Знаёмцеся: загадчык камбікормавага цэха КСУП “Гервяты” Людміла Астапавец

15:05 / 11.04.2022
700
КСУП «Гервяты» – адзіная гаспадарка раёна, якая спецыялізуецца на вытворчасці ялавічыны. 

Тут найболь­шае ў раёне пагалоўе буйной рагатай жывёлы: на малочна-таварных комплексах і фермах, цэху па гадоўлі і дарошчванні быкоў утрымліваецца звыш 10 300 галоў. Вялікай падмогай для іх кармлення служыць камбікорм, які «гервятцы» робяць самі. 

З першага дня стварэння камбікормавага цэха ім загадвае Людміла Астапавец. Жанчына расказала пра цэх, работу і падзялілася сваімі надзеямі.

Работа ў ахвоту

На гэтай міні-вытворчасці працуюць усяго два чалавекі: загадчык і аператар. Розныя віды камбікорму робяць для патрэб усёй жывёлагадоўлі гаспадаркі, асобныя – для быкоў, кароў, цялушак. За месяц вы­ходзіць звыш тысячы тон гэтага віду корму, за дзень – каля 40. Працягласць працоўнага дня залежыць ад патрэбных аб’ёмаў камбікорму для жывёлы на суткі: звычайна работнікі працуюць да 17.00, але, калі патрэбна, могуць затрымацца даўжэй.

– Збожжавыя кампаненты ў нас свае, набываем толькі бялковыя складнікі, прэміксы, іншыя да­баўкі – рацыён для рагуль і быкоў цалкам збалансаваны, – уводзіць у курс вытворчых спраў Людміла Пятроўна. 

Работу аблягчае аўтама­ты­за­цыя тэхналагічнага працэсу – з моман­ту паступлення ў ёміс­тас­ці сыравіны да выхаду гато­вай прадукцыі. Кожны этап вытворчасці камбікорму кант­ралю­юць пазменна загадчык Людміла Астапавец і аператар Пётр Лотах. Іх задача – правільна за­даць камп’ютару рэцэптуру і пра­­цэнт­ныя суадносіны кампа­нен­таў. 

– Раней тут было састарэлае абсталяванне: у бункеры трактар засыпаў збожжа, тэхналогія «прыгатавання» камбікорму была спрошчанай, – узгадвае пачатак працоўнай дзейнасці Людміла Астапавец. – Калі старшынёй калгаса стаў Анд­рэй Янчэўскі, у 2009 годзе пабудавалі новы цэх, паставілі новую лінію. 

Дарэчы, у КСУП «Гервяты» на «маніту» шчыруе і муж жанчыны, а ў цэху па дарошчванні і адкорме буйной рагатай жывёлы цялят даглядае родная сястра Люд­мілы Пятроўны – Вера Кацяш.



Прыстанак жыцця

Людміла Астапавец нара­дзі­лася ў невялікай украінскай вёсачцы Залужжа Ровенскай вобласці. Сям’я была вялікая – пя­цёра дзяцей. Аднак чарно­быльская бяда прымусіла пакі­нуць радзіму назаўсёды. 

– Суседнія вёскі высялялі, а мы з маці вырашылі самі пераехаць у Беларусь, на Астравеччыну, – тут ужо жыла мая сястра Вера. Узялі з сабой толькі самае неабходнае, – расказвае жанчына. – Раз у некалькі гадоў – да ваенных па­дзей на Украіне – старалася наведацца ў родныя мясціны. 

Адна з такіх паездак стала лёсавызначальнай для Людмілы. З Алегам яны вучыліся ў адным класе, жылі па-суседску і ў госці з маленства хадзілі адзін да аднаго. А потым дзіцячае сяброўства перарасло ў каханне. 

– Нават не ведаю, як гэта атрымалася, – жанчына ўсміхаецца. – З Украіны ў Беларусь вярнулася з Алегам. У наступным го­дзе з мужам будзем святкаваць 30-годдзе сумеснага жыцця. 

Калгаснае праўленне маладой сямейнай пары выдзеліла дом у Міцюнах, які з цягам часу Астапаўцы выкупілі. Выга­давалі сына. Артур, які працуе дальнабой­шчыкам, з сям’ёй жыве з бацькамі. А ў вольны ад работы час малады мужчына будуе дом у Малях.

– Яны з нявесткай пада­рылі нам унукаў Яраслава, Арцёма і Адэліну, – расказвае жанчына. 

На Вялікдзень жанчына пячэ пірагі, якія ў іх сям’і называюць пасхай, па адным рацэпце – ён дастаўся ад маці, а той – ад яе маці.  Напярэдадні свята Людміла Пятроўна ідзе да сястры Веры, бо ў яе хаце ёсць печ. Жанчыны ў чатыры рукі чаруюць над цестам, каб яно стала духмянымі і крамянымі боханамі. 

Людміла Пятроўна прызнаецца, што за гэтыя дзесяцігоддзі палюбіла Гервяты, але дагэтуль у снах бачыць радзіму, знаёмую да драбніц вёсачку і шчыра верыць, што, нарэшце, там сціхнуць выбухі – і ва Украіне запануе мір. 
Бліц-апытанне

– Што робіць вас шчаслівай у рабоце і асабістым жыцці?

– Шчасце, калі ёсць работа. Галоўнае – каб абсталяванне не ламалася; каб ніва багата радзіла. Як і любую жанчыну, мяне радуюць дзеці і ўнукі. 
Гэта такая пацеха! 

– Любімая справа?

– Корпацца ў зямлі. Агарод у мяне 25 сотак, цяпліца ёсць. Шмат бульбы садзім, гарбузоў. Вырошчваю розныя сарты агуркоў, памідораў, перцаў, капусты… Рэшту рассады і гародніны прадаю. 

– У чым сакрэт добрага ўраджаю?

– Расліны трэба не толькі даглядаць (праполваць, паліваць, падкармліваць), але і любіць. 

– Чым займаецеся ў вольны час?

– А яго ў мяне няма нават зімой. Абед-вячэру прыгатуеш, з унукамі пабудзеш... А яшчэ гаспадарка: трымаем карову, свіней. З кармамі дапамагае КСУП «Гервяты» – выдзяляе сена, бульбу прывозяць, лічы, пад вароты.

Подписывайтесь на «Островецкую правду» в телеграм по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

И присоединяйтесь к нашему сообществу в viber https://vk.cc/c3yHGs – будьте всегда в курсе свежих новостей из жизни Островца и Островецкого района.

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Северный вектор Гродненщины» по короткой ссылке https://t.me/severvg.

Самые интересные новости Островецкого, Ошмянского и Сморгонского районов.



Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений