Цуды жыровіцкага манастыра

10:16 / 06.04.2022
397
Жыровічы – асаблівае месца на карце краіны, назву гэтага невялікага аграгарадка ў Слонімскім раёне ведаюць ва ўсёй Беларусі, і не толькі праваслаўныя. Сюды едуць за дапамогай, за лекамі для цела і душы веруючыя розных канфесій і «недавяркі», атэісты і проста цікаўныя… Маці Божая Жыровіцкая прымае ўсіх – і дае кожнаму па веры яго…

Абраз Маці Божай Жыровіцкай – сам па сабе цуд. Ён, самы маленькі з усіх вядомых абразоў Маці Божай, нерукатворны, не напісаны лепшымі мастакамі, не выразаны таленавітымі скульптарамі на дрэве ці камені, кавалачак абпаленай гліны памерам з дзіцячую далоньку, творыць штодзённыя вялікія і малыя цуды. Хоць, вядома ж, не сам абраз, а шчырая вера і малітва да Маці Божай Жыровіцкай. 

Дакладная копія цудатворнай жыровіцкай іконы Божай маці, вырабленая ў 1994 годзе

Дакладная копія цудатворнай жыровіцкай іконы Божай маці, вырабленая ў 1994 годзе

Цуд з’яўлення

Нават з’яўленне гэтага абраза ў 1470 годзе – цуд, апісаны ў многіх крыніцах і сотні раз пераказаны.

Сялянскія дзеці, якія пасвілі цёплым майскім днём жывёлу на ўскрайку лесу, убачылі цудоўнае ззянне, якое зыходзіла ад маленькага абраза Маці Божай з дзіцяткам у руках у галінках квітнеючай грушы. Дзеці знялі абраз і аднеслі яго гаспадару маён­тка Аляксандру Солтану. Той не надаў асаблівага значэння ні расповеду дзяцей, ні іх знаходцы і паклаў яе ў шкатулку. Праз нейкі час, прымаючы важных гасцей, захацеў паказаць ім дзіўную рэч, але абраза не аказалася. Гаспадар не мог усвядоміць, што адбылося, пакуль яму не сказалі, што зноў прыйшлі тыя самыя пастушкі і прынеслі той самы абраз, які  ўбачылі на той самай грушы. Тады Солтан зразумеў, што гэта не проста кавалачак гліны з выявай жанчыны з дзіцем, а сапраўдная святыня. Ён пайшоў да грушы, шчыра маліўся і каяўся, што не зразумеў Божы знак з першага разу, і паабяцаў на гэтым месцы, у лесе, пабудаваць царкву ў гонар Прасвятой Багародзіцы, што неўзабаве і зрабіў. 

Цуд існавання

Праз 50 гадоў пасля цудоўнага з’яўлення іконы Маці Божай, у 1520 годзе, у Жыровіцкай Успенскай царкве здарыўся пажар. Гэты факт засведчаны ў адным з дакументаў сярэдзіны XVII стагоддзя, дзе запісана: «у агні згарэў увесь манастыр з храмам» – гэта, да слова, першы пісьмовы ўспамін пра існаванне ў Жыровічах манастыра.

Пажар стаў трагедыяй для святароў, манахаў і вернікаў: падчас яго знікла бясследна ікона Маці Божай Жыровіцкай. Як ні шукалі яе на папялішчы – марна. Здавалася, святыня страчана беззваротна.

Але праз нейкі час цудатворная ікона зноў з’явілася перад дзецьмі: вяртаючыся з ня­дзельнай школы, яны ўбачылі на вялікім камені непадалёк згарэлага храма Прасвятую Багародзіцу ў ззянні незямнога святла. Здзіў­леныя і спалоханыя нябачаным відовішчам, дзеці кінуліся да святароў. Калі тыя прыбеглі з імі да каменя, то знайшлі на ім апалены агнём абраз Маці Божай, а перад ім – свечку, на якой трапятаў агеньчык. Так цудатворная ікона з’явілася ў Жыровічах у другі раз – каб больш не пакідаць гэтае блаславёнае месца.

Яшчэ адзін цуд: камень, на якім стаяла Прачыстая і пакінула свой след падчас другога з’яўлення цудатворнага абраза, захаваўся да гэтага часу, ён служыць прастолам у Богаяўленскай царкве Жыровіцкага манастыра.

