Прэзентацыя кнігі “Праз гады і газетныя старонкі” адбылася ў Астраўцы
14:31 / 27.06.2022
Нагадаю: першы нумар раённай газеты выйшаў 29 мая 1941 года. За гэты час мяняліся яе назвы, рэдактары, калектыў – але нязменным заставалася адно: любоў да чытача. Многія дзесяцігоддзі журналісты расказвалі пра галоўныя падзеі жыцця раёна, перадавікоў, лёсы людзей – але самі заставаліся ў ценю.
Пакінуўшы пасаду рэдактара, Ніна Рыбік з вялікім імпэтам узялася за аднаўленне гісторыі «раёнкі». Мы, журналісты і іншыя работнікі рэдакцыі, былі першымі сведкамі нараджэння кнігі. Бачылі і роспач Ніны Аляксееўны, калі, акрамя прозвішча, яна больш нічога не ведала пра свайго папярэдніка. І неймаверную радасць: калі, пацягнуўшы за нітачку, наша калега, як клубочак, «раскручвала» лёсы і дзялілася з намі цікавінкамі з жыцця газетных першапраходцаў.
Крок за крокам, прозвішча да прозвішчам, старонка да старонкі – кніга нарадзілася! Прыгожае, змястоўнае і ўнікальнае выданне пра гісторыю рэдакцыі, ды і ўсёй Астравеччыны, пабачыла свет пры фінансавай падтрымцы заснавальнікаў газеты – раённых выканаўчага камітэта і Савета дэпутатаў.
Перад прэзентацыяй у фае можна было пагартаць пажоўклыя старонкі «раёнкі» мінулых гадоў і паглядзець на сучасную каляровую «Астравецкую праўду». Імправізаваныя журналісцкія куткі знаёмілі наведвальнікаў з абсталяваннем і прыладамі, якімі карыстаемся мы, сучасныя карэспандэнты, і якія былі «на ўзбраенні» нашых папярэднікаў. З чорна-белых фотаздымкаў усміхаліся маладыя і шчаслівыя работнікі друкарні і рэдакцыі – фотавернісаж вяртаў гасцей на некалькі дзесяцігоддзяў назад і знаёміў з тымі, хто пісаў, вычытваў, набіраў тэксты і выпускаў газету…
Пра «раёнку» савецкага перыяду і людзей, якія тут працавалі, расказалі карэспандэнт Марына Мацкевіч, радыёвядучая Ангеліна Мікліс і галоўны рэдактар «Астравецкай праўды» Алена Ярашэвіч. Дапамаглі ім гэта зрабіць былыя рэдактары Мікалай Беркутаў, Аляксандр Хілько, Уладзімір Царэвіч і Аляксандр Сыч, з ролямі якіх бліскуча справіліся Уладзімір Крывец, Яўген Васілец, Аляксандр Марозаў і Віталь Рыбак.
Ганна Хадкевіч, якую ў 1958 годзе прымаў на работу наборшчыкам Аляксандр Хілько, узгадала, як уручную па літарах набіралі тэксты, а таксама з непрыхаванай настальгіяй расказала, як працавалі, адпачывалі і ўсе значныя падзеі ў жыцці адзначалі разам. Нітачка ўспамінаў перайшла да яе школьнай сяброўкі Марыі Кувалдзінай. Першая лінатыпістка Ганна Штура пайменна ўспомніла тых, хто працаваў на лінатыпе, які тады называлі цудам тэхнікі: Марыю Сікорскую, Яніну Кацінель, якая, на жаль, нядаўна пайшла з жыцця.
Да слёз расчулілася Людміла Сцяфанчык: рэдакцыя для жанчыны была другой сям’ёй.
Відэапрывітанне прысутным адрасаваў жыхар Мінска Уладзімір Захаранка, дзякуючы якому ў рэдакцыі ёсць першыя сем нумароў «раёнкі». Дзякуючы відэафільму «Юбілей рэдакцыі: 70 год» прысутныя пачулі ўспаміны Яўгена Кулакова, які працаваў у рэдакцыі больш за 40 гадоў…
Жывыя ўспаміны, гістарычныя факты пра газету і біяграфіі яе супрацоўнікаў, музычныя нумары – імпрэза кнігі прайшла на адным дыханні. На заканчэнне ансамбль «Аксаміткі», у якім удзельнічае ветэран раённай журналістыкі Таіса Сямёнава, заспяваў песню «Посидим по-хорошему», якую так любілі некалі спяваць у рэдакцыі…
Шчырыя віншаванні з нагоды выхаду кнігі пра гісторыю рэдакцыі аўтару Ніне Рыбік, галоўнаму рэдактару Алене Ярашэвіч і ўсяму калектыву адрасавалі шматлікія госці. А завяршылася прэзентацыя аўтограф-сесіяй Ніны Рыбік – ветэраны раённага друку, нарысы пра якіх увайшлі ў гэтую кнігу, атрымалі яе ў падарунак.
…Кажуць, што для творцы яго кожная работа, як дзіця. Для Ніны Аляксееўны гэта пятае немаўлятка, а для нас усіх, цяперашніх, і былых супрацоўнікаў рэдакцыі, – першае. Дасць Бог, не апошняе!
З віншаванняў
Ірына Тальчук, старшыня раённага Савета дэпутатаў:
– Лічыцца, што жыццё газеты доўжыцца адзін дзень. Але гэта не так. У рэдакцыі працавалі розныя людзі, яна насіла розныя назвы – але стабільна заставалася раённым летапісцам. Ведаю, што ў многіх сем’ях захоўваюцца дарагія сэрцу выразкі з газет.
«Астравецкая праўда» – не проста газета, а холдынг: пад яе крылом знаходзяцца радыё і тэлебачанне. Маладому і таленавітаму калектыву жадаю творчых поспехаў, натхнення і надалей працаваць гэтак жа плённа на карысць людзям і раёну.
Генадзь Бычко, намеснік старшыні райвыканкама:
– На Астравеччыне працую крыху больш за 3 гады і пакуль дасканала не ведаю гісторыю газеты. Прэзентацыя і знаёмства з жанчынамі, якія ведаюць гэта страшнае слова «лінатып», – сталі для мяне адкрыццём.
Раней Астравец быў невялікім пасёлкам. Відаць, у такіх месцах людзі больш душэўныя, у тым ліку і працаўнікі рэдакцыі.
Многія супрацоўнікі прайшлі шляхамі Вялікай Айчыннай вайны. Заўсёды, калі прыходжу ў рэдакцыю, спыняюся ля партрэтаў былых рэдактараў – вельмі важна памятаць і ўзгадваць мінулае, асабліва цяпер, у Год гістарычнай памяці.
Людміла Рыбік, галоўны рэдактар газеты «Ашмянскі веснік»:
– Прэзентацыя кнігі – знакавая падзея як для аўтара, так і для ўсяго калектыву рэдакцыі. Гэта выданне – частка гісторыі астравецкага краю. І не толькі. Калі Ніна Аляксееўна шукала звесткі пра Уладзіміра Таранду, папрасіла мяне пераглядзець падшыўкі газет, пагартаць кнігі загадаў, якія захаваліся. Я была ўпэўнена, што не знайду слядоў гэтага чалавека. Тым больш, некалькі гадоў назад выйшла кніга па гісторыі ашмянскай газеты і такога прозвішча там не было. Аднак у архіўных дакументах знайшла звесткі пра гэтага чалавека. Аказваецца, у гісторыі нашага «весніка» яшчэ ёсць белыя плямы…
Жадаю, каб зоркі сышліся – і другая частка кнігі абавязкова пабачыла свет!