Знаёмцеся з удзельнікамі конкурсу “Сям’я года” Генадзем, Вольгай, Уладам і Каралінай Казакевічамі
10:37 / 20.05.2022
Мы вырашылі пазнаёміцца з сям’ёй і даведацца, чым яна жыве, захапляецца, пра што марыць, і многае іншае.
– Раскажыце пра вашу сям’ю.
Вольга:
– З Генам нас звяла сяброўка. Пазнаёміліся ў сакавіку, а ў жніўні справілі вяселле. Нарадзіўся Улад, затым Караліна.
Сын сур’ёзны, адказны і вельмі захоплены футболам. Нават позна дазваляем сыну глядзець футбольныя матчы па тэлевізары. Найлепш яму даюцца матэматыка і англійская мова.
Генадзій:
– Уладзік узмоцнена вучыць англійскую, таму што марыць пабываць у Барселоне.
Вольга:
– Караліна ў нас творчая дзяўчынка: іграе на фартэпіяна, танцуе, спявае, як і тата, у касцёльным хоры, энергічная – на месцы не пасядзіць, любіць выступаць на сцэне. Дачушцы падабаецца чытаць. Калі б была магчымасць, Караліна ў школу хадзіла б і ў нядзелю.
Караліна:
– А яшчэ я выдатніца!
Уладзік:
– Я школу не вельмі люблю – але разумею, што вучыцца трэба.
Вольга:
– Наш тата таксама творчы чалавек. Ён генератар ідэй. Энергіі ў яго хапае на ўсе пачынанні. На рабоце – а працуе Гена вядучым спецыялістам па аказанні рознічных банкаўскіх паслуг – адказны і скрупулёзны. Я больш павярхоўная. Усе рашэнні мы прымаем разам. Дзеці нам дапамагаюць. Я шчаслівая жонка і маці.
Генадзій:
– Пра нас расказала. А пра сябе – ні слова. Наша мама працуе настаўніцай пачатковых класаў у Гервяцкай сярэдняй школе, дарэчы, Каралінка вучыцца ў Вольгі. Прыгожая, добрая – самая лепшая ў свеце жонка і маці.
– Самы час паглядзець на бацькоў вачыма дзяцей. Якія вашы мама і тата?
Караліна:
– Мама добрая, разумная, вясёлая. Тата сур’ёзны, але таксама добры.
Уладзік:
– Можна, я пачну з таты? Ён вельмі сур’ёзны. Любую справу даводзіць да канца. Калі ў мяне штосьці не атрымліваецца, бацька абавязкова дапаможа. Нават калі тата не мог адвесці мяне на футбольны турнір – ён усё адно гэта зрабіў: дамовіўся на рабоце, каб далі выхадны. А матуля вельмі добрая, і ў школе яе хваляць. Нават калі нешта не хоча рабіць – а гэта вельмі рэдка здараецца! – усё адно выконвае. Калі мы з Каралінай дрэнна сябе паводзім, мама тлумачыць, што так рабіць нельга.
– Якія стравы ў вас самыя любімыя і нелюбімыя?
Караліна:
– Шашлыкі, сасіска-васьміножка. Самыя нелюбімыя – катлеты і супы, акрамя рыбнага.
Уладзік:
– Наша мама цудоўна гатуе. Люблю піцу. Увогуле я непераборлівы: падабаецца ўсё, акрамя грэчкі і рысу.
Генадзій:
– Люблю ўсё прыгатаванае жонкай. Свежая адвараная бульбачка, грыбочкі – смаката!
Вольга:
– Мая фірменная страва – запечаная з бульбай курыца. Але найбольш дзеці і я любім бліны, якія кожную нядзелю раніцай пячэ наш тата.
Караліна:
– Мне тата робіць маленькія блінчыкі, а Уладу – вялікія. Я іх ем са згушчоным малаком. Смаката – пальчыкі абліжаш!
– Якая сумесная паездка вам запомнілася найбольш і чаму?
Караліна:
– У Мінск і Гродна! Спадабаліся аквапарк і заапарк. Зебра прыгожая!
Уладзік:
– Мне таксама. Спадабаліся ўсе жывёлкі – толькі змей баюся.
Генадзій:
– Кожная паездка памятная па-свойму. Хацелася б наведаць многія гарады Беларусі, не толькі абласныя цэнтры.
Вольга:
– А я люблю адпачынак на Браслаўскіх азёрах. У Беларусі столькі цудоўных месцаў, і мы плануем падарожнічаць па краіне. Мала ведаем Гомельскую, Брэсцкую вобласці.
– Дзеці, уявіце, што бацькі дазволілі завесці дома любога пітомца, нават казачнага. Хто б гэта быў?
Караліна:
– У нас ёсць нямецкая аўчарка па мянушцы Карамелька. Яна жыве ў вальеры. Мама не пускае сабаку дадому, кажа, што ў пакоі могуць жыць толькі рыбкі ў акварыуме.
