Моладзь Астравеччыны садзіла лес

15:20 / 15.04.2022

У агульнарэспубліканскай акцыі “Тыдзень лесу” актыўна ўдзельнічалі і добраахвотнікі астравецкай раённай арганізацыі БРСМ.

– Як і ў мінулыя гады, гэтую добрую справу падтрымалі вучні і працоўная моладзь з РАУС, РАНС, аддзелаў культуры і адукацыі, – расказала першы сакратар Астравецкай арганізацыі БРСМ Віялета Алексеявец.

Усяго да акцыі далучылася больш за 300 нашых актывістаў, шмат маладых людзей выязджалі на пасадку дрэў на працягу ўсяго тыдня.

Дар’я Рован і Аляксандр Мажута з Рытанскага дзіцячага сада – базавай школы ўдзельнічаюць у акцыі не першы год. Падлеткі лічаць, што справу робяць карысную: ад аднаўлення лесу, акрамя іншага, залежыць і чысціня паветра.

– Шэсць дзён разам з настаўнікамі і работнікамі школы ездзілі на дзялянку, якую адвяло пад пасадку Падольскае лясніцтва, – расказвае дзяўчынка. – З дапамогай мяча Колесава садзілі елку і бярозу – усяго 12 гектараў аднавілі.

– Я, як і Даша, на лесапасадцы не адзін год дапамагаю. Першы раз было цяжкавата – меч нялёгкі, ды і пакуль прызвычаіўся ім працаваць, – далучаецца Аляксандр. – Цяпер ужо пасталеў, падужэў і работу ведаю – проста атрымліваю задавальненне ад таго, што раблю. (Усміхаецца.) Хочацца падаць прыклад меншым школьнікам, паказаць важнасць гэтай справы.

Аліна Пясляк, якая працуе ў СШ №1, у Тыдні лесу ўдзельнічае другі раз.

– Садзіла лес у мінулым годзе – спадабалася – нічога складанага, – гаворыць дзяўчына. – Сёлета працавалі непадалёк Слабодкі, што ля Астраўца. Дарэчы, новы спосаб пасадкі асвойвалі – праз спецыяльную трубку. Кампанія цудоўная сабралася – і справу патрэбную зрабілі, і пастасаваліся, яшчэ і чаем з пячэннем нас арганізатары пачаставалі.

Пяты год запар узнаўляюць лясны фонд Астравеччыны і міхалішкаўскія актывісты.

– Увесь тыдзень з аднакласнікамі ездзілі дапамагаць Спондаўскаму лясніцтву, нас ніхто не прасіў – самі прапаноўваем. Каманда ў нас дружная – чаму ж у такой не папрацаваць! Садзілі на розных дзялянках сасну, бярозу, елку, – дзеліцца школьніца Эвяліна Хароніна. – Дарэчы, хоць нас тут і добра ведаюць і справа для нас не новая, а без папярэдняга інструктажу – ніяк! І без кантролю за работай – таксама! (Смяецца.)

Добраахвотнікі пакінулі шмат зялёных слядочкаў на лясной карце раёна, і рабілі яны гэта з задавальненнем. Няхай жа растуць іх лясы!




Текст: