У велікодныя святы да насельнікаў Міхалішкаўскай бальніцы завітала моладзь

12:11 / 21.04.2022

Валанцёры міхалішкаўскага маладзёжнага атрада “Анёл” у велікодныя святы наведалі пацыентаў сацыяльных ложкаў мясцовай бальніцы.

– Мы даўно апякуемся пацыентамі мясцовай бальніцы – цяпер тут толькі сацыяльныя ложкі. А раней і стацыянарных хворых наведвалі ў святы, – расказвае кіраўнік валанцёраў, педагог-арганізатар Міхалішкаўскай школы Людміла Лаздоўская. – Праўда, з-за каронавіруса ў мінулым годзе наведаць людзей мы не змаглі – перадалі гасцінцы праз медперсанал.

Сёлета ў школе аб’явілі традыцыйную акцыю па падрыхтоўцы падарункаў да Вялікадня. Прыносілі фарбаваныя яйкі, салодкасці, грошы – на іх валанцёры дакупілі прысмакаў.

– А потым патэлефанавалі ў бальніцу, даведаліся, колькі чалавек знаходзіцца на ўтрыманні, склалі 52 святочныя наборы – і адправіліся ў госці да адзінокіх састарэлых. Нам былі рады, і мы з дзецьмі кожны раз радуемся, што хоць на кропельку, хоць на некалькі хвілінак удаецца такой вось праявай увагі зрабіць гэтых людзей шчаслівейшымі, – дзеліцца Людміла.

Правядзенне падобных акцый мае мэтай, па словах маладзёжнага лідара, яшчэ і выхаванне ў падрастаючага пакалення любові, спагады да бліжняга. Падлеткі ўвачавідкі бачаць іншы бок жыцця: адзінокую старасць, нямогласць, задумваюцца над тым, што гэтыя пажылыя мужчыны і жанчыны таксама некалі былі маладымі, аб нечым марылі – і, дакладна, ніхто з іх не мог уявіць, што застануцца адны.




Текст: