Што робіць шчаслівай начальніка падатковай інспекцыі Алену Пілецкую

10:13 / 10.07.2022
З біблейскіх часоў існавала служба, якую, з аднаго боку, не любяць, бо нікому не хочацца аддаваць свае грошы, а з другога – паважаюць і разумеюць яе неабходнасць, бо частка расходаў грамадства заўсёды фінансуецца з агульнай казны. Размова пра падатковыя органы. 

У нашым раёне інспекцыяй Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Астравецкім раёне кіруе прафесіянал сваёй справы, дэпутат раённага Савета дэпутатаў, прывабная жанчына Алена Генадзьеўна Пілецкая. Напярэдадні прафесійнага свята, якое будзе адзначацца ў нядзелю, журналісты вырашылі  пазнаёміцца бліжэй з пры­гожым начальнікам.

– Раскажыце, як  падаткавікі адзначаюць сваё прафесійнае свята? 


– Звычайна ў абласной інс­пек­цыі напярэдадні прахо­дзіць урачысты сход, у якім прымаюць удзел лепшыя работнікі інс­пекцыі. Начальніка, а калі пашанцуе, то і некага з членаў калек­тыву, якога адзначаюць узна­гародай, запрашаюць на ме­рапрыемствы ў міністэрства. 

І ў інспекцыі знаходзім магчымасць падзякаваць работнікам за працу, адзначыць лепшых – звычайна да гэтага далучаюцца раённы выканаўчы камітэт, раённы Савет дэпутатаў, грамадскія арганізацыі.

– А неафіцыйная частка?

– Пра неафіцыйную частку, думаю, не варта гаварыць у афі­цый­ным інтэрв’ю. (Усмі­хаец­ца.)

– Гэта я да таго, каб паціка­віцца: ці звязвае калектыў нешта акрамя сумеснай работы? Ёсць у вас традыцыі?

– Так, безумоўна. Калектыў інспекцыі хоць і невялікі, 14 чалавек, але дружны. У нас моцныя спартыўныя традыцыі, удзель­нічаем ва ўсіх абласных турыс­тычных злётах. Вераніка Хох уключана ў зборную каманду вобласці па валейболе. Ларыса Чусаўлянкіна паказвае высокія вынікі ў спаборніцтвах па бегу. Алена Дукевіч і Ірына Сташкевіч – нашы кветкаводы, дзякуючы ім з вясны да позняй восені тэрыторыя інспекцыі патанае ў кветках. Людміла Шушко часта пестуе нас выпечкай – кексы і пірагі ў яе прос­та цудоўныя! Алена Заруцкая прафесійна займаецца танцамі. Я вышываю крыжыкам. Так што, як кажуць, не работай адзінай… 

– Наколькі я ведаю, калектыў падатковай інспекцыі даўно стаў для вас родным і пачыналі вы не з крэсла начальніка.

– Так, я прыйшла ў інспекцыю ў 1994 годзе. Калі мець на ўвазе, што створана яна была ў 1990-м, то, можна сказаць, стаяла ля вытокаў. Да таго працавала бухгалтарам у калгасе «Шлях Леніна». Калі выходзіла з дэкрэтнага адпачынку, тут якраз была вакансія, мая адукацыя – бухгалтарскі ўлік, аўдыт і фінансы – падыходзіла, мяне прынялі на работу дзяржаўным падатковым інспектарам. Потым была старшым падатковым інспектарам, галоўным, начальнікам аддзела, намеснікам начальніка інспекцыі – прайшла ўсе прыступкі службовай лесвіцы. І ў 2019 годзе мяне прызначылі начальнікам інспекцыі.

– Тое, што вы, можна сказаць, выраслі ў сваім калектыве, – доб­ра ці дрэнна?

– Адназначна не скажаш. З аднаго боку добра, бо ведаю ўсіх людзей: хто чым дыхае, хто на што здатны. З іншага, – дрэнна, бо да гэтага была адной з усіх і раптам стала кіраўніком, якому трэба заахвочваць ці караць былых паплечнікаў. Спатрэбіўся час і мне, каб прызвычаіцца да новага статусу, і падначаленым, каб успрыняць мяне ў гэтай ролі.

– Які метад – бізун ці пернік – вам больш уласцівы?

– Я больш схільна да аўта­ры­тарнага стылю кіраўніцтва.

– Якімі якасцямі трэба валодаць, каб працаваць у падатковай інспекцыі?

– Першае і галоўнае – пра­фе­сіяналізм. А яшчэ – патрабавальнасць, у першую чаргу да самога сябе. Прынцыповасць. Сумленнасць. Паважлівыя адносіны да плацельшчыкаў падаткаў. Нават калі нехта нечага не ведае ці не разумее, яго трэба выслухаць, пастарацца зразумець і дапамагчы: навучыць, паказаць, як трэба зрабіць. 

– А калі чалавек не хоча вучыцца?

– У маёй практыцы не было тых, каго не змагла б навучыць. Заўсёды з задавальненнем брала практыкантаў, дзялілася ўсім, што ведала і ўмела сама. Да прыкладу, тая ж Таццяна Карповіч. Звяр­нула ўвагу на гэтую дзяўчыну, калі яна была ў нас на практыцы. Пасля заканчэння вучобы Таццяна прыйшла працаваць у мой ад­дзел. Можна казаць, вырасцілі спецыяліста ў сваім калектыве. Ева Стаціна некалі практыкавалася ў нас, цяпер працуе ў Мінску ў аўдытарскай кампаніі. Пералік можна працягваць.

– А вы ў каго вучыліся?

– Прымаў мяне на работу Іосіф Іосіфавіч Свіла, затым дзесяць гадоў працавала пад кіраўніцтвам Аляксандра Аляксандравіча Мароза, потым –  Канстанціна Іосі­фавіча Ромаша. У кожнага з іх нечаму вучылася. Найбольш – у Аляксандра Мароза, пад яго кі­раўніцтвам працаваць было цікава і камфортна.

– Як будуеце адносіны з кліен­­тамі?

– У нас не кліенты, а плацель­шчыкі падаткаў. Самыя розныя: фізічныя і юрыдычныя асобы, ін­ды­відуальныя прад­пры­маль­­нікі. Падаткаабкладанне кож­­нага з іх рэгламентуецца асобнымі пра­віламі, законамі, інст­рукцыямі, з кожным трэба працаваць інды­відуальна. Але выключна ў рамках падатковага зака­надаў­ства. Тут не можа быць сімпатый, антыпатый, сяброўскіх ці роднасных сувязей – усе ўзаема­адносіны рэгулюе Падатковы кодэкс: павінен заплаціць – плаці, і ў належны тэрмін.

Вядома ж, з плацельшчыкамі трэба кантактаваць, падказваць, дапамагаць, пераконваць. Ніхто не хоча аддаваць свае грошы – наша задача, каб плацельшчык падаткаў зрабіў гэта радасна і з усмешкай.

– Ці здараюцца цяжкія сітуа­цыі, калі здаецца: усё прапала, выйсця няма…

– Бывае… Але потым супа­ко­і­шся, пасядзіш, падумаеш, па­ра­ішся – і выйсце, як правіла, зна­ходзіцца.

– Я так разумею, Падатковы кодэкс – гэта ваша прафесійная «біблія». Ці хацелася калі-небудзь нешта ў ёй перапісаць?

– Не мы яго пісалі – не нам і перапісваць… Не так прос­та ўнесці змены ў падатковае зака­надаўства.

Тым не менш, калі бачым не­стыкоўкі, уносім прапановы – і да  іх прыслухоўваюцца. Да прыкладу, калі пачалося будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў нашым раёне, замежныя грама­дзяне, якія працавалі ў расійскіх кампаніях, лічылі, што павінны плаціць падаходны падатак у бюджэт сваёй краіны, а не Рэспублікі Беларусь. Наша інспекцыя ўзняла гэтае пытанне на рэспубліканскім узроўні, яго вывучылі і ўнеслі адпаведныя змены ў падатковае заканадаўства. 

І гэты прыклад не адзінкавы. Здаралася, што для спагнання падаткаў трэба было звяртацца нават у арбітражны суд Расіі, не маючы адпаведнага вопыту і практыкі. Нічога, справіліся. 

– Быў час, калі бюджэт раёна на 70 працэнтаў фарміраваўся з абласной датацыі. Цяпер жа мы не толькі самі жывём за ўласныя грошы, але і вобласці дапамагаем...

– І ў гэтым я бачу вялікую заслугу нашай інспекцыі, бо галоўная задача, якую мы вырашаем штодня, – збіраць падаткі і папаўняць рэспубліканскі і мясцовы бюджэты. Кожны з членаў нашага калектыву ўносіць у яе ажыццяўленне свой пасільны ўклад.

– Што б вы пажадалі членам калектыву напярэдадні прафе­сійнага свята?

– Моцнага здароўя, невычэрпнай энергіі, шчасця, сямейнага дабрабыту, каб здзяйснялася задуманае, жыццё поўнілася радас­нымі момантамі, а блізкія заўсёды былі побач. 



– А сабе? Пра што марыць начальнік падатковай інспек­цыі?

– Пра добрасумленных пла­цель­­­шчыкаў падаткаў – хочац­ца, каб усе выконвалі свае абавязкі ў поўнай меры і ў тэрмін. Пра гэта думаю, калі ранкам прыходжу на работу і калі вечарам зачыняю кабінет…

– А чаго хочацца дэпутату Алене Пілецкай?

– Каб на маю Гудагайскую выбарчую акругу, у прыватнасці, на пасёлак Гудагай, больш звярталі ўвагі. Разумею, што кожнаму з дэ­пу­татаў раённага Савета душа баліць за сваю акругу, а кіраў­ніцтву – за ўвесь раён, але ж хацелася б, каб у Гудагаі стаянка каля школы з’явілася, вуліцы ас­фальтавалі, гандаль развіваўся, а то адзін толькі «Еўраопт» і ратуе, спажыўкааперацыя зусім нас выраклася.

– Што робіць шчаслівай вас як жанчыну?

– Стасункі з чатырохгадовым унукам Ромкам! Хочацца быць з ім як мага часцей і больш!

Дачка ўжо працуе, мае сям’ю. Сын служыць, таму хочацца, каб у краіне і ва ўсім свеце быў мір і спакой – гэта мара ўсіх маці ў свеце. 

А ўвогуле ўсё ў мяне добра, як кажуць, не было б горш.

– Хай будзе толькі лепш! Гэтага і жадаем вам і вашаму калектыву напярэдадні свята!

– Дзякуй.




Текст: Нина Рыбик