Пра сваё дзяцінства расказалі дарослыя і маленькія жыхары Астравеччыны

11:15 / 01.06.2022
Дзяцінства – гэта час, пра які дарослыя ўспамінаюць з настальгіяй. Дзеці ж, наадварот: не могуць дачакацца, каб хутчэй вырасці і стаць самастой­нымі, – а пасталеўшы, з цеплынёй і душэўнасцю будуць узгадваць самую бесклапотную пару свайго жыцця. 

Жыхары раёна розных пакаленняў расказалі карэспандэнту газеты пра сваё дзяцінства.

Пра бабулін клопат 

Данута Кяжун з унуком Сашам Бумбулём

Расказвае Данута:

– Бабулю сваю, Марыю Камін­скую, памятаю не вельмі добра – яе не стала, калі я хадзіла ў 1 ці 2 клас. Да таго ж яна жыла ў Ігнацова, а мы з бацькамі – у  Слабодцы. 

Хоць бабуля жыла не адна – дзве дачкі з ёй былі, у адной і сям’я свая, але праведваць мы яе хадзілі часта, у нядзелю звычайна. Урэзалася ў памяць карцінка: падлога ў яе хаце – земляная, чыста вымеценая, каля печкі пясочкам пасыпана, а на стале вялікі будзільнік. І вось заходзіш у пакой, ціха – і толькі стрэлкі гадзінніка час адмяраюць: «чык», «чык».

Як прыйдзем да бабулі – тая адразу пачынала яйкі смажыць нам, то з блінамі, то так падавала. Раскошы не было асаблівай – што мела, тым і частавала. Цукеркі заўсёды прыпасала да нашага прыходу, то пячэнька якое прытрымае, то самапечанае што. Мяне Данусяй усё клікала. (Усміхаецца.)
Помню, што бабуля Марыя набожная была, да касцёла штонядзелю ў Быстрыцу хадзіла.



Расказвае Саша:

– Мая бабуля Дана прыгожая, клапатлівая і вельмі добрая. Яна жыве не ў маёй вёсцы, а ў Трокеніках. Калі я быў маленькі, яна мне казкі чытала пра Калабка, пра Лісу і Зайца і іншыя.

Калі прыязджаю да яе, яна мяне заўсёды імкнецца накарміць: супам, кашай з каўбасой, чаем, смачняшкамі ўсялякімі. Але найбольш я люблю, калі яна гатуе амлет!

Бабуля ўмее вязаць пруткамі – мне неяк шалік звязала. А яшчэ яна любіць кветкі – у яе іх шмат.

Калі прыязджаю да бабулі ў госці, дапамагаю ёй па дому – напрыклад, закатку з падвала прынесці. 

Ой, ледзь не забыў: бабуля яшчэ і дружалюбная – сяброўкі ў яе ёсць, толькі не помню, як іх завуць.

Пра школу

Алена Буневіч з былым вучнем Мікітам Зімой

Расказвае Алена:

– Пайшла ў 1 клас я ў 7 гадоў, першая настаўніца Ядвіга Іосіфаўна Шостак. Да школы я размаўляла па-польску – прабабуля навучыла, і калі ішла ў школу, маці перажывала, як буду разумець навуку, ці змагу гаварыць па-руску, па-беларуску. Але ўсё склалася добра – дзеці размаўлялі на трасянцы, і мы адзін аднаго разумелі. І па вучобе цяжкасцей не было. Да слова, і чытаць, і пісаць я да школы не ўмела – ды і большасць з нас не ўмелі.

Вучылася ў Гудагайскай школе – яшчэ ў старым будынку, дакладней, у трох: асобныя – для пачатковых і старэйшых класаў і сталоўка. У школе тады першаклашкі не спалі – толькі група падоўжанага дня працавала. А на вялікім перапынку бегалі з аднакласнікамі напрасткі праз лес у магазін – за марожаным і жуйкамі Love is.

Каб выдзеліць прадмет, які надта падабаўся б – мабыць, беларуская і асабліва англійская мовы.

Трэба сказаць, яшчэ ў пачатковых класах падумвала, што хачу быць настаўнікам, а ў старэйшых класах гэта было ўжо цвёрдае рашэнне. На гэта паўплывала тое, што я апекавалася малодшым братам  – у нас розніца 13 гадоў.



Расказвае Мікіта:

– Я закончыў ужо 5 клас. Памятаю першы дзень у школе: прыйшоў, убачыў нейкую цёцю, сяброў з садка – і вырашыў, што трапіў на другую ступень дзіцячага сада. Не ведаю, чаму так падалося, можа, таму што на падрыхтоўку ў школу хадзіў у СШ №2 і будынак СШ №1 не асацыіраваўся ў мяне са школай.

Спярша пісаць розныя палачкі і кручкі не ат­рым­­лівалася – каракулі нейкія былі, з-за гэтага зла­ваўся сам на сябе, здаралася, і перапісваў па цэлым аркушы. Цяпер почырк нашмат лепшы стаў. 

Адклаўся ў памяці момант  (тады быў другакласнікам), калі ўбачыў у сшытках дзяцей 4 класа «двойку», «чацвёрку» – так страшна стала, нам адзнак яшчэ не выстаўлялі, але я разумеў, што гэта былі ацэнкі за дрэнныя веды. 

