Беларусь турыстычная: форт і гарнізон “Дальні” на Гродзеншчыне

13:11 / 22.05.2022
Гэта своеасаблівы стыль жыцця, калі ты, не паспела вясенняе сонейка разагнаць нізкія зімовыя хмаркі, пачынаеш «вастрыць лыжы» і марыць пра неабсяжныя далячыні.

Вандраваць можна пешшу, на машыне ці аўтаспынам, збіраць у скарбонку ўспамінаў эмоцыі ад далёкіх паездак ці мясцовых турыс­тычных паходаў. 

А месцаў, пра якія мы не ведаем і нават не чулі, у Беларусі шмат.

Вандруйце разам з намі ў новым праекце «Мотавандроўкі»  – і самастойна. А сваімі знаходкамі і эмоцыямі дзяліцеся ў сацыяльных сетках у групах «раёнкі».

Ну што ж, апусцілі забрала моташлема – і наперад!

Выезды «на дальняк» заўсёды пачынаюцца з таго, што многія куточкі родных мясцін ужо ўбачаны і адзначаны на карце тваіх ванд­ровак як «узятыя». І мы – не выключэнне. Прапанова сяброўкі ехаць «па нарастаючай» у сэнсе аддаленасці ад Астраўца падалася слушнай, таму першы сезон свайго мотападарожжа я пачала менавіта з нашай вобласці.

Форт №4

Самы вядомы форт Гродзенскай крэпасці, які перажыў агонь Першай сусветнай вайны. Чацвёрты форт закрываў паўднёва-заходні фронт крэпасці. Ад яго да граніцы з Польшчай усяго каля трох кіламетраў. Знаходзіцца ён каля вёскі Стрэльчыкі і з’яўляецца адзіным з усіх збудаванняў крэпасці – іх было 13 груп! – якое поўнасцю захавалася да нашых дзён. 

Трапіць на месца даволі лёгка: на дарозе з Гродна на во­зера Юбілейнае ўстаноўлены ўказальнік «Форт №4 Гродзенскай крэпасці». Збочваеце на лясную сцяжынку, упіраецеся ў шлагбаум, падымаецеся ўверх налева – і вы на месцы. 

Пра тое, наколькі ўражвае бе­тоннае збудаванне пачатку 20 стагоддзя, гаварыць не буду – яго проста трэба ўбачыць. Вышыня – займае дух! Пачарнелыя ад часу сцены, прыкрытыя мохам байніцы, замураваныя жалезнай  агароджай уваходы-выхады… Зразумела, чаму яны закрытыя: вельмі ж хочацца хоць праз маленькую дзірачку пагля­дзець, што крыецца там, у глухой цішыні шматтоннага мана­літу!

Мы не змаглі трапіць ва ўнутраны дворык умацавання. Аднак, як падае «Гугл», зрабіць гэта можна  па папярэдняй да­моўленасці з Гродзенскім райвыканкамам. 

Мне форт нагадаў велізарную птушку, якая стаілася сярод ляс­ной зеляніны, каб сваімі шасці­­фун­товымі (чытай: 12-мет­ро­вы­­­мі!) крыламі  не даць ворагу на­­несці ўдар. Але не атрыма­лася…



З ГІСТОРЫІ

Аўтар праекта «Форт №4»  – ваенны інжынер Георгій Шмагайлаў, якога пазней пры­значылі памочнікам будаў­ніка Гродзенскай крэ­пасці. Праект быў зацверджаны ў студзені 1913 года, але з пачаткам работ, у 1914-м, быў зменены. Будаўніцтва цягнулася да сярэдзіны 1915-га і не было закончана.
Размяшчаўся форт на вышыні 94,8 сажані. Узбраенне па праекце складала 6 супрацьштурмавых прылад, 8 кулямётаў, 6  57-міліметровых капанірных прылад. Гарнізон – 271 чалавек. Па перыметры былі роў і агароджа з дроту. Падземная казарма злучалася з казематамі і выхадам з форта. 

У 1915-м форт прыняў на сябе галоўны ўдар нямецкай арміі. Аднак недабудаваны і неўкамплектаваны запланаваным у праекце ўзбраеннем, не вытрымаў націску ворагаў. Падчас першага штурму быў забіты назіральнік  – і форт застаўся «сляпым», падчас другога нападзення снарад разбамбіў калодзеж тэлефоннай лініі – не стала  сувязі са штабам крэпасці.

Гарнізон хутка скараціўся да 30 чалавек, якія вымушаны былі адбівацца ад ворага ручнымі бомбамі. Па інструкцыі ваенны інжынер павінен быў падарваць форт, але салдаты забралі шнуры для зарадаў – у казематах было шмат параненых, якіх не паспелі эвакуіраваць. Гэта і ўратавала форт ад знішчэння. Аднак вырвацца з рук немцаў у выніку змагло толькі 7 чалавек.

Пасля вайны Форт №4 нейкі час выкарыстоўвалі савецкія пагра­нічнікі. Сёння гэта маў­клівы, але ад гэтага не менш моцны і важны напамін нам, нашчад­кам, аб стойкасці і мужнасці нашых прадзедаў, аб тым, што не павінна быць забыта.

Гарнізон «Дальні»

Сховішча ядзерных боепры­пасаў савецкіх часоў, а дакладней перыяду халоднай вайны, не назавеш помнікам архітэктуры або культуры ў звыклым сэнсе гэтага слова. Аднак зразумець гатоўнасць да развіцця самых непрадсказальных падзей паміж Савецкім Саю­зам і ЗША яно дапамагае.



Гарнізон «Дальні» размя­­ш­чаў­­­­ся непадалёк ад Шчучына, у лясным масіве каля станцыі Жалудок. Калі для пошуку гэтай кропкі вы карыстаецеся навігатарам, ён можа прывесці менавіта на станцыю, як гэта было з намі. Пры вялікім жаданні  і з дапамогай мясцовых жыхароў, якія падкажуць дарогу напрасткі, на матацыкле можна праехаць і праз поле, парослае ляшчынай. Аднак не губ­ляйце час і пашкадуйце свайго жалезнага каня – другая дарогая – «афіцыйная», прасцейшая і лепшая. Да таго ж вы адчуеце сапраўднае задавальненне.

Толькі ўявіце сабе лес, па якім доўгімі вузкімі стужкамі віюцца бетонныя сцежкі, злёгку прысыпаныя ігліцай, з невялікімі, вы­бітымі часам і дажджамі ямі­намі і трэшчынкамі. А над гало­ва­мі шчыльна сплятаюцца пышныя зялёныя галінкі, утвараючы доўгую, канца-краю не відаць, арку… 

На тэрыторыі гарнізона, у свой час агароджанай калючым дротам, захаваліся рэшткі тэхнічнай і службовай зон: агнявыя кропкі, сховішчы для ядзернай зброі і ракет, некалькі КПП, казармы, штаб і нават клуб. Сюды вяла чыгуначная дарога. 

Уражваюць браніраваныя дзверы, якія закрывалі хады-выхады ў сховішчы, і якасць бетону. Цэгла і драўляныя канст­рук­цыі амаль разбураны, а вось бетонныя сцены і падлога сховішчаў нават не пазелянелі.

Аднак казачная прыгажосць на пад’ездзе і не магчымасць паблукаць  па тэры­торыі былога гарнізона больш за ўсё прыцягваюць увагу турыстаў. Немагчыма пабываць тут і не сфатаграфавацца з сімвалам гэтага перыяду – велізарным, у некалькі чалавечых ростаў бетонным знакам «Серп і молат». Пацвяржэнне гэтаму – вузенькая, вытаптаная да ляснога чарназёму сцежка. А па падрыхтаваным пяньку можна здагадацца: фатаграфуюцца не толькі каля знака, а і на ім. Мабыць, веліч адчуваецца тым больш, чым вышэй ты знаходзішся…

ДАВЕДКА

- Для маскіроўкі ваеннаслужачыя гарнізона насілі форму ваенна-паветраных сіл і адрозніваліся толькі агульна­ваеннымі знакамі класнасці афіцэраў.
- У казармах жылі толькі салдаты тэрміновай службы, афіцэры і прапаршчыкі – у ваенным гарадку ў Шчучыне.
- Рухомая рамонтна-тэхнічная база 3 653 адказвала за захоўванне, абслугоўванне і прывядзенне ў боегатоўнасць артылерыйскіх снарадаў і мін з ядзернымі зарадамі. 
- Гарнізон «Дальні» быў у пэўным сэнсе перавалачным пунктам: сюды прывозілі боепрыпасы савецкіх войскаў за мяжой, якія пазней перапраўлялі па СССР. 
- Расфарміравалі базу ў пачатку 1990-х.

Перад дарогай

Пакуль сяброўка, ужо вопытны вандроўнік, распрацоўвала маршрут, я займалася падрых­тоўкай свайго жалезнага каня. Заўважу: не «тэхнічнай» яе часткай – у гэтым сэнсе жанчына на матацыкле ні чым не адрозніваецца ад аўталэдзі: дзіву даешся яе ўпэўненасці ў тым, што машына не падвядзе! 

Сабраць самае неабходнае – усё ж двухкалёсны сябар – гэта не аўтамабіль з усімі яго выгодамі, калі і дождж не страшны, і багажнік вялікі – дапамаглі парады «бывалых».

КАРЫСНЫЯ ПАРАДЫ

Распрацоўваючы маршрут, улічыце аддаленасць АЗС – запраўляць матацыкл трэба ў сярэднім кожныя 250 кіламетраў.

На выпадак дрэннага надвор’я трымайце непрамакальнае адзенне, хоць просценькі дажджавік, ён – праверана на сабе! – ад ліўня не ўратуе, але застацца сухім падчас імжы дапаможа.

Абавязкова вазьміце дадатковыя світар ці байку – вецер падчас язды, асабліва раніцай і вечарам, прабірае да касцей.

Вільготныя сурвэткі спатрэбяцца ўжо праз сотню-другую кіламетраў, каб чысціць візар моташлема.

Не забудзьце ваду – і папіць, і рукі памыць, і для тэхнікі можа спатрэбіцца.


Подписывайтесь на «Островецкую правду» в телеграм по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

И присоединяйтесь к нашему сообществу в viber https://vk.cc/c3yHGs – будьте всегда в курсе свежих новостей из жизни Островца и Островецкого района.

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Северный вектор Гродненщины» по короткой ссылке https://t.me/severvg.

Самые интересные новости Островецкого, Ошмянского и Сморгонского районов.



Текст: