Пионеры тогда и сейчас – как было и что есть, рассказывают островчане
14:33 / 19.05.2022
19 мая 1922 года лічыцца днём нараджэння дзіцячай камуністычнай добраахвотнай арганізацыі юных піянераў.
Сучасныя паслядоўнікі руху ў гэты дзень адзначаюць Дзень піянерскай дружбы.
Пра мінулае і цяперашняе самай масавай дзіцячай арганізацыі праз уласныя ўспаміны і адчуванні мы папрасілі расказаць захавальнікаў традыцый і юных актывістаў гэтага аб’яднання.
ХТО ТАКІ АКЦЯБРОНАК
Сафія Лаздоўская, акцябронак Міхалішкаўскай піянерскай дружыны:
– Мы з аднакласнікамі сталі акцябратамі ў гэтым годзе (навучальным. – Заўв. аўт.). Хоць у арганізацыі я нядаўна, але ўжо нават у раённых конкурсах выступала: разам з піянерамі і дзецьмі з БРСМ расказвала пра нашу агульную работу; у конкурсе песні «Агеньчык запрашае сяброў» спявала – мы 2-е месца занялі; у конкурсе «Жывая класіка» вершы чытала. І на Дзень Перамогі ля помніка загінулым землякам у Міхалішках верш расказвала… І ў Гродне была на ўзнагароджанні лепшых акцябрат!
Чым займаюцца акцябраты? Спортам, дапамагаем адзін аднаму – напрыклад, на ўроках, аберагаем прыроду… Лічу, што хоць акцябраты і маленькія, але могуць сваімі паводзінамі вучыць нават старэйшых: не забруджваць наваколле – да прыкладу, фанцікі кідаць у сметніцу, а не там, дзе стаіш, ці не капрызіць, калі нешта не атрымліваецца.
Акцябраты – гэта будучыя піянеры. Мой старэйшы брат Ягор ужо ім стаў! Ён шмат дзе ўдзельнічае, ездзіць на раённыя зборы і злёты! І мая маці заўсёды ўсюды наперадзе – я хачу быць такой таксама. А яшчэ мару стаць падобнай да старэйшых дзяўчынак-актывістак з нашай школы – Паліны Ярмак і Ангеліны Моўчан. Гляджу на іх і дзівуюся: усё паспяваюць!
ЯКОГА КОЛЕРУ ГАЛЬШТУК
Людміла Лаздоўская, старшыня піянерскай дружыны Міхалішкаўскай школы:
– У школьныя гады я паспела пабыць толькі акцябронкам. Таму да гэтага дзіцячага руху далучылася значна пазней – калі прыйшла на працу.
Спярша работа для мяне была незразумелай – але разабралася.
Канешне, сённяшнія піянеры не жывуць па запаветах Ільіча, але асноўныя законы засталіся такімі ж: да прыкладу, любіць Радзіму, вучыцца старанна, быць працалюбівым, чулым да чужой бяды, дапамагаць іншым.
Застаўся галоўны атрыбут – гальштук, але ён ужо не чырвонага колеру, а спалучэнне чырвонага і зялёнага, як беларускі сцяг. Гальштукі цяпер абавязкова павязваюць толькі на ўрачыстасці і святы, хоць пасля ўступлення ў арганізацыю першы час дзецям хочацца насіць іх штодзённа – што яны і робяць.
Чым займаюцца сённяшнія піянеры і акцябраты? Як і раней, добрымі і карыснымі справамі. На святы рыхтуем падарункі і пачастункі, а потым наведваем пацыентаў бальніцы сястрынскага догляду і дзяцей у прытулку. Дапамагаем пажылым людзям зімой расчысціць снег, восенню ўбраць гародніну, паграбіць лісце – аказваем пасільную дапамогу. Шэфствуем над помнікамі і пахаваннямі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і педагогаў нашай школы… Праводзім дабрачынныя і экалагічныя акцыі. Дзеці вучацца арганізоўваць свой адпачынак.
З уласнага вопыту магу сказаць, што піянерская арганізацыя папулярная сярод дзяцей, таму што шмат рознанакіраваных і рознафарматных мерапрыемстваў, якія ім тут прапаноўваюць, даюць магчымасць рэалізавацца, да таго ж гэта стасункі – правесці разам час прыемна, яшчэ і з карысцю.
Працуем мы і ў інтэрнэт-прасторы, дзе піянерам прапаноўваюць удзел у мностве рознанакіраваных праектаў.
ЧАМУ НАВУЧЫЦЬ ПІЯНЕРЫЯ
Ксенія Кусойць, старшыня савета піянерскай дружыны Альхоўскай СШ, намеснік старшыні Дзіцячай маладзёжнай палаты раёна:
– Як сёння помню прыём у піянеры – гэта было на «Лініі Сталіна». Надзвычай хвалююча! У мяне нават відэа захавалася.
Я вельмі хацела быць падобнай да сваіх братоў – яны заўсёды былі актывістамі, усюды ўдзельнічалі і былі піянерамі.
