Тыдзень лесу распачаўся на Астравеччыне
На Астравеччыне традыцыйную добраахвотную рэспубліканскую акцыю “Тыдзень лесу” распачалі дэпутаты раённага Савета дэпутатаў, ваенныя, работнікі спартыўнай і лясной галін.
Актывісты садзілі лес у 66 квартале “гаспадаркі” Аляксандра Гайсы, які пазалетась быў прызнаны лепшым ляснічым Беларусі.
З пачаткам добрай справы ўсіх павіншаваў дырэктар Астравецкага доследнага лясгаса Рыгор Долгі.
– Парадавала, што ў першы дзень правядзення акцыі да нас далучылася столькі людзей. Па ініцыятыве Міністэрства лясной гаспадаркі Тыдзень лесу ўпершыню прайшоў у 2008 годзе, – нагадаў Рыгор Мечыслававіч. – Сёлета кампанія прымеркавана да Года гістарычнай памяці. Мне падаецца гэта вельмі сімвалічным: кожны ахвочы можа пасадзіць лес і пакінуць памяць для нашчадкаў. Удзячны ўсім, хто сёння садзіць лес, і далучыцца да акцыі на працягу тыдня.
Пасля інструктажу па тэхніцы бяспекі, які правёў ляснічы Віктар Лях, удзельнікі разбіліся на пары і пачалі працаваць на дзялянцы. Бярозу садзілі з дапамогай мяча Колесава. А аднагадовую сасну з закрытай каранёвай сістэмай – з выкарыстаннем пасадачнай трубкі. Дарэчы, усе сеянцы вырашчаны ў астравецкім лесагадавальніку.
Выбар пасадачнага матэрыялу невыпадковы: па меркаванні спецыялістаў, змешаныя лясы больш устойлівыя. А сасна з закрытай каранёвай сістэмай выдатна прыжываецца.
Садзіць лес старшыні раённага Савета дэпутатаў Ірыне Тальчук у гэты дзень дапамагаў унук Раман.
– Разумею, што ўсё, чым карыстаюся ў гімназіі, – падручнікі, сшыткі – зроблена з паперы. Для яе вырабу выкарыстоўваецца драўніна. Узрадаваўся, калі даведаўся, што буду садзіць лес.
Ірына Эдуардаўна штогод удзельнічае ў акцыі “Тыдзень лесу”.
– Мне запомнілася першая пасадка лесу ў межах гэтай кампаніі, тады мы рыхтаваліся да 540-годдзя Астраўца. У той год акцыю прымеркавалі да юбілею нашага горада, – узгадала Ірына Эдуардаўна. – Гістарычную памяць можна перадаць дзецям і ўнукам толькі праз асабісты прыклад: стыль жыцця, традыцыі, каштоўнасці.
Меркаванне, што садзіць лес – добрая і патрэбная справа, падзяляюць і дэпутаты раённага Савета дэпутатаў, кіраўнікі навучальных устаноў Віктар Казак і Людміла Сасноўская, якія працавалі на дзялянцы ў пары.
– Экалогія – адно з найважнейшых і актуальных пытанняў не толькі для нашай краіны, – лічыць Віктар Казіміравіч. – Аднаўленне лясоў, у якім мы ўдзельнічаем, – вельмі важна.
– Кожны год дапамагаю садзіць лес. Прыемна, што мой след застанецца на роднай зямлі, – падсумавала Людміла Станіславаўна.
…Нагадаю, Тыдзень лесу працягнецца да 16 красавіка. Яшчэ ёсць час пасадзіць сваё дрэва!
ЛІЧБА
Звыш 300 гектараў лясных культур запланавана пасадзіць.










