Актывісты БРСМ на суботніку добраўпарадкавалі гарадскія алеі
Валанцёры Астравецкай раённай арганізацыі ГА БРСМ падчас суботніку добраўпарадкавалі гарадскія алеі і месцы пахавання ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны.
Навядзеннем парадку школьнікі і маладыя супрацоўнікі РАУС і РАНС.
Першым пунктам прыпынку добраахвотнікаў была сямейная алея на вуліцы Валадарскага. Абкапаць дрэўцы, падвязаць іх, апрацаваць ад шкоднікаў, паграбіць траву, сабраць смецце – вось і ўвесь пералік спраў школьнікаў на гэтым аб’екце. Нескладана – а карысць відавочная.
-- 17 красавіка 2019 года гэтая алея была закладзена, -- расказала лідар моладзі Астравеччыны Віялета Алексеявец. – Штогод тут прыбіраюць нашы актывісты, а раней яшчэ абнаўлялі таблічкі. Цяпер жа заменай сямейных шыльдачак займаюцца самі сем’і, а мы ўжо сочым за той, дзе напісана назва алеі. Рабіць добрыя справы разам – цудоўна, гэта і аб’ядноўвае, і выхоўвае. Адно толькі засмучае, што гэтага не цэняць тыя, хто тут сваіх жывёл выгульвае – месца ім спецыяльнае адведзена, і, дарэчы, недалёка ад алеі.
Шэфствуюць маладыя і ініцыятыўныя яшчэ над адной алеяй – пасаджанай у гонар 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
-- Гэта алею закладвалі на вуліцы Ленінскай наш райкам і члены БРСМ з РАУС, -- патлумачыла Віялета Юр’еўна. – Селёта ў яе добраўпарадкаванні, нам дапамагалі і маладыя супрацоўнікі РАНС.
Знайшлі час актывісты і для добраўпарадкавання магіл ветэранаў Вялікай Айчыннай вайнына гарадскіх могілках, а таксама месцаў спачыну ветэрана вайны Ганны Сітнікавай, загінулых ад рук бандытаў Мікалая Калгушкіна і Івана Ушакевіча, над пахаваннямі якіх даўно шэфствуюць БРСМаўцы.