У пачатковых класах вельмі любіў матэматыку, а цяпер яшчэ і англійская мова вельмі даспадобы.

Алена Іосіфаўна часта вадзіла і вазіла нас на экскурсіі, праводзіла розныя святы – яна ўвогуле  добрая прыдумшчыца, і заўсёды гэта было цікава. А вось калі  хацелі на перапынку з хлопчыкамі ў тэлефоне ў сеткавых гульнях пасядзець, настаўніца не дазваляла. Тады мы садзіліся пад шафку, рабілі з паперы розную зброю і ўяўна ёй змагаліся.

Пра садок

Ядвіга  Сільвановіч з выхаванкай Аняй Шафран

Расказвае Ядвіга:

– У дзіцячы садок я не хадзіла – бо яго ў нашай вёсцы, Міндзянах, не было. Займаліся мной маці, бабуля і ўсе сябры-суседзі. 

Шчаслівае было дзяцінства! Нам было можна ўсё. Расла як гарох пры дарозе! Сённяшнім дзецям не хапае гэтай свабоды. Гуляла дзетвара разам – і вялікія, і малыя. Памятаю, на горку пададзімся – і да ледзяшоў пакуль не скачаемся, дадому не прыйдзем – а тады на печ адагравацца. Ой, была яшчэ любімая гульня – у магазін: кляновы лісцік – гэта 10 рублёў, ліповы – 5, каменьчыкі – манеты… (Смяецца.) І ўсё па намінале раскладзена ў «касе». І ў школу гулялі – уся дарога была спісана літарамі.

Калі пайшла ў школу, бегла чытаць, лічыць і пісаць умела – сама навучылася, на старэйшых сясцёр гледзячы. Як гэта яны чытаюць, а я  – не! Помню як мяне, першакласніцу, павялі ў 2-гі клас паказваць, як трэба чытаць.



Расказвае Аня:

– Жыву ў Дравяніках і ў садок у Палушы мяне адвозіць аўтобус – са мной яшчэ старэйшая сястрычка едзе, толькі яна – у школу. Маці рана на працу ўстае – у 3 гадзіны, таму мяне Дашка збірае. І я рана ўстаю, у 6 гадзін, – не прасыпаю ніколі. На аўтобусе ехаць класна.

Мама мне ўборы ў садок купляе ў спецыяльных магазінах, не там, дзе дарослыя. 

У садку мне падабаецца – тут весела, мы з сяброўкай Ангелінкай у лялькі бавімся. А Дашка і Эрнэст (сястра і брат. – Заўв. аўт.) дома са мной гуляць не хочуць, толькі калі-нікалі ў тэлефон даюць! Калі выходзім на двор, любімая забава – «пячы» піражкі і кексы ў пясочніцы, манную кашу «гатаваць» – усе стравы, якія ведаем.

У мяне было шмат выхавацеляў. Напрыклад, Ядвіга Эдуардаўна навучыла мяне вежы будаваць… Яна ўвогуле харошая – не сварыцца і вельмі разумная – калі мы былі ў сярэдняй групе, яна сама даведалася, калі нам на прагулку ісці! І святы розныя для нас рабіла.

Пра татавы ўрокі 

Руслан Марцінкевіч з сынам Маратам

Расказвае Руслан:

– Бацька заўсёды быў для мяне эталонам сапраўднага мужчыны – вядома ж, я марыў быць такім, як ён. Нават прафесію абраў татаву – ён у мяне ветэран выратавальнай службы, я ў МНС праслужыў 7 гадоў.

Дзякуючы бацьку, навучыўся граць на акардэоне, шчапаць дровы, касіць і іншым карысным рэчам, якія павінен умець мужчына. Да слова, першым інструктарам па ваджэнні матацыкла і машыны таксама быў тата. 

З ім мы разам гулялі ў мяч, марскі бой, каталіся на вела­сіпедах… – нягледзячы на нялёгкую работу і хатнія справы, ён заўсёды знаходзіў час для мяне.

Расказвае Марат:

– Калі вырасту, буду свайго сына, як і мяне тата, вучыць баксіраваць і гуляць у мяч. А ўвогуле я ўжо падобны на бацьку – тварам, мне і мама гэта кажа. (Сур’ёзна.)

Тата са мной шмат у што гуляе, у даганялкі, напрыклад: я еду на веласіпедзе, а ён – пяшком. Праўда, прашу яго, каб як параўняецца са мной, да веласіпеда не дакранаўся – сам спынюся. 

Мой тата ўвогуле можа шмат чаго: на вялікім гармоніку граць – толькі не спявае; калі мама пойдзе куды – ён усю працу на сябе бярэ. Вось толькі не заўважаў, ці гатуе есці, – можа, і гатуе, калі я не бачу. (Задумваецца.) Мяне не кліча на дапамогу – я пакуль адпачываю. А калі я ноччу піць захачу, ён мне нясе. 

А яшчэ бацька цацкі мне выбірае, і мяч ён выбіраў… І робіць сюрпрызы з ежай: куп­ляе піцу, бургеры.
Текст: