Анастасія Ляховіч з Альхоўкі – лепшая вакалістка Гродзеншчыны

12:24 / 03.06.2022

Цудоўная навіна ад нашых юных артыстаў. Звонкагалосая спявачка Анастасія Ляховіч, якая займаецца вакалам у філіяле сельскага клуба в. Альхоўка, атрымала Гран-пры на абласным конкурсе “Новае пакаленне #ArtGRODNO – 2022”.

Вакальнае спаборніцтва – сумесны праект абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі і тэлерадыёкампаніі “Гродна”. Конкурс праходзіў у некалькі этапаў: на адборачны тур удзельнікі дасылалі відэа нумара, у красавіку прайшоў паўфінал, а ў Дзень абароны дзяцей – галоўны этап.

Паспрабаваць удачу на вакальнай пляцоўцы вырашылі больш за 50 удзельнікаў, а да фіналу дайшлі толькі 12. У іх ліку аказалася і наша зямлячка з Альхоўкі Насця Ляховіч, якая разам з танцавальным дуэтам у складзе Веранікі Раткевіч і Ульяны Гарадзецкай, уразіла журы і заваявала Гран-пры.

Ганна Уласік, кіраўнік дзяўчыны:

– Паўдзельнічаць у гэтым конкурсе нам параіла загадчык аддзела музыкі і харэаграфіі абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі Іна Шатунова, за што мы ёй вельмі ўдзячны. Таксама вялікі дзякуй старшыні раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Ірыне Раткевіч, якая падтрымала нашу ініцыятыву і аказала фінансавую дапамогу. Насця выконвала песню на англійскай мове Toy ізраільскай спявачкі NETTA – і мы прайшлі ў фінал. Уражанняў ад конкурсу шмат: шыкоўная арганізацыя, добразычлівыя адносіны, прыемныя людзі, святочная атмасфера, цудоўныя нумары – усё было на вышыні! І, канешне ж, феерычнае выступленне Насці! Калі назвалі пераможцаў і прызёраў усіх трох катэгорый, а яе там не аказалася, на імгненне засмуцілася, а пасля ў думках пранеслася здагадка: “Няўжо?!” А далей – толькі радасць і эмоцыі!

Насця Ляховіч:

– Выступаць на конкурсе было прыкольна, атрымаць Гран-пры – крута! Я раззнаёмілася з удзельнікамі, было цікава пастасавацца. Журы да ўсіх адносілася прыязна, настройвала на пазітыў. Ці моцна я хвалявалася? (Задумваецца.) Не вельмі, паколькі ўжо выступала на конкурсах рознага ўзроўню і маю пэўны вопыт. У такія моманты больш хвалюецца кіраўнік, мая ж задача – выйсці і максімальна добра выканаць нумар. У выніку ўсё атрымалася цудоўна! І гэта крута!





Текст: