Как оживить “Лего”, учит юных островчан Дмитрий Игнатик
Астраўчанін Дзмітрый Ігнацік лічыць сваю работу справай па душы – і добрым штуршком для самаўдасканалення. Малады чалавек выкладае ў Астравецкім цэнтры творчасці дзяцей і моладзі робататэхніку – гэты накірунак навукі развіваецца імкліва, таму на месцы доўга не “патопчашся”.
Як прыйшоў у прафесію, хто пазнаёміў з праграміраваннем і мадэляваннем, адкуль у ЦТДіМ нятанныя канструктары для заняткаў і чаму настаўнік вучыць сваіх падапечных – пра гэта даведаўся карэспандэнт, наведаўшыся на заняткі да Дзмітрыя.
ВУЧЫЎСЯ САМ
Калі хобі абіраюць прафесіяй, звычайна ўсё адбываецца на стандартнай схеме: ёсць любімы занятак – вырашыў гэтаму навучыць дзяцей. У Дзмітрыя атрымалася па-іншаму.
– Цэнтр творчасці выйграў грант АСЭ ІК на рэалізацыю праекта па навучанні робататэхніцы дзяцей і падлеткаў робататэхніцы – заказалі. І дырэктар прапанавала мне (тады я працаваў праграмістам) адкрыць гурток па гэтаму накірунку, – расказвае малады чалавек. – Я зацікавіўся – у праграміраванні тое-сеё разумею, але ні вопыту, ні разумення, што ды як рабіць, не было.
Не чакаючы, пакуль з’явіцца неабходнае абсталяванне, Дзмітрый пачаў вучыцца: семінары ў цэнтры тэхнічнай творчасці, курсы анлайн, самастойная праца…
– Помню першы семінар, куды мяне камандзіравалі падвучыцца: проста ашалеў ад убачанага – не думаў, што такое ёсць! – смяецца педагог. – Думаю, быў у не меншым захапленні, чым дзеці, якія прыйшлі да мяне на заняткі. Я і цяпер вучуся: навінкі, цікавыя ідэі – трэба быць у курсе.
Адукацыйнымі праграмамі для гуртка Дзмітрыю дапамаглі калегі з абласнога цэнтра тэхнічнай творчасці. І калі прывезлі наборы для канструявання, малады чалавек ужо быў у поўным узбраенні – і метадычным, і практычным. Так у цэнтры творчасці адкрыўся гурток “Робат і я”.
Канструктары для робататэхнікі – рэч нятанная, а да іх у камплект абавязкова патрэбны камп’ютары.
– Галоўная бяда лега-набораў – “гараць” рухавікі. Гэтыя дэталі дарагія, а без іх ніяк. Але я знайшоў выйсце: майстра, які ўмее іх рамантаваць, – усміхаецца Дзмітрый. – Да слова, далёка не ўсе бацькі могуць купіць дзіцяці такую “цацку”, а вось у нашых выхаванцаў ёсць цудоўная магчымасць развіваць здольнасці ў тэхнічным накірунку.
ВУЧАЦЦА ДЗЕЦІ
– Робататэхніка – накірунак для дзяцей цікавы. І адначасова складаны. Гэта галіна ўключае ў сябе электроніку, механіку, праграміраванне і іншыя прыкладныя навукі, – расказвае педагог.
Адначасова ў групе могуць займацца 8 чалавек – столькі куплена камплектаў.
– Пазней набылі яшчэ дадатковыя, але яны служаць толькі дапаўненнем да базавых, – гаворыць Дзмітрый. – Мы працуем з праграмным забеспячэннем Lego WeDo 2.0 і Lego MINDSTORMS EV3.
У гурток прымаюць дзяцей з 6-ці гадоў. Галоўнае, тлумачыць настаўнік, каб яны ўмелі лічыць хаця б да 10 і ведаць, як выглядаюць гэтыя лічбы.
– У мяне некалькі ўзроставых груп: 6-7, 8-9 і 10-14 гадоў. Дарэчы, не думайце, што сюды толькі хлопчыкі ходзяць, дзяўчынак таксама цікавіць робататэхніка, – працягвае малады чалавек. – Пакуль дзеці не вывучаць назвы дэталяў, не навучацца вымяраць іх памер, канструяваць не пачынаем. Ну і, суадносна, калі пачынаем праграміраваць: не будуць ведаць магчымасцей праграмнага забеспячэння – робата не “ажывяць” альбо ён не выканае пастаўленай задачы. І абавязкова ў пачатку інструктаж па тэхніцы бяспекі – усё ж працуем з дробнымі дэталямі.
– Што тычыцца малодшых выхаванцаў, то кожны занятак прадумваю так, каб яны паспелі зрабіць падзелку, каб не страцілі цікавасці, – для іх важны хуткі вынік, – дзеліцца вопытам педагог. – Паступова заданні ўскладняю. З сярэдняй групай над праектамі (мадэлямі. – Заўв. аўт.) працуем цягам 2-х тыдняў, а са старэйшымі – да месяца. Заняткі робататэхнікай развіваюць не толькі тэхнічнае і аналітычнае мысленне, яны выхоўваюць у дзяцей пільнасць, уседлівасць, акуратнасць, уважлівасць. Мяркуйце самі: няправільна зрабіў замер – робат не выканае заданне, зрабіў няўстойлівую канструкцыю – мадэль разваліцца, замацаваў не тую дэталь – не зможа рухацца. У канцы работы кожны павінен раскласці “запчасткі” на свае месцы ў каробцы – інакш на наступным уроку ты альбо той, хто прыйдзе пасля цябе, не зможа працаваць, бо будзе шукаць дэталі. І эстэтычны густ таксама прывіваецца – не проста зрабіць робата, а яшчэ прыгожа, незвычайнай канструкцыі, але практычнага.
А яшчэ на занятках дзеці займаюцца доследнай дзейнасцю. Да прыкладу, каб зрабіць паводкавы шлюз, трэба ведаць не толькі яго будову, а і што ўяўляе сабой паводак, як яго можна спыніць, дзе ставяць шлюзы. Альбо, каб запраграмаваць працэс апылення кветкі, спярша дазнацца, як ён адбываецца.
Гурток Дзмітрыя Канстанцінавіча працуе ўжо 4 гады. Былі выхаванцы, хто з часам разумелі, што робататэхніка – не тое, чаго яны чакалі, – гэта нармальна, лічыць педагог, трэба шукаць сябе. Ёсць дзеці, у якіх не хапае цярпення дарабіць пачатае – іх таксама надоўга не хапае. Але першапачатковы склад гуртка асабліва мяняецца: 80% – гэта касцяк.
Пра цікавасць да канструявання і праграміравання тэхнікі гавораць і поспехі гурткоўцаў – не раз яны станавіліся пераможцамі і прызёрамі конкурсаў.
Так, з апошніх удалых выступленняў – удзел у абласным этапе рэспубліканскага конкурсу інавацыйнай і тэхнічнай творчасці Hi-Tech Яна Івашэнкі і Арцёма Арцем’ева. Хлопцы заваявалі Дыпломы ІІІ ступені ў намінацыі (спецыяльнай мовай – кампетэнцыі) “Мабільная робататэхніка”.
На спаборніцтва канкурсанты прывозілі гатовыя мадэлі – на месцы іх трэба было толькі запраграміраваць згодна з атрыманым заданнем. Астраўчане працавалі ў камандзе: Арцём рабіў замеры, а Ян па яго дадзеных “начыняў” машынку.
– Калі запісваўся ў гурток, такое-сякое ўяўленне было, чым буду займацца, умеў мадэлькі з канструктара складаць – і толькі. А тут праграміраваць робатаў навучыўся – гэта цікава. Мне вельмі падабаецца, – расказвае Ян Івашэнка. – Хаджу да Дзмітрыя Канстанцінавіча каля 4-х гадоў. І ў конкурсах ужо неаднойчы ўдзельнічаў. Але ў такім, на які цяпер ездзіў, быў упершыню. Мы з Арцёмам не толькі сваю мадэльку дэманстравалі – разам падглядалі ідэі, аналізавалі работы сапернікаў. Да прыкладу, заўважылі, што абавязкова трэба рабіць борцікі і бамперы.
– Увогуле конкурсы – гэта добра: навучышся нечаму, свае сілы паспрабуеш і падахвоцішся, – рэзюміруе хлопчык.
Каб вынікі працы і поспех выхаванцаў маглі бачыць дзеці і іх бацькі, Дзмітрый Ігнацік па заканчэнні работы над праектамі робіць гіфы і невялікія відэа, якія выкладае ў агульную суполку.
Робататэхніка прысутнічае ва ўсіх сферах сённяшняга жыцця, і ў быце ў прыватнасці, – узгадайце, колькі машын абслугоўвае чалавека. Хто ведае, можа, выхаванцы Дзмітрыя Ігнаціка некалі будуць распрацоўваць “сапраўдных” робатаў.
Арцём Арцем'еў (на конкурсе)
Ян Івашэнка