Знаёмцеся: ветэран спорту Васіль Мартышэўскі
10:39 / 21.05.2022
Вярнуўшыся пасля аздараўлення ў родны Навагрудак, Васіль адразу запісаўся ў спартыўную школу на лёгкую атлетыку. Праўда, урачы спачатку не адобрылі гэтае памкненне, аднак, паглядзеўшы на вынікі абследавання хлопца праз некалькі месяцаў, змянілі меркаванне і прызналі: заняткі бегам пайшлі на карысць. Вось толькі секцыю па лёгкай атлетыцы хлопец наведваў нядоўга – усяго год. Парадаксальна, але прычына заключалася таксама ў захапленні спортам, толькі ўжо іншага віду.
Тады якраз пачалося першынства свету па хакеі, дзе выступала зборная СССР, – гэта трансліравалі па тэлебачанні. Ну якія могуць быць трэніроўкі, калі на лёдзе любімая «цудоўная пяцёрка і варатар»? Хакей Мартышэўскі вельмі любіў. І, радасна падскокваючы на канапе ля тэлевізара, калі нашы забівалі шайбу, забываўся на ўсё на свеце – у тым ліку і заняткі ў спартшколе. Калі пасля некалькіх прагулаў Васіль з’явіўся да трэнера, той паказаў на дзверы і сказаў, што такія вучні яму не патрэбныя. Гэты «прыём» хлопца не асабліва напалохаў і прасіцца ён не стаў. Бо ў Васіля ўжо выспела асабістая мара – самому стаць трэнерам. Натхніў на гэта ўсё той жа хакей, а дакладней – легендарны трэнерскі тандэм Аркадзя Чарнышова і Анатоля Тарасава. Пад іх кіраўніцтвам каманда СССР на працягу дзевяці гадоў (1963–1971) выйгравала ўсе міжнародныя турніры. Гледзячы і чытаючы рэпартажы пра работу трэнераў, Васіль вырашыў, што таксама хоча весці да поспеху іншых. Аднак разумеў, што перш трэба самому асвоіць усе нюансы легкаатлетычнай навукі. Азы ён паспеў атрымаць, а далей стаў трэніравацца самастойна.
Праўда, мару аб трэнерстве спачатку давялося на нейкі час адкласці. Юнак працаваў аўтаслесарам у аўтабазе, але пра спорт не забываў. Днём рамантаваў тэхніку, а вечарам бегаў. Яго захапленне хутка заўважылі, хлопца прынялі ў спартыўнае таварыства «Спартак» – і Васіль пачаў абараняць гонар свайго прадпрыемства на раённых, а пасля і абласных спаборніцтвах па бегу і шматбор’і, дзе час ад часу трапляў у лік лепшых. Добрыя вынікі патрабавалі стараннай падрыхтоўкі – вячэрніх прабежак для гэтага не хапала. На шчасце, быць у лідарах не толькі вытворчай работы, але і спартыўнага жыцця заўсёды з’яўлялася ганаровым – і кіраўніцтва аўтабазы перавяло Васіля ў цэх, дзе займаліся рамонтам сядзенняў. Там, выканаўшы азначаную работу, можна было трэніравацца нават днём.
Чым далей, тым больш Мартышэўскі «свяціўся» на спаборніцтвах рознага ўзроўню, займаў прызавыя і пераможныя месцы і неўзабаве яго прызначылі метадыстам вытворчай гімнастыкі аўтабазы. Запрыкмецілі здольнага хлопца і абласное кіраўніцтва, і гродзенскія трэнеры – і ў адзін голас раілі паступаць вучыцца. Васіль прыслухаўся да парад – і стаў студэнтам Гродзенскага педагагічнага інстытута. Праўда, спецыяльнасць выбраў не зусім звыклую для хлопца – настаўнік пачатковых класаў. Затое на факультэце лаяльна ставіліся да спартсменаў і без цяжкасцей адпускалі на спаборніцтвы.
