Аляксандр Міхалькевіч: маналогі стомленага доктара
Калі мне даводзілася трапляць у хірургічнае аддзяленне раённай бальніцы, то час ад часу чула ад астравецкіх спецыялістаў: «Трэба патэлефанаваць у Смаргонь Міхалькевічу, параіцца…». Ці: «Цяжкі выпадак… Спытаем у Міхалькевіча, ці возьмецца. А калі не, то ў Гродна давядзецца ехаць…». Незнаёмы Міхалькевіч уяўляўся мне ўбеленым сівізной аксакалам, бясспрэчным аўтарытэтам, які ўсё ведае і ўмее.
Калі ж у Астраўцы адкрылася новая бальніца, не без здзіўлення даведалася, што траўматалагічнае аддзяленне ўзначаліў той самы Міхалькевіч. Журналісцкая «жаба» падштурхоўвала да інтэрв’ю. А Дзень медыцынскага работніка – самая нагода для знаёмства.
«Той самы Міхалькевіч» аказаўся маладым чалавекам (у маім разуменні ўсе, каму менш за сорак, адносяцца да гэтай узроставай катэгорыі). Прыкметна стомленым – мы размаўлялі напрыканцы пятніцы, у іншы час «вышчаміць» доктара на гутарку не атрымлівалася. Апантана-захопленым сваёй справай. Досыць цынічным у ацэнцы многіх рэчаў – зрэшты, як і многія ўрачы. І пры тым неверагодна цікавым і харызматычным.
Зрэшты, мяркуйце самі…
…Пра выбар прафесіі
– Першае знаёмства з прафесіяй урача адбылося ў дзіцячым узросце, калі бацькі павезлі мяне са смаргонскага Залесся ў Мінск на кансультацыю ў кардыялагічны цэнтр і там я пагутарыў з дзяжурным хірургам. Ён, што называецца, на пальцах растлумачыў, што нічога складанага ў гэтай рабоце няма і яна досыць цікавая.
Але тады, як кажуць, не «торкнула». Да канца дзясятага класа я збіраўся паступаць у радыётэхнічны на робататэхніку. А ў апошняе лета, перад выпускным класам, у галаву стрэліла, што быць доктарам – гэта прыкольна! Паступіў у Віцебскі медыцынскі ўніверсітэт.
…Пра траўматалогію
– Напачатку вучобы ні пра якую траўматалогію размова не ішла. Я хацеў быць хірургам – цікавіла спецыяльнасць, дзе можна нешта рабіць адначасова рукамі і галавой, іншыя накірункі не разглядаліся. Наведваў гурткі па хірургіі, хадзіў на дзяжурствы – імкнуўся даведацца як мага больш.
А на пятым курсе неяк падзяжурыў у траўмапункце – і зразумеў, што траўматалогія нашмат цікавейшая і больш разнастайная за хірургію. Кожны пацыент – гэта ўнікальны выпадак, двух аднолькавых пераломаў не бывае. І вырашыў, што буду траўматолагам.
На размеркаванні мне прапанавалі родную Смаргонь – але там патрабаваўся акушэр-гінеколаг. Адмовіўся наадрэз: лепш у самую аддаленую сельскую бальніцу тэрапеўтам!
Доўга мы спрачаліся з камісіяй. Урэшце мяне падтрымаў першы намеснік міністра аховы здароўя Роберт Часнойць – дарэчы, наколькі я памятаю, астраўчанін. «Калі ён ведае, што хоча быць траўматолагам, то навошта хлопцу ламаць жыццё? – сказаў ён сваё важкае слова. – Усё роўна ж потым збяжыць…».
І мяне накіравалі траўматолагам у Крупкі...
…Пра настаўніка ў прафесіі
– Я падумаў: ну і хай сабе Крупкі… Затое ў інтэрнатуру папрасіўся ў Маладзечна, дзе на той час працаваў вопытны траўматолаг Ігар Вітальевіч Дземянчук, у якога, ведаў, ёсць чаму павучыцца.
Год мы працавалі з Ігарам Вітальевічам – яго з гонарам і ўдзячнасцю магу назваць сваім настаўнікам у прафесіі.
Пасля інтэрнатуры паехаў па месцы размеркавання, гады паўтара працаваў. А потым пазваніў Ігар Вітальевіч – ён да таго часу ўжо быў у Смаргоні. «Доўга ты там збіраешся адпачываць? – пытае. – Тут работы заваліся, а ён прахалоджваецца, нібы на курорце…». Я набраўся нахабства і звярнуўся ў Міністэрства аховы здароўя з просьбай аб пераразмеркаванні. Просьбу задаволілі. І 2 студзеня 2012 года вярнуўся ў родны горад.
Перыяд з 2012 па 2014 год, калі працаваў разам з Дземянчуком, лічу самым лепшым у жыцці. Работы было шмат, мы забяспечвалі тры раёны: Смаргонскі, Ашмянскі і Астравецкі. Але цікава!
Ігар Вітальевіч навучыў мяне ўсяму, што ўмеў. На першым годзе сумеснай работы збіраецца ў адпачынак, пакідае мяне «на гаспадарцы», наказвае: зробіш тое, гэта і яшчэ вось гэта – я не паспеў. «Дык гэта ж пратэз?!» – здзіўлена перапытваю я. «Ну так, пратэз. Зробіш!» Зрабіў: паставіў аднаполюсны пратэз пацыенту з пераломам шыйкі сцягна. Праз сем гадоў ён зноў трапіў да нас – зламаў другую шыйку, і кантрольны здымак паказаў, што той мой першы самастойны пратэз стаіць як мае быць. Потым такіх аперацый было шмат.
…Пра тое, што цікава
– Хоць пратэзіраванне – не самае цікавае ў нашай справе. Гэта тэхнічная аперацыя, без творчасці.
Цікава, калі «пазл» прывозяць: з-пад машыны, з-пад завалаў. Вось цяпер у нас ляжыць бядак: высунуўся п’яны на праезджую частку, трапіў пад машыну: абодва сцягны зламаны, галёнка, ну і яшчэ па дробязі сёе-тое… Сабраць гэты «пазл», ды так, каб чалавек падняўся і пайшоў, – цікава!
Цікава, калі нешта не разумееш, ходзіш дзень, другі, тыдзень, галаву ламаеш, ні пра што іншае думаць не можаш, а потым – раз! Нібы азарэнне сыходзіць – і разумееш, што і як трэба рабіць.
У нас чамусьці не прынята прызнаваць свае памылкі, лічыцца, што гэта сорамна, непрафесійна. А я неяк трапіў на міжнародную канферэнцыю, дзе вопытам дзяліліся траўматолагі з многіх краін Еўропы і Азіі – у мяне сківіца адвалілася! Выходзіць доктар з мноствам званняў і навуковымі ступенямі і гаворыць: вось у гэтым выпадку я і мае калегі рабілі так і так, але вы так не рабіце, бо жыццё паказала, што гэта няправільна, насамрэч трэба рабіць тое і гэтае. І яго аўтарытэт ніколькі не зменшыўся – наадварот!
Справа ж не ў тым, каб ні ў якім разе не дапусціць памылкі – гэта ў прынцыпе немагчыма, памыляюцца ўсе, акрамя тых, хто нічога не робіць. І не ў тым, каб строга пакараць таго, хто памыліўся. Каму ад гэтага лепш? Трэба зрабіць так, каб памылка стала ўрокам, каб усе ведалі, што гэтае рашэнне няправільнае, і шукалі іншы шлях.
…Пра Астравец
– Я нікуды не збіраўся з’язджаць са Смаргоні. Гэта мой горад, я люблю яго вулачкі, кафэшкі, магазінчыкі…
Але ў мяне не пыталі, дзе пабудаваць гэтую бальніцу, самую сучасную ў наваколлі. Калі б пацікавіліся, то я, безумоўна, адказаў бы, што яна павінна быць у Смаргоні, бо гэты горад нашмат большы за Астравец; кадры, найперш сярэдняга і малодшага медыцынскага персаналу, ды і пацыенты ў астравецкай бальніцы ў асноўным смаргонскія ці ашмянскія.
Але ёсць так, як ёсць, – і зразумела, што цяпер усё самае цікавае і «смачнае» адбываецца – і ў бліжэйшы час будзе адбывацца – менавіта тут. Таму прыняў прапанову ўзначаліць аддзяленне траўматалогіі ў Астравецкай ЦРКБ. Адбылося гэта ў сакавіку мінулага года.
А жыву па-ранейшаму ў Смаргоні. Кватэру прапаноўвалі, але я пакуль адбіваюся: не так проста вырваць са звыклага асяроддзя, са сваіх калектываў жонку і траіх дзяцей. Ды і Астравец для мяне пакуль не стаў родным горадам.
…Пра работу
– Мы па-ранейшаму лечым пацыентаў з трох суседніх раёнаў, толькі ўжо ў Астраўцы. Аддзяленне практычна ўвесь час запоўнена. Асвоілі высокатэхналагічныя аперацыі – да прыкладу, артраскапію, калі пашкоджанні каленнага сустава аперыруюцца праз два праколы з дапамогай відэакамеры і спецыяльнага маніпулятара. На жаль, часта падводзіць абсталяванне, хоць, здавался б, так быць не павінна: новае ж, сучаснае!
Вельмі дапамагае ў рабоце электронна-аптычны пераўтваральнік. Класная штука: з ім рэнтгенаўскі здымак бачыш у розных плоскасцях, з патрэбным павелічэннем. Час на аперацыю ён скарачае ў разы.
Ёсць і іншыя цікавыя штучкі. Умовы, зноў жа, ідэальныя.
Усё гэта, вядома, цудоўна! Але не апаратура, нават самая сучасная, лечыць пацыентаў, а спецыялісты. Працуем пакуль удваіх з Аляксандрам Левандоўскім – ён, дарэчы, з Ашмян прыехаў. Анестэзіёлагамі з намі «дзеліцца» хірургія, хоць на наша аддзяленне патрэбен асобны. Тое ж і з аперацыйнай медсястрой. Ужо маўчу, што ў нас няма траўматолага ні ў паліклініцы, ні ў прыёмным аддзяленні. І самае прыкрае, што не бачу я ў вачах маладых спецыялістаў той апантанасці, якую адчуваў некалі сам, жадання ўсё паспрабаваць, усяму навучыцца. А я, калі шчыра, стаміўся быць «паравозам». Хочацца ісці разам, у адной вупражы – як некалі з Ігарам Вітальевічам. Неяк падлічыў: у сярэднім за год раблю 350-380 аперацый. Больш – нерэальна, менш – не атрымліваецца…
Але калі чалавек, якога прывезлі «пазлам», выходзіць з аддзялення на сваіх нагах, і мы на развітанне ўсміхаемся адзін аднаму – значыць, усё не дарэмна…