Жыхары Астравеччыны лічаць ганаровым абараняць Радзіму
10:12 / 03.07.2022
І сёння ў тых герояў ёсць паслядоўнікі – яны таксама стаяць на ахове Радзімы.
Служба на малой радзіме
Алёна Макевіч, ваеннаслужачая вайсковай часці 97106:
– 2 жніўня будзе 5 гадоў, як я ў арміі. Прайшла шлях ад радавога да афіцэра. У ваенную службу мяне прывёў лёс.
Пасля школы бацькі параілі паступаць у Вышэйшы каледж сувязі ў Мінску – гэта грамадзянская ўстанова. Заканчвала я ўжо Акадэмію сувязі – мяне размеркавалі ў Гродна, ва Узброеныя Сілы. Нечакана гэта было, але што рабіць.
Спачатку прывыкала: строгі распарадак, выезды па рапарце і іншыя асаблівасці ваеннай службы – вядома, усё не так, як на грамадзянскай працы. Але хутка ўвайшла ў каляіну. Дзякуй, што ваеннаслужачыя добра прынялі, вучылі, падказвалі.
А праз год у Астраўцы з’явілася часць супрацьпаветранай абароны – і я папрасіла перавесці мяне сюды. Просьба была не выпадковай: я родам з Трокенікаў, малая радзіма пацягнула да сябе.
Цяпер перада мной яшчэ большая адказнасць: я служу Беларусі, прымаю ўдзел у ахове аднаго са значных аб’ектаў краіны – атамнай электрастанцыі і абараняю месца, дзе нарадзілася. Ганарацца тым, што я служу ў арміі, бацькі і сястра.
Люблю нашу рэспубліку і заўсёды з задавальненнем удзельнічаю ў патрыятычных мерапрыемствах. З вялікай ахвотай, напрыклад, ездзіла на велапрабегах у Мінску і Астраўцы. Яшчэ і саслужыўцаў «падбіваю» на гэта.
За рамантыкай – у дэсантнікі
Аляксандр Мушніцкі, курсант Ваеннай акадэміі:
– Няма нічога незвычайнага ў тым, што я вырашыў звязаць сваё жыццё з ваеннай службай. Наадварот, усё да гэтага і ішло. З дзяцінства мяне, як большасць хлопчыкаў, цікавілі ваенныя – людзі, тэхніка, зброя. Падабаліся мастацкія і дакументальныя фільмы гэтай накіраванасці. Асабліва ўражвалі подзвігі ваеннаслужачых, у тым ліку і ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Звяртаў увагу на тактыку вядзення баёў і гэтак далей.
Да таго ж бацька часта расказваў пра армію – ён у свой час служыў у паветрана-дэсантных войсках. Тата, дарэчы, і прапанаваў ісці ў Ваенную акадэмію. Я выбраў эліту Узброенных Сіл – хацелася скакаць з парашутам. Вабіла рамантыка дэсантных войск. Ужо скончыў першы курс па спецыяльнасці «кіраванне падраздзяленнямі спецыяльнага прызначэння».
Паступіць было няцяжка, прынамсі, мне: загадзя даведаўся, якія прадметы трэба здаваць, і больш налягаў на іх – дзе сам, дзе з рэпетытарам; працаваў над фізічнай падрыхтоўкай. Хутка прывык і да дысцыпліны – яна ўвогуле дапамагла па-іншаму паглядзець на жыццё і вызначыць сапраўдныя каштоўнасці, зрабіла мяне больш мужным і адказным.
Так, я пакуль вучуся, але ўжо служу сваёй любімай краіне. І будучую прафесію выбіраў так, каб ахоўваць і абараняць нашу Беларусь. Сям’я ганарыцца такім рашэннем.
Не магу не прызнацца ў любові да сваёй малой радзімы – Астравеччыны: калі пакідаеш родныя мясціны, то зусім па-іншаму адчуваеш сувязь з імі.
На краі роднай зямлі
Сяргей Саўчук, камендант пагранкамендатуры «Гудагай»:
– У 2006 годзе я паступіў у Інстытут пагранічнай службы. Прафесію ваеннаслужачага выбраў па падказцы таты – ён праходзіў армейскую службу ў пагранвойсках Савецкага Саюза пад Севастопалем.
Бацька няшмат расказваў пра армію, але зразумела, што служба пагранічнікаў у тыя часы і цяпер адрозніваецца – хоць бы тым, што тады гэта была адна вялікая дзяржава, а цяпер Беларусь – незалежная краіна.
Стаць курсантам Інстытута пагранічнай службы было цяжка: калі не памыляюся, конкурс складаў 6 чалавек на месца. Але я годна здаў уступныя іспыты.
Пасля вну мяне накіравалі ў Пінскі пагранічны атрад. Потым вучыўся ў магістратуры, а з сакавіка бягучага года я – камендант пагранкамендатуры «Гудагай».
Ганаруся, што лёс прывёў мяне ў органы пагранічнай службы. Мы ходзім па краі роднай зямлі; першымі сустракаем і праводзім замежных гасцей у пунктах пропуску; адказваем за ахову і абарону рубяжоў краіны і рэагуем на любыя спробы парушыць Дзяржаўную мяжу.
Я люблю сваю краіну! Асабліва, вядома, малую радзіму – гарадок Пружаны. Але і Астравеччына спадабалася: прыгожы горад, маляўнічыя краявіды, адкрытыя людзі. Ды і ўвогуле, наша Беларусь са сваімі лясамі, азёрамі, рэкамі – самая лепшая.
Любоў да краіны – у сэрцы
Юлія Петрык, 11 клас СШ №3, выхаванка ваенна-патрыятычнага клуба «Адзінства»:
– Пра тое, што наш клас будзе асаблівым, даведалася за некалькі дзён да пачатку мінулага навучальнага года. Калі дырэктар і класны кіраўнік расказалі пра стварэнне ваенна-патрыятычнага клуба пры падтрымцы вайсковай часці 7434, стала адначасова цікава і незразумела. Па-першае, нешта новенькае. Па-другое, што мы будзем рабіць? Але ўсё склалася добра! Наш клас пасябраваў з ваеннаслужачымі, мы ездзілі ў часць, каб пазнаёміцца з бытам і ўмовамі службы, вайскоўцы запрашалі нас на свае мерапрыемствы і ўдзельнічалі ў школьных.
А яшчэ нам пашылі форму – у ёй адчуваеш іншы статус, які патрабуе адказнасці, дысцыпліны і, вядома, быць прыкладам для ўсіх вучняў.
У 3-й чвэрці я зразумела, што сваю будучыню хачу звязаць з ваеннай службай. Усё супала: ваенна-патрыятычны клуб, форма і мая любоў да беларускай мовы (за гэта дзякуй настаўнікам, мне з імі пашанцавала) і краіны. Вельмі-вельмі падабаюцца наша мова, чыстыя і ўтульныя гарады, шчырыя і добрыя людзі, цікавая моладзь і мудрыя дарослыя, – гэта ёсць толькі ў нас! Любоў да Беларусі жыве ў маім сэрцы, і я хачу служыць ёй. Планую паступаць на ваенны факультэт БДУ, хоць ведаю, што гэта няпроста. Але ёсць жаданне – значыць, мэты можна дасягнуць.