Гэта быў залаты час Васіля Мартышэўскага як легкаатлета. Зборы ў Кіргізіі і на Паўночным Каўказе, удзел у шматлікіх чэмпіянатах і турнірах. Самым запамінальным сярод іх было першынства СССР па бегу на доўгіх дыстанцыях сярод студэнтаў, якое праходзіла ва Ужгарадзе. А самым значным спартыўным дасягненнем Васіль Уладзіміравіч лічыць 5-е месца на чэмпіянаце Беларусі ў бегу на 42 км. На рахунку нашага земляка і залатыя медалі чэмпіянату Гродзенскай вобласці на дыстанцыях 5 і 10 км.
Невядома, як бы працягнулася спартыўная кар’ера Мартышэўскага далей, але раптоўныя праблемы са спіной унеслі карэктывы. Яго арганізму патрэбен быў адпачынак. Хлопец якраз скончыў педінстытут і па размеркаванні паехаў працаваць у Астравецкі раён.
У Завельцаўскай базавай школе малады спецыяліст вёў не толькі пачатковыя класы, але і фізічную культуру. Пра яго захапленне бегам і былыя дасягненні ў раёне даведаліся хутка, і тагачасны дырэктар дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Уладзімір Пятроў запрасіў хлопца на працу. Так у 1983 годзе Васіль Мартышэўскі стаў трэнерам па лёгкай атлетыцы – мара здзейснілася.
Амаль праз 10 гадоў мужчына вырашыў крыху змяніць дзейнасць і ў 1992 годзе ўзначаліў Лошскую базавую школу. Ды хіба можна перайначыць наканаванае? Ужо праз год ён адчуў моцную «ломку» ад недахопу трэніровак з дзецьмі, праз 2 – пачаў весці некалькі гадзін фізкультуры, праз 5 – змяніў пасаду дырэктара на настаўніка фізкультуры і дадаткова вёў гурток па лёгкай атлетыцы ад спартшколы. Займацца з дзецьмі, вучыць іх правільна выконваць фізічныя практыкаванні, любіць спорт і атрымліваць ад яго асалоду – гэта было тое, што Васіль умеў, любіў і чым заўсёды хацеў займацца.
Васіль Мартышэўскі ўзгадвае...
...пра школу
– Працаваць у Лошскай школе падабалася, хоць там быў толькі невялікі пакойчык для заняткаў фізкультурай. Праўда, займаліся мы там у выключных выпадках: калі было вельмі дрэннае надвор’е. Дзеці нярэдка абураліся: «Вы з нас, напэўна, спартсменаў хочаце зрабіць». (Усміхаецца.) Я тлумачыў, што ў першую чаргу хачу зрабіць іх здаровымі людзьмі, а ўжо пасля кожны вырашыць, займацца яму спортам ці не. А калі школу ў Лошы закрылі, я поўнасцю перайшоў у ДзЮСШ і стаў трэніраваць дзяцей на базе Гудагайскай СШ.
...пра дзяцей
– Здольных выхаванцаў было нямала: Жэня Васільчык, Віталік Шаблінскі, Тарэса Баршчэўская, Паша Карнэцкі, Руслан Пяткевіч, Насця Рароўская – усіх ужо і не ўзгадаю. Многіх запрашалі на вучобу ў вучылішча алімпійскага рэзерву, але ішлі туды адзінкі. Лічу, у кожнага свой лёс і шлях, галоўнае – быць годным чалавекам. Я стараўся нікому не даваць занадта вялікай нагрузкі, бо гэта ж дзеці – ці страцяць цікавасць да спорту, ці, не дай бог, скалечацца. Прынцып «бізуна» нярэдка прымяняў – у асноўным са старэйшымі дзецьмі, якія хітрылі, каб прагуляць трэніроўку. Тую ж Насцю Рароўскую неаднойчы трэба было пасля ўрокаў пераймаць, каб дадому не ўцякла. (Усміхаецца.) Канешне, ганаруся ўсімі сваімі выхаванцамі. Сачу за поспехамі Насці, мы з ёй сазвоньваемся, вельмі рады, што яна дайшла да Алімпіяды і настроена рухацца далей. Спадзяюся, што да наступных Алімпійскіх гульняў сітуацыя ў свеце ўсталюецца і мы пабачым землякоў і іншых беларускіх спартсменаў на міжнародных спаборніцтвах.
...пра сучаснасць
– Цяпер умовы для заняткаў спортам не тое, што калісьці, а вось жадаючых – як займацца, так і трэніраваць – значна менш. Ды і патрабаванні да трэнераў сталі большымі: памер зарплаты залежыць ад станоўчых вынікаў. А каб іх дасягнуць, трэба з дзецьмі займацца не дзень, месяц ці нават год, а значна больш. Вынікі ж патрабуюць ледзь не зараз. Вось і не вытрымліваюць некаторыя маладыя трэнеры: сыходзяць з прафесіі. Я пайшоў на пенсію 3 гады назад. Прапаноўвалі застацца, набраць яшчэ групу, але не рызыкнуў: якраз пачаўся «ковід», думаю, раптам здароўе не дазволіць, а набраць дзяцей і пасля кінуць – я так не магу. Давучыў усіх сваіх выхаванцаў – і спакойна пайшоў на адпачынак.
...пра дасягненні
– Мне падабалася быць трэнерам – нездарма марыў аб гэтым з дзяцінства. І грамат-дыпломаў-падзяк за спаборніцтвы, і за работу маю нямала, але не гэта галоўнае. Самая значная ўзнагарода – павага і ўвага выхаванцаў. Часам яны вітаюцца, а я адразу не пазнаю, хто гэта, бо яны выраслі і сталі дарослымі. З некаторымі мы падтрымліваем сувязь і цяпер. Калі выходжу з дому нават у магазін, то рэдка даходжу пешшу – абавязкова падвязуць мае колішнія дзеці. Гэта вельмі прыемна.
Пачынаючым трэнерам больш жадання, адказнага падыходу да справы і добрых вучняў.
А ветэранам працы, былым калегам – здароўя, шчасця і поспеху ў жыцці.
Святлана Раманоўская, намеснік дырэктара Астравецкай спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву:
– Васіль Уладзіміравіч – Майстар сваёй справы з вялікай літары. Рознымі метадамі, але ён умеў зацікавіць дзяцей і знайсці да іх падыход. Часта затрымліваўся на стадыёне дапазна, каб толькі выхаванцы займаліся. А яшчэ ён добры, спагадлівы і адказны чалавек.
Ігар Гануліч, трэнер па лёгкай атлетыцы СДЮШАР:
– Васіль Мартышэўскі заўсёды карыстаўся і карыстаецца аўтарытэтам і павагай сярод дзяцей і трэнераў. Гэта прыстойны, адказны і адданы лёгкай атлетыцы чалавек, які выклікае павагу. За час працы ён многіх падрыхтаваў да паступлення ў вучылішча алімпійскага рэзерву, яго вучні ўваходзяць у склад нацыянальнай зборнай Беларусі – і гэта пацвярджэнне прафесіяналізму. А яшчэ ён надзейны таварыш і добры чалавек.
Анастасія Рароўскай, колішняя выхаванка, удзельніца Алімпійскіх гульняў:
– Як і належыць трэнеру, Васіль Уладзіміравіч быў патрабавальным, строгім, але пры гэтым – разумеючым і ўважлівым. Ён выклікаў у нас, яго выхаванцаў, давер – а гэта вельмі важна. Нават калі я прапускала заняткі, а Васіль Уладзіміравіч знаходзіў спосаб вярнуць мяне назад, ён не дазваляў лішняй строгасці, а мудрымі словамі тлумачыў, чаму не варта кідаць спорт. Я і цяпер тэлефаную першаму трэнеру – і ён заўсёды выслухае, падтрымае і знойдзе тыя правільныя словы, каб накіраваць на правільны шлях. Словам, Васіль Уладзіміравіч – вельмі класны трэнер, я даўно такіх не сустракала. Я яго моцна паважаю, дзякую, што ён ёсць у маім жыцці і што калісьці паверыў у мяне. Буду старацца і далей радаваць яго сваімі дасягненнямі.