Але гэта не ўсе выпрабаванні, што выпалі на долю жыровіцкага духоўнага прыстанішча. Напачатку XVII стагоддзя, абві­на­­ва­ціўшы на падставе бяздо­казных сведчанняў тагачас­нага ўладальніка Жыровічаў Івана Солтана ў забойстве, у яго канфіскавалі маёнтак з манас­тыром і храмам на карысць удавы забітага. А ўжо праз год уладальнікам гэтай маёмасці стаў суддзя, які вынес жорсткі прысуд Солтану. Пазней ён перадаў адабраны падманным шляхам маёнтак прыхільнікам царкоўнай уніі – праваслаўны манастыр у Жыровічах перастаў існаваць. Праваслаўе вярнулася ў Жыровіцкую абіцель пасля Полацкага сабора 1839 года. 

Хоць храм тут не зачынялі ні ў часы міжканфесіянальнай барацьбы, ні ў гады Вялікай Айчыннай вайны, ні ў перыяд савецкага багаборніцтва. Сапраўднымі падзвіжнікамі былі святары, якія, рызыкуючы жыццём, неслі лю­дзям веру і Божае слова; манахі, якія, нягледзячы на ганенні, уціск, шматлікія выпрабаванні, не адмаўляліся ад свайго нябеснага паклікання; прыхаджане, якія насуперак забаронам, пагрозам, насмешкам ішлі ў храм, да сваёй заступніцы, памочніцы, лекаркі – Маці Божай Жыровіцкай. 

І Яна заступалася, лячыла, дапамагала перажыць усе беды і выпрабаванні.   

2020 год. Мітрапаліт Філарэт на святкаванні 550-годдзя з'яўлення жыровіцкай іконы Божай Маці.

2020 год. Мітрапаліт Філарэт на святкаванні 550-годдзя з'яўлення жыровіцкай іконы Божай Маці

Цуды паўсядзённыя

Немагчыма злічыць, колькі гарачых просьбаў і маленняў гучыць штодня каля цудатворнай іконы Маці Божай Жыровіцкай. Немагчыма ўлічыць, колькі цудаў адбылося па гэтых малітвах на працягу больш чым пяці стагоддзяў.

Хоць многія з іх дакументальна зафіксаваны – падобныя запісы вяліся з часу з’яўлення цудатворнага абраза – на жаль, некаторыя былі страчаны падчас войнаў і іншых ліхалеццяў.

Самым раннім, зафіксаваным ў XVI стагоддзі і, бадай што, самым вядомым з’яўляецца цуд уваскрэсення дзяўчыны Ірыны, дачкі Войнаў, заможных жыхароў Пінска. Захварэўшы, дачка папрасіла бацькоў адвезці яе ў Жыровічы, каб пакланіцца цудатворнай іконе. Але ў дарозе дзяўчына памерла. Бацькі вырашылі выканаць апошнюю волю дачкі і прывезлі яе ў манастыр для адпявання. Труну з целам паставілі каля абраза, да якога так імкнулася хворая, манахі пачалі адпяваць нябожчыцу. Падчас малітвы дзяўчына паднялася з труны і прыпала да абраза. Пазней Ірына расказала, што, калі цела яе ляжала ў труне, а сама яна назірала за ўсім зверху, з іконы сышла Прачыстая, падышла да дзяўчыны, пацалавала яе і сказала, каб яна жыццё  прысвяціла Богу. Ірына так і зрабіла: паступіла ў манастыр. Захавалася грамата караля Стэфана Баторыя ад 10 сакавіка 1580 года аб узвядзенні Ірыны з роду Войнаў у сан пінскай ігуменні. 

Ёсць шмат іншых сведчанняў цудаў ад іконы Маці Божай Жыровіцкай: многім яна дапамагла вылечыцца ад цяжкай хваробы, некаторым вярнула зрок, хтосьці змог зведаць шчасце мацярынства, іншых Прачыстая ўратавала ад немінуючай смерці.

А большасць цудаў захаваліся толькі ва ўдзячнай памяці лю­дзей, якія прыязджалі ў Жыровічы з апошняй надзеяй – і адчулі на сабе сілу малітвы ля цудадзейнага абраза, зведалі шчасце ласкі Маці Божай і Яе сына.

Хоць, магчыма, некаторыя ўспрымаюць цуд як выпадковы збег абставін. Што ж, Маці Божая літасцівая – як і Сын Яе. Яны даруюць, калі іх пра гэта папросяць, і зноў дапамогуць – раз і другі. 

Але не бясконца… 

Цуды асабістыя

Ведаю, што сярод жыхароў Астравеччыны нямала лю­дзей, якія маглі б падзяліцца ўспамінамі аб шчаслівых момантах сустрэчы і цудоўнай дапамогі Маці Божай Жыровіцкай. Ёсць такія ўспаміны і ў мяне. 

Першае маё спатканне са святыняй адбылося ў 2004 го­дзе, калі калектыў рэдакцыі выбраўся ў двухдзённую ванд­роўку па Беларусі: Нясвіж, Мір, Любча, Жыровічы….