Калі прыгадаць найбольш цікавыя справы, то я б выдзеліла праект «Цімураўцы. бай», працоўную акцыю «Зрабі свет чысцейшым» – збор другаснай сыравіны, розныя экалагічныя і творчыя ініцыятывы – дарэчы, як раённага і рэспубліканскага саветаў, так і ўласныя.
Асабіста я ў піянерскай арганізацыі вучуся развіваць свае лідарскія здольнасці, распрацоўваць і ўвасабляць у жыццё свае ідэі, удзельнічаю ў раённых і абласных трэнінгах – актыўнічаю. Найбольш блізкія мне тэмы – экалогія і валанцёрства. Мару зрабіць так, каб у нашай вёсцы быў раздзельны збор смецця.
САВЕЦКАЕ МІНУЛАЕ
Алена Кусойць, ветэран піянерскага руху, намеснік дырэктара Альхоўскай СШ:
– Я стала піянерам у савецкі час. Да гэтага цэлую чвэрць са сваім настаўнікам пачатковых класаў Аляўцінай Сяргееўнай Пілецкай чыталі кнігі пра Леніна, яна вельмі цікава расказвала нам, які Уладзімір Ільіч быў у дзяцінстве паслухмяны, добры – і нам, дзецям, канешне хацелася быць да яго падобнымі. І вельмі ганарова было насіць акцябрацкую зорачку з яго партрэтам.
Асабліва нецярпелася трапіць на сапраўдны піянерскі касцёр 19 мая, які раскладвалі непадалёк школы. Яшчэ адзін яркі момант – злёты. На любое піянерскае свята прыходзіла ўся вёска.
Дружына нашай школы насіла імя Пятра Купрыянава – мы ведалі гісторыю яго сям’і, яго ваенны подзвіг і вельмі ім ганарыліся.
Калі нам павязалі піянерскія гальштукі, вой як хацелася, каб усе ў вёсцы бачылі, што мы піянеры, – расшпіліўшы курткі, ішлі па вуліцы. Да слова, і акцябрацкі значок, і піянерскі гальштук мы насілі заўсёды, і гальштукаў было некалькі – на змену.
Героі майго дзяцінства – Цімур і яго каманда, і, канешне ж, мы былі цімураўцамі: дапамагалі ветэранам, працавалі ў калгасе…
Ведаеце, важаты – гэта стан душы. А першы важацкі вопыт атрымала ў інструкцыйным лагеры ў Ваўкавыскім раёне, потым была вучоба пры Палацы піянераў у Гродне – так нас рыхтавалі да працы ў піянерскіх летніках.
Калі гаварыць пра піянерыю сёння і ўчора, то, канешне, паняцці гэта розныя. Але я зразумела адно: піянеры – гэта годнасць і гордасць за сваю работу, гэта гульня, гэта азарт – і тады, і цяпер, толькі трэба правільна скіраваць дзяцей.
Увогуле такія арганізацыі патрэбны, бо дзеці не павінны і не могуць быць самі па сабе – а тут іх вучаць разам гуляць, адпачываць, працаваць. Вельмі дакладна сказаў адзін педагог падчас нядаўняй сустрэчы ў Гродне: калі б вы жылі ў 40-х гадах – павінны былі б адпавядаць дзецям 40-х, а ў 2022-м трэба адпавядаць запытам і цікавасцям дзяцей 2022 года.
НА ПРАСТОРЫ ІНТЭРНЭТУ
Юлія Бруйко, педагог-арганізатар СШ №2 г. Астраўца:
– Маё піянерскае дзяцінства прыпала на 2000-я гады. Была і акцябронкам, і піянерам – таму, калі стала працаваць з дзіцячымі аб’яднаннямі, гэты накірунак мне быў добра знаёмы.
Я вучылася ў школе, дзе цяпер працую, піянерважатай тады была Тамара Іванаўна Батура. Яна часта брала нас з аднакласнікамі на мерапрыемствы – удзельнічалі ў іх і дапамагалі праводзіць. Мне вельмі падабалася – не столькі выступаць, колькі арганізоўваць: нешта прыдумляць, нарыхтоўваць, афармляць. Тады Тамара Іванаўна, смеючыся, гаварыла, што буду калі-небудзь замест яе – як у ваду глядзела.
Да слова, гальштукі мы не насілі паўсядзённа, як некалі савецкія піянеры, павязвалі толькі на святы – так і сёння.
Калі гаварыць пра традыцыі, якія мы перанялі ў спадчыну: гэта ўрачысты прыём у кастрычніку ў акцябраты, шэфства піянераў над малодшымі, збор актыву дружыны, дапамога ветэранам працы, нарыхтоўка другаснай сыравіны, экадэсанты, ганаровыя вахты памяці…
Сёння работа з удзельнікамі піянерскага руху – не толькі жывыя стасункі. Рэспубліканскі савет нашага аб’яднання актыўна скарыстоўвае інтэрнэт-прастору: анлайн-гульні, акцыі, чэленджы. Стасуемся і трансліруем сваю работу праз сацыяльныя сеткі.
Што тычыцца членства ў арганізацыі, то, як і раней, гэта самы масавы дзіцячы рух.