Якія святы і памятныя даты адзначаюцца 16-22 ліпеня

12:25 / 16.07.2022
СЁЛЕТА АДЗНАЧАЕЦЦА

115 гадоў (1907) з часу, калі ва ўрачыстай працэсіі ў адбудаваны за год да таго гудагайскі касцёл быў перанесены з Ашмян абраз Маці Божай Гудагайскай. Там ён знаходзіўся з 1832 года – часу закрыцця храма ў Гудагаі. Болей цудатворная ікона не пакідала родную святыню.

15 гадоў (2007) з часу каранавання цудадзейнага абраза Маці Божай Гудагайскай залатымі папскімі каронамі.

30 гадоў (1992) з часу, калі ў Гервятах адбылася сустрэча старшынь Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь і Літоўскай Рэспублікі Станіслава Шушкевіча і Вітаў­таса Ландсбергіса. Падчас яе абмяр­коў­валіся пытанні жыцця беларусаў у Літве і літоўцаў – у Беларусі.

400 гадоў (1622) назад сакратар караля Зыгмунта III Вазы Войцех Хлюдзінскі «для сваёй выгады і патрэб падданых» збудаваў у Жалядзях на ўзгорку сярод дубовага гаю для манахаў-кармелітаў, якія пасяліліся тут за год да таго, касцёл. Прывілеем ад 1624 года Хлюдзінскі запісаў у фундуш кармелітам маёнткі Жалядзі, Спонды і Косцевічы (ранейшыя Якубавічы) і невялікія навакольныя засценкі. 

Жалядскі касцёл быў філіялам Свірскага. З часам манахі ўзвялі тут цэлы комплекс будынкаў: плябанію з вялікім склепам з бутавага каменя, гаспадарчыя пабудовы, сажалку, добраўпарадкавалі прыродную крыніцу, заклалі парк, сад, адкрылі школу, шпіталь, багадзельню для нямоглых і старых.

200 гадоў (1822) таму ўтварылася Жалядская парафія. Кармеліты пабудавалі новы, больш прасторны касцёл пад вызнаннем Беззаганнага зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі і Святога Войцеха і мучанікаў. Імя Маці Божай Шкаплернай Жалядскі касцёл атрымаў у 1920 годзе.

Святы і памятныя даты

17 ліпеня 
Дзень металурга

18 ліпеня
Усесаюзны дзень фізкультурніка
Міжнародны дзень Нэльсана Мандэлы

20 ліпеня
Сусветны дзень шахмат
Сусветны дзень торта

Падрыхтавалі  Ніна РЫБІК, Рыта ДРЭМА.