…Як толькі з шумнай вуліцы Жыровічаў ступіла на тэрыторыю манастыра, недзе ў іншым жыцці засталіся доўгая дарога, сустрэчы і ўражанні мінулага дня. Ахапіла незразумелае радаснае хваляванне, захліснула хваля чакання сустрэчы з цудам. Мы не ведалі, куды ісці і што рабіць, – але размаўляць, пытаць, удакладняць не хацелася: толькі маліцца і плакаць. Слёзы замілавання і шчасця самі каціліся з вачэй…

І кожны наступны крок па тэры­торыі манастыра толькі ўз­мац­няў адчуванне благадаці, на якой, здаецца, тут настоена паветра. Асабліва гэта адчуваец­ца ва Успенскім саборы, найбольш – у яго эпіцэнтры, ля той самай цудатворнай іконы, да якой стагоддзямі нясуць людзі свае просьбы і малітвы. Ручаінка паломнікаў, здаецца, не перарываецца ніколі. Чарга з жада­ючых пакланіцца святыні, у якой ты побач з іншымі – але адзін, у сваіх думках, хваляванні перад сустрэчай. Тры прыступкі, некалькі імгненняў, калі ўвесь свет застаецца недзе ў іншым вымярэнні, а тут і цяпер ты сам-насам з Багародзіцай. Тры прыступкі ўніз – і слёзы шчасця амываюць душу: прыдачынілася, дакранулася да цуду…
І яшчэ адзін цуд – акунанне. Зноў чарга, нават дзве: адна – да невялікай драўлянай будыніны, дзе абсталявана купель – тады яна яшчэ была не такой добра­ўпарадкаванай, як цяпер; другая – да крыніцы: кожнаму хацелася ўзяць з сабой жыватворнай вады, часцінку Жыровічаў і Божай благадаці. І людзі, як і ў любой чарзе, не заўсёды добразычлівыя. Часта ў такія моманты думаеш: ці памятаюць яны, дзе знаходзяцца, ці ведаюць, чаго прагнуць?

Але купель… Нягледзячы на спякотны дзень, вада ў ёй халодная-халодная – здаецца, зараз убачыш крышталікі лёду. Дух захоплівае,  нешта не пускае зрабіць наступны крок, і кожны даецца цераз пераадоленне… Але, перамагаючы сябе, робіш па лесвічцы ўніз адзін і наступны крокі – і вось вада ўжо па грудзі. Перахрысціўшыся, акунаешся з галавой, і яшчэ раз, і яшчэ – і выходзіш з купелі, амыты благадаццю, абноўлены, іншы. Целу горача, нібы і не скаланалі хвіліну назад дрыжыкі. Хочацца смяяцца і плакаць, і абняць увесь свет, і любіш кожнага – нават таго, хто нядаўна аблаяў цябе ў чарзе. Дахаты вяртаешся з адзінай думкай: дзякуй, Прачыстая! І адзіным жаданнем: не растраціць гэтую благадаць, адчуванне беспрычыннага і бязмежнага шчасця, захаваць у душы як мага даўжэй…

Скажаце, гэта не цуд?

Што ж, для тых, для каго цуд – гэта нешта канкрэтнае, а не думкі-адчуванні-перажыванні, таксама магу расказаць гісторыю.

У сяброўкі разбалелася спіна, ды так, што ні сесці, ні ўстаць, ні крок ступіць. Трэба было б у бальніцу… Але з дому патэле­фанавалі: памерла бабуля. Не паехаць на пахаванне сяброўка не магла – бабуля была вельмі дарагім для яе чалавекам, а ехаць 8 гадзін на электрычках са шматлікімі перасадкамі, на мулкіх лаўках – немагчыма. Сучасных абязбольваючых тады яшчэ не было. У мяне было крыху жыровіцкай вады. Мы пайшлі на ручаёк, і я паліла сяброўцы на спіну цудадзейную ваду. Яна з'ездзіла дахаты, адстаяла пахаванне, вярнулася назад… І з таго часу на спіну, дзякаваць Богу, не скардзіцца.

Зрэшты, цуд, як і благадаць, і шчасце – субстанцыя вельмі тонкая і асабістая, таму нікога ні ў чым не збіраюся пераконваюць. 

Але раю: пры нагодзе, а яшчэ лепш – спецыяльна, настроі­ўшыся адпаведным чынам, наведайце Жыровічы. Магчыма, вы таксама пераканаецеся, што цуды існуюць і адчуеце, што такое благадаць. 

Дай Бог!


2004 год. Калектыў рэдакцыі ў Жыровічах каля Богаяўленчай царквы.


Крыніца са святой вадой

Текст: Нина Рыбик
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений