Як праходзіць першы ўкос у КСУП “Гудагай”

14:50 / 10.06.2022

Хоць у апошнія гады ў сельскай гаспадарцы стараюцца адыходзіць ад тэрміна “зона рызыкоўнага земляробства”, тым не менш наша паўночная старонка па-ранейшаму адчувальная да выбрыкаў надвор’я. Касавіца сёлета пачалася пазней, чым летась. З надыходам цяпла ў корманарыхтоўчую кампанію актыўна ўключыліся ўсе гаспадаркі раёна. Па традыцыі застрэльшчыкі і лідары “зялёнага жніва” – аграрыі КСУП “Гудагай”.


Зазвычай пры нарыхтоўцы кармоў у КСУПах рабілі стаўку на першы ўкос – за гэты перыяд аграрыі імкнуліся назапасіць як мага больш сенажу, у тым ліку ў стрэйч-плёнку. Сёлета давялося перагледзець планы: у маі былі нізкія начныя тэмпературы і, калі дбайны гаспадар толькі паспяваў абкошваць падворак, то на сенажаці не было чаго класці ў пракосы: патрэбнай масы травастой не набраў. Тым не менш аграрыі вырашылі не марудзіць з першым укосам, каб хутчэй адрасла атава.

Першым укосам у КСУП “Гудагай” пакладуць травы ў пракосы на плошчы амаль 3 500 гектараў. На 9 чэрвеня скошана 1 100 гектараў – а гэта 33% ад плана. “Зялёнку” актыўна закладваюць у тэхналагічныя ёмістасці для захоўвання кармоў, сянажную масу таксама нарыхтоўваюць у выглядзе рулонаў – у стрэйч-плёнку “гудагайцы” закруцілі 228 тон траў.

Вадзіцель Іван Адамковіч

Каб зімой пракарміць амаль 10 тысяч галоў, у гаспадарцы плануюць нарыхтаваць 37 тысяч тон сенажу, без малога 50 тысяч тон сіласу і 700 тон сена. Агулам звыш 24 тысяч тон кармавых адзінак, а з разліку на адну ўмоўную галаву – гэта 34,3 цэнтнера.

Да слова, “гудагайцы” добра разумеюць, што касавіца – з разраду стратэгічных кампаній. Поспех жывёлагадоўчай галіны на 60-65% залежыць ад сфарміраванай на зімне-стойлавы перыяд кармавой базы. Таму да арганізацыі першага ўкосу ў гаспадарцы падышлі старанна: спланавалі і ўлічылі яе ход, час падвяльвання травы, тэхналогію закладкі здробненай масы, уборачную лагістыку і многае іншае. Спадзявацца на якасны сянаж можна, калі ўсе этапы ўкосу і закладкі “зялёнкі” максімальна вытрыманы і ўзаемазвязаны.

Дзяніс Бароўка працуе на граблях

У панядзелак машынна-трактарны парк КСУП “Гудагай” быў разбіты на тры аперацыйныя звяны. Як пройдзе першы ўкос, шмат у чым залежыць і ад механізатараў.

Не першы год травы ў гаспадарцы ўбірае Сяргей Урлік.  Ён у гэтай справе ас: летась трапіў у лік лепшых корманарыхтоўшчыкаў вобласці – за сезон “набіў” больш за 30 тысяч тон травы на ўмоўны камбайн у пераразліку на зялёную масу. У 2020 годзе яго партрэт быў занесены на раённую Дошку гонару. Сёлета мужчыне даверылі новы кормаўборачны камбайн “Ягуар”.

Траву з поля да траншэі адвозіць Мікалай Іваніцкі

– На розных участках – розныя травы: дзе горшыя, дзе лепшыя. “Зялёнку” ў сярэднім за дзень падымаю на плошчы 25-30 гектараў, – расказвае камбайнер. – У гэтым сезоне па тэмпах адстаём ад мінулага года, але, думаю, управімся ў аптымальныя тэрміны завяршыць першы ўкос. Працаваць на новым камбайне – адно задавальненне, іншыя механізатары мяне зразумеюць.

Да “Ягуара” адзін за другім пад’язджалі трактары. Пасля напаўнення прычэпа духмянай травой яны імчалі ў Малі, дзе побач з малочна-таварным комплексам поўным ходам ішла закладка першай тэхналагічнай ёмістасці для захоўвання сянажна-сіласнай масы.

Траву возіць Сяргей Трусевіч

Падвяленую траву з поля да траншэі перавозіў калега і цёзка Урліка – Сяргей Трусевіч, прозвішча якога таксама мільгае ў газеце падчас жніўнай кампаніі.

– Сёлета мне далі новы прычэп, у нашай гаспадарцы спецыяльна да пачатку касавіцы іх набылі 2, – патлумачыў механізатар. – На “Джон-Дзіры” за дзень раблю некалькі рэйсаў – колькасць залежыць ад дыслакацыі кормаўборачнага камбайна і месца закладкі траншэі. У мінулыя гады і я працаваў на комплексе, а ў гэтым упершыню перавожу “зялёнку”.

На іншым участку, паміж Ліпнішкамі і Едакланямі, работа таксама спорылася. Падборам траў на камбайне айчыннай вытворчасці КВК-800 займаўся Віктар Грымбоўскі, а на трэцім участку працаваў Міхаіл Лашчонак – ён таксама неаднойчы станавіўся лепшым сярод камбайнераў “зялёнага жніва”.

Не першы год на кормаўборачным камбайне працуе Віктар Грымбоўскі

Агульнымі намаганнямі трох магутных корманарыхтоўчых комплексаў у КСУП “Гудагай” за дзень травы ўбіраюцца на плошчы каля 90 гектараў.

Пакуль адны косяць, другія варушаць траву, згарбаюць яе ў валкі і возяць, трэція трамбуюць здробненую масу. У прыватнасці ў Малях “Амкадорамі” ўкатвалі “зялёнку” Анатоль Валяваты і Уладзімір Шаблавінскі – апошні сёлета святкаваў перамогу ў раённым прафсаюзным спаборніцтве сярод занятых на сяўбе механізатараў і трактарыстаў. Дарэчы сказаць, ад добрасумленнасці трамбоўшчыкаў залежыць якасць корму: залянуецца лішні раз скаціцца па зялёнай горцы – і тэмпература масы тут жа падскочыць, што недапушчальна.

Анатоль Валяваты трамбуе траншэю

– Працуем з 8 раніцы да 8 вечара. Вечарам на змену нам заступае іншы работнік, які на працягу 2-4 гадзін пасля апошняга прывозу травы займаецца трамбоўкай на “Кіраўцы”, – расказаў Уладзімір Шаблавінскі.

Уладзімір Шаблавінскі ўкатвае зялёнку 

Праверыць, як ідзе закладка траншэі, на комплекс прыехаў дырэктар КСУП “Гудагай” Эдуард Садоўскі, якога я папрасіла ахарактарызаваць корманарыхтоўчую кампанію ў гаспадарцы.

– З мінулага года застаўся пераходны запас травяністых кармоў. Гэта другая тэхналагічная ёмістасць (на раніцу 6 чэрвеня. – Заўв.аўт.), першую заклалі на тэрыторыі малочна-таварнага комплексу “Германішкі”. Надвор’е ўсталявалася. За кошт максімальна кароткіх тэрмінаў уборкі, унясення мінеральных угнаенняў і дастатковай колькасці вільгаці ў глебе, думаю, атрымаем добрую атаву. Другі ўкос плануем завяршыць да пачатку жніўнай кампаніі. Пастараемся – і будзем з кармамі, – падсумаваў дырэктар.

Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 

Текст:
Фото: Алёна Ганулич