З асколкам у лёгкім прайшоў вайну Сямён Харытонаў
09:07 / 09.05.2022
Вока міжволі зачапілася за невялікі артыкул «Захоўваючы сцяг палка», падпісаны «С. Харытонаў, палкоўнік у адстаўцы». А пад ім – кароткае паведамленне «Ад рэдакцыі. Калі нумар быў гатовы да друку, прыйшла жалобная веска: раптоўна памёр Сямён Харытонавіч Харытонаў. Рэдакцыя смуткуе з гэтага выпадку і выказвае спачуванне сям’і нябожчыка». На апошняй старонцы той жа газеты надрукаваны не часты ў тагачасных газетах некралог за подпісам «Група таварышаў», у якім сцісла расказваецца пра баявы і жыццёвы шлях былога астравецкага ваенкома, палкоўніка Харытонава.
Міжволі падумала: ці не мае дачынення ветэран, што пайшоў з жыцця напярэдадні Дня Перамогі, якую ён, мяркуючы па газетнай публікацыі, гераічна набліжаў, да сённяшняга супрацоўніка Астравецкага энергазбыту, удзельніка інтэлектуальных гульняў Уладзіміра Харытонава? Тут жа пераслала Уладзіміру Анатольевічу копію публікацыі – і неўзабаве атрымала адказ: «Так, гэта мой дзед».
І вось мы гутарым у рэдакцыйным кабінеце.
– Я не ведаў дзеда, – гаворыць Уладзімір Анатольевіч. – Ён памёр за два гады да майго нараджэння. Але бабуля, Ганна Кандрацьеўна, якая жыла з намі, шмат пра яго расказвала. І дакументы…
Ён дастае з сіняй папкі ваенны білет, ордэнскую кніжку, той самы нумар «Астравецкай праўды» з апошняй дзедавай публікацыяй і некралогам, аўтабіяграфіі, напісаныя роўным акуратным почыркам і надрукаваныя на пішучай машынцы (пад капірку, праз адзін інтэрвал, дзе-нідзе зроблены паметкі алоўкам ці ручкай), паслужны спісак Міністэрства абароны Саюза ССР… І фотаздымкі: малажавы палкоўнік – кароткая стрыжка, разумныя вочы, на грудзях – безліч узнагарод; ён жа побач з прыгожай жанчынай і трыма рознаўзроставымі, але аднолькава бялявымі хлопчыкамі.
– Была яшчэ дзяўчынка – яна страцілася ў гады вайны. Бабуля ўсё жыццё чакала дачку. Але гаварыць пра гэта не любіла…
…Гартаю пажоўклыя старонкі, углядваюся ў роўныя радкі, напісаныя амаль каліграфічным почыркам, без адзінай граматычнай памылкі («Адукацыя ніжэйшая, 5 класаў», – чытаю ў дакументах. Не веру!).
І час паварочвае назад свой бег, прастора расступаецца, сведкі ажываюць…
…Сямён Харытонаў нарадзіўся ў 1908 годзе ў вёсцы Курава Ленінскага раёна Вялікалукскай вобласці Расіі. Бацькі былі беднымі сялянамі. Такі ж спрадвечны лёс – араць ды сеяць – чакаў і сына: да сялянскай працы яго прыставілі адразу пасля заканчэння пяці класаў (у адпаведнасці з іншымі крыніцамі – трох), лічылася, што такой адукацыі вяскоўцу хопіць.
Лёсавызначальным у жыцці юнака стаў 1930 год: яго прызвалі ў армію. Там Сямён закончыў палкавую школу, яго прызначылі камандзірам аддзялення. Ваенным добра: абуты, апрануты, накормлены, за цябе вырашаюць, куды ісці і што рабіць, знай сабе выконвай загады…
Два гады службы праляцелі імгненна – давялося вяртацца ў роднае сяло, да каня і плуга. Але, папрацаваўшы год у калгасе, юнак вярнуўся ў армію на звыштэрміновую службу – у той жа полк і дывізію, дзе служыў.
Харытонава зноў прызначылі камандзірам аддзялення, затым – старшыной кулямётнай роты. Пяці класаў адукацыі не хапала – яго накіравалі на курсы камандзіраў узводаў. І ваенная кар’ера Сямёна Харытонава пайшла ўгору: камандзір кулямётнага ўзвода, затым – роты, і ўсё ў родным палку, у сваёй дывізіі.
У 1935 годзе Сямён ажаніўся. Прыгажуню жонку, на 12 гадоў маладзейшую, знайшоў у сваім жа сяле. Цяжка сказаць, якім ветрам карэнную пецярбуржанку пасля рэвалюцыі занесла ў Вялікалукскую вобласць, але можна здагадацца, што гэта быў вецер перамен. Праз год, у 1936-м, у іх нарадзіўся старэйшы сын Уладзімір. Мяркуючы па тым, што пасведчанне аб нараджэнні выдадзена ў родным сельсавеце, Ганна Кандрацьеўна чакала свайго камандзіра ў вёсцы.
…Ваенным быць добра. Калі б не войны. У 1939 годзе пачалася фінская, якую затым сарамліва назавуць кампаніяй. Сямён Харытонаў удзельнічаў у баях на Карэльскім перашыйку ў якасці камандзіра кулямётнага ўзвода. Тады ж ён атрымаў першы ордэн Чырвонага Сцяга – як сціпла напісаў у аўтабіяграфіі, «за ўдзел у штурмавой групе па блакіроўцы дота і забеспячэнне агнём атакі батальёна на востраве Кайвіста».
У кароткім перапынку паміж войнамі Сямён Харытонаў закончыў у Маскве курсы ўдасканалення штабных камандзіраў. У красавіку 1941 года ён ужо памочнік начальніка штаба палка.
На гэтай пасадзе і застала яго Вялікая Айчынная вайна. Але ўжо 15 ліпеня 1941 года Харытонаў у якасці камандзіра стралковага батальёна адправіўся на Паўночна-Заходні фронт на абарону Ленінграда.
«Ва ўмовах упартых баёў з пераўзыходзячымі сіламі праціўніка батальён у складзе 17 стралковага палка 43 стралковай дывізіі на сухапутным участку быў адрэзаны ад Ленінградскага фронту ў раёне Цераокі (цяпер горад у складзе Фінляндыі . – Н.Р.) Вывезены на параходзе па Фінскім заліве, батальён заняў абарону на старой граніцы паўночней Ленінграда ў раёне Васкелова (цяпер вёска ва Усевалажскім раёне Ленінградскай вобласці. – Н.Р.). Па заданні камандавання Ленінградскага фронту 19 верасня 1941 года батальён раптоўнай атакай знішчыў роту салдат праціўніка, захапіў вышыню Сіманаўская і ўмацаваўся на ёй. У выніку быў ліквідаваны агонь прамой наводкі артылерыі праціўніка на нашых».
(З аўтабіяграфіі Сямёна Харытонава.)
13 лістапада ў баях за горад Мга (цяпер гарадскі пасёлак Кіраўскага раёна Ленінградскай вобласці. – Н.Р.) Сямён Харытонаў быў цяжка паранены ў левую руку. Больш за тры месяцы лячыўся ён у шпіталі ў Ленінградзе. А калі рана зацягнулася – зноў на фронт.
У верасні 1942 года ў цяжкіх баях пад Ржэвам, калі полк страціў да 80% асабовага саставу, начальнік штаба палка быў у другі раз цяжка паранены, асколак трапіў яму ў левае лёгкае. У шпіталь капітана Харытонава накіравалі ва Уфу. Падлячыўшыся, ён зноў вярнуўся на фронт. Хоць той асколак застаўся ў лёгкім на ўсё жыццё. І – скажам, забягаючы наперад, – істотна яго скараціў…
У 1943 годзе Сямён Харытонаў, на той час – начальнік штаба 361 стралковага палка156 стралковай дывізіі, трапіў у Беларусь.
«У верасні 1943 года полк быў перакінуты на віцебскі напрамак у раён г. Гарадок. Пасля баёў у раёне возера Езярышча 361 стралковы полк працягваў праследаваць адыходзячага праціўніка і пры падыходзе да вёскі Шуміліна быў спынены арганізаваным агнём і контратакамі свежых сіл праціўніка, дзе заняў абарону. У час абарончых баёў са снежня 1943 па ліпень 1944 года ў раёне в. Шуміліна полк, маючы вялікі некамплект у асабовым складзе, абараняючы раён па фронце да 5 кіламетраў, неаднаразова адбіваў буйныя разведгрупы праціўніка, трывала ўтрымліваў заняты ўчастак абароны, захапіў некалі палонных і затрымаў разведчыка праціўніка, які спрабаваў перайсці лінію фронту з дадзенымі аб размяшчэнні нашых часцей».
(З аўтабіяграфіі Сямёна Харытонава.)
Той разведчык, мусіць, быў надзвычай каштоўны: за яго затрыманне Сямёна Харытонава ўзнагародзілі ордэнам Айчыннай вайны І ступені.
У 1944 годзе вайна пакацілася на захад. Дакладней, яе «пакаціла» Чырвоная армія. І Сямён Харытонаў быў часцінкай гэтай магутнай машыны, адным са шматлікіх маленькіх «вінцікаў», які, тым не менш, рабіў разам з усімі вялікую справу.
«Пасля прарыву абароны праціўніка ў раёне Віцебска ў ліпені 1944 года 361 стралковы полк, праследуючы адыходзячага праціўніка і ўдзельнічаючы ў разгроме акружанай групіроўкі, знішчыў і ўзяў у палон каля тысячы салдат і афіцэраў фашысцкай арміі, якія спрабавалі прарвацца да сваіх часцей».
(З аўтабіяграфіі Сямёна Харытонава.)
Падчас той наступальнай аперацыі адбыўся эпізод, пра які Сямён Харытонавіч расказваў ва ўжо згаданым артыкуле «Астравецкай праўды» «Захоўваючы сцяг палка».
«Летам 1944 года наш трэці Беларускі фронт з баямі ішоў па літоўскай зямлі. (…). Услед за наступаючым палком рухаўся штаб з абозам боекамплекта. Прасоўваліся хутка, спыняцца было нельга. На адным з участкаў здарылася непрадбачанае: сусед злева затрымаўся ў наступленні, а падраздзяленні нашага палка ўсё ішлі наперад. У гэты прарыў прасачылася рота нямецкіх салдат і схавалася ў хмызняку каля палявой дарогі, па якой рухаўся наш штаб і абоз. Немцы сустрэлі нас суцэльным агнём ручных кулямётаў. (…). Становішча было складаным: у нас быў палкавы сцяг, які належала захоўваць як сваё вока, і абоз з боекамплектам».
(«Астравецкая праўда» за 9 мая 1967 года.)
У той цяжкі момант Сямён Харытонаў – адзіны з афіцэраў, хто знаходзіўся пры штабе, – узяў камандаванне на сябе. Сілы былі няроўныя: каля трыццаці нашых байцоў супраць сотні немцаў. Немцы палівалі знішчальным кулямётным і аўтаматным агнём, спрабавалі ўзяць у акружэнне. Праціўнікаў раздзяляла некалі дзясяткаў метраў. Тым не менш, граматна арганізаваная абарона не дазволіла фашыстам захапіць сцяг палка, знішчыць штабны абоз. Каля двух гадзін доўжыўся кровапралітны бой. На шчасце, радыстка паспела выклікаць падмацаванне. Нямецкую роту чырвонаармейцы знішчылі амаль поўнасцю, загінула двое нашых, сямёра былі паранены. За той бой сем байцоў былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі. А Сямён Харытонаў атрымаў асаблівую ўзнагароду – ордэн Аляксандра Неўскага, якім адзначалі выключна камандзіраў Чырвонай арміі, якія ў гады Вялікай Айчыннай вайны праявілі ў баях асабістую смеласць, мужнасць і адвагу і ўмелае камандаванне, якія забяспечылі паспяховыя дзеянні сваіх часцей.
У верасні 1944 Сямёна Харытонава прызначылі камандзірам 732 стралковага палка 235 стралковай дывізіі. Пасля былі яшчэ кровапралітныя баі за Кёнігсберг. А ў сакавіку 1945 года яго накіравалі ў Маскву на паскораны курс акадэміі імя Фрунзе.
Але да вучобы Харытонава не дапусцілі: не прайшоў медыцынскую камісію – перашкодзіў той самы асколак у лёгкім, які застаўся з 1942 года. Ваяваць ён дазваляў, а вось вучыцца на вышэйшага камандзіра – не. Харытонава вярнулі на ІІІ Беларускі фронт, толькі ўжо ў рэзерв.
Потым, пасля некалькіх пераводаў, Сямён Харытонавіч апынуўся ў Астраўцы, у жніўні 1948 года яго прызначылі раённым ваенным камісарам. Невялікі райцэнтр на паўночным захадзе Беларусі стаў яго апошнім жыццёвым прыпынкам, месцам нараджэння трэцяга сына Віктара (другі, Анатоль, з’явіўся на свет у 1945 годзе усё там жа, у роднай вёсцы).
Ваенкомам ён працаваў да 1955 года, затым, ужо ў званні палкоўніка, выйшаў у адстаўку – франтавыя раненні здароўя не прыбаўлялі. І да часу, у 59 гадоў, звялі героя вайны на той свет.
За подзвігі ў гады Вялікай Айчыннай вайны Сямён Харытонаў узнагароджаны трыма ордэнамі Чырвонага Сцяга, ордэнамі Чырвонай Зоркі, Аляксандра Неўскага, Айчыннай вайны І ступені, медалямі «За абарону Леніграда», «За перамогу над Германіяй», «За ўзяцце Кёнігсберга», «За баявыя заслугі» і іншымі.
А галоўнае – удзячнай памяццю нашчадкаў.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.
Телеграм-канал «Островецкая правда» – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.
Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.