Уладзік:
– Я хацеў бы тыгра, але каб ён не рос – заставаўся кацяняткам. Тады б і мае, і Каралінкіны аднакласнікі прыходзілі паглядзець на яго.
– Дзеці, ці ёсць у вас хатнія абавязкі?
Караліна:
– У мяне няма! (Усміхаецца.) Калі не лічыць, што свой пакой прыбіраю сама.
Уладзік:
– Зімой я прыношу дадому дровы, чышчу вальер. Раблю ўсё, пра што просяць бацькі. Вучыцца ў школе – гэта ж не зусім абавязак?
Генадзій:
– Абавязак, сынок.
Вольга:
– Улад, ты забыў дадаць: «добра вучыцца».
– Пра што кожны з вас марыць?
Уладзік:
– Я хачу стаць добрым футбалістам і іграць за «Барселону» – мой любімы клуб, за які хварэю з дзяцінства. Уражвае і захапляе Ліянель Мессі, хоць ён і гуляе цяпер за іншую каманду. Здорава было б абараняць гонар зборнай Беларусі!
Генадзій:
– Цалкам падзяляю захапленне сына: сам стараюся гуляць у футбол кожную пятніцу.
Караліна:
– Мару пабываць на моры і хутчэй закончыць музычную школу – мне там не падабаецца. Люблю толькі сальфеджыа.
Вольга:
– Хочацца, каб хутчэй закончыўся рамонт дома, а таксама адпачыць на моры ўсёй сям’ёй.
Генадзій:
– …І пра трэцяе дзіцятка.
– Сына ці дачку (удакладняю)?
Караліна:
– Хачу сястрычку! Не хачу яшчэ аднаго браціка – мне і Уладзіка хапае.
Вольга:
– А ў мамы ніхто і не пацікавіўся?
Генадзій:
– Увогуле з большага нашы мары з жонкай супадаюць.
Вольга:
– Галоўнае, каб дзеці выраслі добрасумленнымі і справядлівымі людзьмі, каб у іх усё добра склалася. Мне здаецца, што пра гэта мараць усе бацькі.
– Колькі гадоў вы разам?
Караліна:
– Чацвёртага жніўня споўніцца 12 гадоў, як бацькі разам. А на наступны дзень у таты будзе дзень нараджэння! Двайное свята!
– Якія традыцыі ёсць у вашай сям’і?
Уладзік:
– Татавы бліны ў нядзелю.
Вольга:
– Штовечар мы стараемся сабрацца разам, каб абмеркаваць, як прайшоў дзень у кожнага. Наш тата позна вяртаецца з работы. За вячэрай звычайна дзелімся ўражаннямі і расказваем пра падзеі, якія адбыліся.
Генадзій:
– Падарожнічаць, працаваць – усё робім разам. Штовечар стараемся выбрацца на шпацыр па Гервятах.
Уладзік:
– Мая традыцыя – глядзець па тэлевізары футбольныя матчы.
– Што робіць вас шчаслівымі?
Караліна:
– Сям’я і вучоба. Раней марыла стаць балерынай. Цяпер хачу знайсці багатага жаніха і выйсці паспяхова замуж, каб сядзець дома. Сумна мне не будзе!
Вольга:
– Муж, дзеці, дом – сям’я.
Генадзій:
– Калі ўсё робіцца спраўна, калі дзеці і жонка шчаслівыя – шчаслівы і я.
Уладзік:
– Сям’я, Карамелька і футбол!
– Дзеці, а на мора вы ўзялі б сабаку?
Уладзік:
– Так! Няхай бы і Карамелька паплавала б!
Караліна:
– О не! Бедныя людзі – яны спалохаюцца: Кармелька вельмі вялікая. Аднойчы мама выгулівала яе на вуліцы – сабака ўцёк. Мужчына, які праходзіў непадалёк, быў у шоку ад яе памераў.
Уладзік:
– Не праблема, купім ёй наморднік і паедзем усе разам на мора!
Генадзій, Вольга (разам):
– Абавязкова паедзем!
– Няхай вашы мары збываюцца!
…Кожны з чатырох галасоў «я» Казакевічаў непадобны адзін да аднаго – але гучаць яны гарманічна і ва ўнісон. Бацькі цалкам падтрымліваюць захапленні дзяцей, а тыя ў сваю чаргу дапамагаюць дарослым. І яны шчаслівыя – бо разам!
Подписывайтесь на «Островецкую правду» в телеграм по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.
И присоединяйтесь к нашему сообществу в viber https://vk.cc/c3yHGs – будьте всегда в курсе свежих новостей из жизни Островца и Островецкого района.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.
Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Северный вектор Гродненщины» по короткой ссылке https://t.me/severvg.
Самые интересные новости Островецкого, Ошмянского и Сморгонского районов.