Сяўба ранніх збожжавых у КСУП “Гудагай” пераваліла за экватар
14:37 / 04.04.2022
Як праходзіць яравая сяўба ў адных з лідараў вясенне-палявых работ – КСУП «Гудагай», пад якія культуры адвядзе найбольшыя плошчы адзіная ў раёне насенняводчая гаспадарка – пра гэта і іншае даведаўся наш карэспандэнт.
На працягу апошніх гадоў аграрыі раёна, у тым ліку і працаўнікі КСУП «Гудагай», робяць стаўку на азімыя культуры – яны родзяць значна лепш за яравыя. Таму з восені «гудагайцы» скіраваліся народнай мудрасцю «спераду кінеш, ззаду знойдзеш» – і адвялі пад азімыя культуры 2 100 гектараў. Вясной плануюць пасеяць 1 410 гектараў ранніх збожжавых – на раніцу 4 красавіка з планам яны справіліся на 65%. Акрамя гэтага, 330 гектараў зоймуць цукровыя буракі, 1 500 – кукуруза (з іх на 350 – будзе вырошчвацца на зерне), і 90 – бульба.
На сяўбе збожжавых у КСУП «Гудагай» задзейнічаны 3 энерганасычаныя трактары, якія працуюць у счэпцы з сучаснымі камбінаванымі пасяўнымі агрэгатамі. За дзень засяваецца амаль 10% ад яравога кліна ранніх збожжавых і зернебабовых культур.
Механізатар Пётр Сяргей, які сеяў пшаніцу на полі паміж вёскай Кярняны і аграгарадком Варняны, пяты сезон працуе на ўніверсальным пасяўным комплексе «Кёкерлінг» нямецкай вытворчасці ў счэпцы з трактарам «Джон-Дзір». Пры найлепшым раскладзе ў сярэднім за дзень механізатар прыгортвае насенне ў глебу на 35-40 гектарах.
– Гэты пасяўны комплекс уяўляе сабой зубавую сеялку, у якой ёсць шэраг пераваг, – расказвае пра тэхнічную будову сельгасмашыны Пётр Іванавіч. – Кожны сошнік дакладна на патрэбную даўжыню ўводзіцца ў глебу з дапамогай пярэдняга роліка, які рухаецца. Гэта гарантуе раўнамернае і дастаткова глыбокае закрыццё насення нават на няроўнай паверхні і пры высокай хуткасці руху пасяўнога агрэгата.
Да слова, Пётр Сяргей неаднойчы станавіўся пераможцам і прызёрам раённых конкурсаў прафесійнага майстэрства аратых і прафсаюзных спаборніцтваў на корманарыхтоўцы.
Другі сейбіт Вацлаў Кандратовіч не менш вопытны, адказны і старанны за свайго калегу. У гаспадарцы ён амаль 40(!) гадоў. Механізатара заспела на полі за Малямі.
– У гаспадарку ўладкаваўся 1 красавіка 1983 года пасля службы ў арміі, з танка перасеў адразу на гусенічны трактар Т-74, – мужчына ўзгадвае пачатак працоўнай дзейнасці. – Пазней перасеў на МТЗ, апошнія гады працую на «Джон-Дзіры» – сістэма высеву тут цалкам камп’ютарызаваная. Сапраўднымі героямі былі нашы папярэднікі! Збожжа малацілі на камбайнах СК-4, без кабіны – вось табе і кандыцыянер…
Па словах Вацлава Часлававіча, кіраваць энерганасычаным трактарам, які працуе ў счэпцы з пасяўным агрэгатам аўстрыйскай вытворчасці «Поцінгер», – адно задавальненне.
– Аб’ём сяўбы за дзень залежыць ад многіх фактараў: плошчы ўчастка, надвор’я (калі прымаразкі, чакаем, пакуль зямля адыдзе, і пазней выходзім у поле), колькасці пераездаў, – тлумачыць сейбіт. – У сярэднім за дзень прыкрываю ў глебу насенне на 40 гектарах. Тут, напрыклад, з галоўным аграномам вырашылі, што сеяць буду не ўпоперак поля, а ўздоўж – гэта значна сэканоміць час, які трачу на развароты.
Ведаю, што ні механізатары, ні аграномы не любяць зазіраць наперад і дзяліцца меркаваннем пра будучы ўраджай, але ўсё ж цікаўлюся ў Вацлава Кандратовіча, ці будзем сёлета з хлебам.
– Наша задача – пасеяць, і мы яе выканаем. Хоць памірай, а жыта сей – гэта пра нас. (Усміхаецца.) Ці будзе год ураджайным, рашаюць там, – мужчына ўзняў вочы да неба. – Мы, паўночныя раёны, знаходзімся ў зоне так званага рызыкоўнага земляробства. Памятаю, летась у красавіку завяршалі сяўбу збожжавых. Сеяў у Ліпках перадапошні дзень – і снег так уваліў, што за некалькі гадзін поле стала белай прасціной.
Услед за сеялкамі-гігантамі ў поле выходзяць невялікія СПУшкі, якія падсяваюць шматгадовыя травы. Па меркаванні аграномаў, такі метад дае двайную эфектыўнасць: па-першае, развіваючыся, расліны не перашкаджаюць адна адной, па-другое, за сезон можна сабраць два ўраджаі – збожжа і травы. Па неабходнасці некалькі адзінак тэхнікі падвозяць пратручанае і падрыхтаванае да пасеву насенне на поле.
Па дарозе назад зазірнула на зернесклад «Малі», дзе захоўваецца каля двухсот тон насення ячменю і аўса.
– Забяспечанасць КСУП «Гудагай» насенным матэрыялам складае каля 170%. Для рэалізацыі іншым гаспадаркам раёна і вобласці падрыхтавана каля 300 тон ячменю, больш за 100 тон пшаніцы. Наша гаспадарка сёлета прайшла атэстацыю, якая дае права на продаж насеннага матэрыяла цягам пяці гадоў. На Гродзеншчыне такіх прадпрыемстваў, з улікам нашага, каля дзясятка, – расказала насеннявод Марыя Ждановіч. – Са збожжавых сеем суперэліту «бацька», «фэст», закупілі гадавальнікі другога года размнажэння «карнэт». Будзем садзіць бульбу сартоў «рыўера», «брыз», «маніфест», «вектар» і «лель». Каля 200 тон клубняў плануем рэалізаваць. Дарэчы, купіць насенны матэрыял другога хлеба могуць і жыхары Астравеччыны – для гэтага варта звярнуцца ў КСУП «Гудагай».
Подписывайтесь на «Островецкую правду» в телеграм по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.
И присоединяйтесь к нашему сообществу в viber https://vk.cc/c3yHGs – будьте всегда в курсе свежих новостей из жизни Островца и Островецкого района.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.
Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Северный вектор Гродненщины» по короткой ссылке https://t.me/severvg.
Самые интересные новости Островецкого, Ошмянского и Сморгонского районов.