узгадаў, што гадоў з 15 таму на “Рытанскім фэсце” праводзіўся падобны конкурс – ён і выйграў яго разам з сынамі.

Але на вёсцы цяпер часцей косяць не “літоўкай”, а трымерамі. Наколькі ўмела, вырашылі праверыць у асобным конкурсе. Удзельнікам прапанавалі “намаляваць” бензакасой сонца каля аднаго з камянёў (з якіх, раскажам па сакрэце, Юргелянец плануе стварыць на пустцы каля Дому культуры своеасаблівую карту раёна з асноўнымі населенымі пунктамі і іх адметнасцямі). За справу ўзяўся ваеннаслужачы пагранічнай заставы “Астравецкая” Валерый Чурпіта: яго сонейка ўразіла дакладнасцю формы і акуратнасцю ліній. А Уладзімір Вайцюль, які і тут адзначыўся, выкасіў трымерам каля каменя, які, па задуме, павінен сімвалізаваць Рытань, не толькі свяціла, але і прызнанне ў любові роднай вёсцы.

І ў гэтых конкурсах таксама прайграўшых не было!

Удача з рожкамі

Была на “Рытанскім фэсце” і бяспройгрышная латарэя. Нават дзве: у адной прапаноўваў пашукаць шчасця аддзел рамёстваў раённага Дома культуры, а ў другой – Рытанскі аддзел культуры і вольнага часу. Шэсцьдзясят латарэйных білетаў, па словах яго дырэктара, разляцеліся, як гарачыя піражкі – і ў дзень свята людзі яшчэ прасілі білецік удачы.

– Прызы ў нас самыя розныя, – расказаў Аляксандр Мечыслававіч. –Усё патрэбныя ў хаце і ў гаспадарцы вяскоўцаў рэчы: вядро, граблі, чай, кава...

Але былі ў латарэі тры супер-прызы: козачкі Белка, Стрэлка і Шустрая. Іх ахвяравалі рытанцы.

– Козачка сёлета прывяла чацвёра казлянят, – расказаў Іосіф Баран, які прывёў на фэст чатырохмесячных Белку і Стрэлку. – Пад нож пускаць шкода – ад добрай, дойнай казы патомства. Хай людзям карысць прынясуць.

А сарамлівую Шуструю прынёс для ўдзелу ў розыгрышы Юрый Андрэеў.

Папаўненне бацькоўскай падсобнай гаспадаркі выйгралі школьнікі Дамініка Бараноўская і Жэня Раван, а таксама Віктар Лапуня, які нібы ведаў, для каго корм нарыхтоўвае ў конкурсе касароў.

А пакуль адбыўся розыгрыш, козачкі, якіх змясцілі ў спецыяльны вальер, паслужылі цікаўным дзецям “кантактным заапаркам”.


Удар, яшчэ удар!

Немагчыма ўявіць “Рытанскі фэст” без спартыўных спаборніцтваў.

У валейболе і міні-футболе сапернічалі каманды пагранічных застаў “Астравецкая” і “Маладзечанская”, пагранічнага паста “Кямелішкі”, зборныя моладзі Кямелішак і Рытані.

У амерыканскім більярдзе ўдзельнікі сапернічалі не адзін з адным, а з часам.

Ахвочыя пагуляць у шашкі ці загрузіць мышцы на вулічных трэнажорах не чакалі і не шукалі перамогі: проста атрымлівалі задавальненне!

Для душы, розуму і… страўніка

Зрэшты, задавальненне ў той дзень маглі атрымаць усе!

Нехта разглядаў экспанаты музейнай экспазіцыі якая, да слова, пашырыла межы і заняла ўжо два крылы фае Дома культуры.

Нехта знаёміўся з даўнейшымі публікацыямі “Астравецкай праўды”, пазнаючы ў маладых перадавіках сябе ці сваіх родных.

Дзеці ператвараліся ў загадкавых істот дзякуючы аквагрыму. Забаўляльную праграму для іх падрыхтавалі работнікі культуры з Астраўца.

Можна было прыдбаць сувенір на памяць, пачаствацца поп-корнам ці апетытным шашлыком.

Кульмінацыяй свята стаў канцэрт, у якім выступілі юныя і дарослыя таленты не толькі з Рытані, але і з Кямелішак, Альхоўкі, Падольцаў і нават мядзельскіх Камаяў. Падчас яго ўзнагародзілі пераможцаў і ўдзельнікаў конкурсаў і спаборніцтваў, а таксама народных майстроў Уладзіміра Вайцюля, Наталлю Пляўга, Дар’ю Кірпа за захаванне традыцый і народнай творчасці рытанскага краю.

А “на закуску” рытанцам і гасцям вёскі прапанавалі дыскатэку, дзе да ночы “адрываліся” ўсе, хто малады душой.

І ніхто, здаецца, не пакінуў у той дзень Дом культуры расчараваным…

З першых вуснаў

Аляксандр Юргелянец, дырэктар аддзела культуры і вольнага часу аграгарадка Рытань:

– Я вельмі ўдзячны ўсім, хто дапамог у арганізацыі і падрыхтоўцы свята: сектарам культуры і фізкультуры і спорту райвыканкама, дырэкцыі саўгаса “Падольскі”, старшыні Рытанскага сельсавета Рыгору Цэйку, камандаванню пагранічных застаў “Астравецкая” і “Маладзечанская”, кіраўніцтву Падольскага і Кямелішкаўскага лясніцтваў, раённаму аддзелу па надзвычайных сітуацыях, усім аднавяскоўцам. Ніхто, да каго звяртаўся за дапамогай ці падтрымкай, не адмовіў. Гэта наша агульнае свята, і зрабілі мы яго разам!

Ганна Грышкевіч, загадчык СДК аграгарадка Будслаў Мядзельскага раёна:

– Аляксандр Юргелянец часта падтрымлівае нашы мерапрыемствы сваімі канцэртнымі нумарамі – і мы з задавальненнем прынялі яго прапанову паўдзельнічаць у “Рытанскім фэсце”. Што прывезлі? Вырабы народных майстроў, песні і, спадзяюся, добры настрой!

Ганна Якубцэвіч, загадчык Рытанскай бібліятэкі:

– Вельмі цешуся, калі бачу, з якім інтарэсам людзі разглядваюць публікацыі мінулых гадоў у раённай газеце. Я не толькі вяду краязнаўчую картатэку, але і захоўваю ў спецыяльнай папцы публікацыі, прысвечаныя нашым землякам, – так рабілі мае папярэднікі з 1986 года, працягваю гэтую справу і я.















Текст: Нина Рыбик
Фото: Нина Рыбик
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений