У чым заключаецца простае шчасце Баршчэўскіх

10:03 / 15.05.2022

739.jpg

– Ды што пра нас пісаць? – доўга ад­нек­валася ад маіх спроб напрасіцца на інтэрв’ю Ірына Баршчэўская. – Мы самая звычайная сям’я, нічога адметнага…
Але хто можа вызначыць мяжу паміж звычайнасцю і незвычайнасцю? І хто сказаў, што пісаць трэба толькі пра асаблівых людзей? І чаму звычайная сям’я, дзе ў ладзе і згодзе, у безумоўнай веры ў Бога і павазе да старэйшых жывуць бацькі і гэтак жа выхоўваюць дзяцей, заслугоўвае менш увагі, чым тая, дзе скачуць з парашутам і скараюць горныя вяршыні? Гармонія – яна ў дробязях… Знаходзіць яе ў паўсядзённасці, у буднях і святах, калі і радасць, і праблемы, і праца, і захапленні – усё разам, напалам – ці не ў тым сапраўднае шчасце? І ці ж не варта гэта таго, каб ім захапляцца – і падзяліцца яго святлом з іншымі? Каб ведалі, разумелі: каб быць шчаслівым, неабавязкова праз церні – да зорак, быць першым на фінішнай прамой, перамагчы ў ста бітвах. Часам дастаткова проста ра­зам ісці па жыцці, аберагаючы і падтрымліваючы адзін аднаго… 

  …Яны сустрэліся ў Лошы. Ірыну, вы­пускн­іцу Гродзенскага педінстытута, накі­равалі ў мясцовую школу працаваць настаўнікам пачатковых класаў. Міхаіл працаваў у калгасе «Шлях Леніна» вадзіцелем. Абое вясковыя, з мнагадзетных сем’яў: Ірына была пятай у бацькоў, у Міхаіла сямёра братоў і сясцёр.
– Мяне падкупілі яго дабрыня і шчырасць, – успамінае Ірына Іосіфаўна. – А яшчэ мама некалі навучала: глядзі, як хлопец да матулі сваёй адносіцца, – так і да жонкі пазней будзе. Міша маці вельмі любіў, паважаў, дапамагаў ёй ва ўсім. 
Ужо праз два месяцы пасля знаёмства яны вырашылі пажаніцца. Але здарылася бяда: памёр бацька Ірыны. Вяселле давялося адкласці на год. Іх пачуцці, жаданне быць разам ад гэтага ніколькі не аслаблі – хутчэй, наадварот. 
Пасля вяселля маладыя сталі жыць у Рукшанах, з бацькамі Міхаіла. Тут нара­дзіліся іх старэйшыя дзеці Насця і Косця. 
– Мы пражылі разам са свякроўкай сем гадоў, – успамінае Ірына Іосіфаўна. – Ні разу не пасварыліся. Але мне – як, напэўна, і любой жанчыне – хацелася быць гаспадыняй у сваім доме. Толькі аддзяліцца ад бацькоў, атрымаць кватэру, а тым больш пабудаваць дом у 90-я гады, калі вакол панавалі галеча і дэфіцыт, было няпроста.
Тагачасны старшыня калгаса «Шлях Леніна» Мечыслаў Валуевіч заўважыў стараннага вадзіцеля і прапанаваў Міхаілу Станіслававічу кардынальна змяніць род дзейнасці: вывучыцца на тэхніка штучнага асемянення кароў – такіх спецыялістаў не хапала. Паабяцаў кватэру. Гэта і стала галоўным аргументам на карысць новай прафесіі.
Жыллё ім выдзелілі ў Лазоўцы. Праўда, назваць кватэрай гэтае аварыйнае памяшканне мог толькі неўтаймаваны апты­міст. Але калі ёсць імкненне звіць сваё гняздзечка, непадобнае ні да якога іншага, гаспадар мае галаву на плячах і рукі ў яго растуць з патрэбнага месца, ды ў жонкі прыроджаны талент ландшафтнага дызайнера, то ў выніку можа атрымацца райскі куток, які з цягам часу ўзнік на месцы колішняй развалюхі.  
Пра ландшафтнага дызайнера – гэта не перабольшванне. У Ірыны Іосіфаўны бездакорны густ і прыроджаныя мастацкія здольнасці, якія яна пераняла ад бацькі. Той, просты селянін са Свіранак, быў адмысловым сталяром. А яшчэ ўмеў цудоўна маляваць. Яго талент перадаўся дзецям, асабліва дочкам Вандзе, у замужжы Лосевай, і Ірыне. А пазней – і ўнукам: дачка Ванды – прафесійны дызайнер, добра малююць і ўсе малодшыя Баршчэўскія.
Ірына ў школе здзіўляла настаўнікаў і аднакласнікаў сваімі работамі. Мо, і марыла дзяўчынка пра мастацкую вучэльню, але для вясковых дзяцей гэта была не прафесія: бацькі лічылі, што трэба трывала стаяць на зямлі, мець справу, якая пракорміць. Ды і прыро­джаная сарамлівасць, нежаданне быць навідавоку аказаліся мацнейшымі. Таму і пайшла ў педагагічны.
Яшчэ калі жыла са свякроўкай, стала займацца кветкамі. Дарэчы, маці Міхаіла таксама любіла іх – і паміж маладой і вопытнай гаспадынямі часам нават узнікала неасэнсаваная рэўнасць: чые лепшыя, прыгажэйшыя. А калі ў маладых Баршчэўскіх з’явіўся свой дом і панадворак – тут ужо было дзе разгуляцца фантазіі і дзе прыкласці рукі.
– Вядома, без Мішы я б нічога не зрабіла, – прызнаецца Ірына Іосіфаўна. – Уся цяжкая, земляная, работа – на ім. А ідэі мае, гэтага адмаўляць не буду. Заўсёды падабалася прыдумляць і ўвасабляць нешта новае.
Ідэі яна чэрпае адусюль. Матэрыял для іх увасаблення – таксама. На першым часе кветкі, саджанцы прывозілі з суседняга Вільнюса – там модныя павевы з’яўляліся раней. Шмат гадоў выпісвала расійскі часопіс «Мой прекрасный сад» – усе нумары захоўвае і час ад часу звяртаецца да іх за падказкамі. Хоць цяпер асноўны кансультант – інтэрнэт. Ну і сябры-аднадумцы: беларускія і расійскія калегі абменьваюцца не толькі парадамі, але і пасадачным матэрыялам.
– Найбольш люблю дэкаратыўна-лісто­­выя расліны, – расказвае жанчына. – Хостаў у мяне каля двухсот сартоў. Піво­няў маю калекцыю, хоць і не такую вялікую, прыкладна сорак відаў…
– Гэта ўжо своеасаблівая залежнасць, – прызнаецца Ірына. – Радасць адчуваеш, як толькі закажаш новую расліну. Потым атрымліваеш пасылку – яна падвойваецца: хочацца хутчэй пасадзіць, назіраць, як расце. Радуешся кожнаму новаму лісціку, пупышцы. А калі ўжо зацвіце… Гэта не перадаць!
Хоць задавальненне гэта зусім не таннае, муж яе разумее. Ведае: Ірыну ўжо не перайначыць. Дый навошта, калі гэта прыносіць такія кароткія і бясконца-доўгія хвіліны шчасця?..

245.jpg

Калі старэйшыя дзеці амаль адначасова пайшлі вучыцца, падрастала малодшая, Веранічка, сям’і стала элементарна не хапаць грошай. Ірына Іосіфаўна пакінула работу ў школе, і Баршчэўскія завялі гаспадарку: дзве каровы, свіней, іншую жыўнасць. Яна давала нашмат таннейшыя, чым у магазіне, да таго ж больш смачныя і экалагічна чыстыя прадукты да сямейнага стала і падтрымкі студэнтаў, а продаж лішкаў дазваляў атрымаць дадатковы даход.
– Хоць, вядома ж, зноў уся цяжкая работа лягла на плечы мужа, – з удзячнасцю гаворыць Ірына Іосіфаўна. – Я так, на падхваце…
І дадае:
– Але з жывёлай цяжка – клопат пра яе назаўтра не адкладзеш, не скажаш: пачакай. Таму, калі Насця і Косця пайшлі на свой хлеб, мы збылі гаспадарку.
…І нечакана ў гаспадыні вызваліўся час, якога раней заўсёды не хапала. Яна, безумоўна ж, знайшла, чым яго заняць, адкрыўшы для сябе новае захапленне: вырабы са скуры. Як і ва ўсім, за што бярэцца, дасягнула ўзроўню майстра – дарэчы, менавіта майстрам народных промыслаў і працуе цяпер Ірына Іосіфаўна ў аддзеле рамёстваў раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Яе кампазіцыі, пано, карціны, упрыгожанні, не толькі дэкаратыўныя, але і прыкладныя рэчы выстаўляюцца на ўсіх святах – і нікога не пакідаюць раўнадушным. Асабліва калі ведаеш, з чаго яны зроб­лены. Да прыкладу, на выраб пер’я грацыёзнай чаплі спатрэбілася некалькі соцень малюсенькіх, менш сантыметра, кавалачкаў скуранога смецця – інакш не скажаш, якое трэба было апрацаваць, прымацаваць, аформіць, каб ні ў каго не ўзнікла сумнення, што гэта – пёркі. 

073.jpg

581.jpg

…Выраслі дзеці Баршчэўскіх. Насця вый­шла замуж і падарыла бацькам радасць і ўцеху – унука. Косця працуе, жыве пакуль з бацькамі – але ўжо купіў невялікі дом, абуладкаваннем якога цяпер натхнёна займаецца разам з бацькам. Вучыцца ў БНТУ Вераніка, час ад часу наведваючы родную Лазоўку.
А яны, Ірына і Міхаіл, па-ранейшаму, вось ужо 31 год, разам. Як некалі абяцалі Богу і адзін аднаму, – у горы і ў радасці, у здароўі і ў хваробе, у справах і ў адпачынку, дома і ў касцёле. Падтрымліваючы адзін аднаго, дапамагаючы, раячыся, радуючыся, сумуючы…
У тым і ёсць іх простае, сціплае, не на паказ, але такое шчырае і сапраўднае шчасце.




Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 


Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

 



Текст: Нина Рыбик