О военной биографии Петра Лосовского рассказала его дочь островчанка Любовь Ефимова
09:37 / 04.04.2022
Пра лёс сялянскага хлопца, які прайшоў партызанскімі і франтавымі сцежкамі, расказалі яго дачка Любоў Яфімава, а таксама архіўныя дакументы.
– Бацька нарадзіўся ў маі (3 ці 5 – сам дакладна не ведаў) 1923 года ў вёсцы Шніткаўшчына Ушацкага раёна Віцебскай вобласці, – расказвае дачка ветэрана. – На вайну пайшоў у 20 гадоў.
Партызан
– Сэрца рвецца, калі даводзіцца ўзгадваць некаторыя моманты, – вочы Любові Пятроўны вільгатнеюць. – Маленькі сын і свякроў татавай старэйшай сястры Франі загінулі падчас бамбёжкі вёскі – снарад трапіў прама ў хату. Цётка з маёй бабуляй у той час былі на прымусовых працах. А потым іх разам з іншымі аднавяскоўкамі пагналі ў Нямеччыну… Адтуль вярнулася толькі Франя, а бабулю спалілі ў крэматорыі.Тата пайшоў у партызаны.
Як сведчаць дакументы, да народных мсціўцаў Пётр Ласоўскі далучыўся 15 красавіка 1943 года. З 15 красавіка па 10 ліпеня 1943-га ён – радавы атрада імя Пархоменкі, які дзейнічаў у Докшыцкім раёне тады яшчэ Вілейскай вобласці. З 10 ліпеня 1943-га па 1 жніўня 1944 года – кулямётчык атрада імя Жукава брыгады Ракасоўскага, які дзейнічаў у Шаркаўскім і Дунілавіцкім раёнах Вілейскай вобласці.
– Ведаю, што сувязь з Вялікай зямлёй яны трымалі, – узгадвае Любоў Пятроўна. – Тата расказваў, што прыляталі самалёты за параненымі. А вось карміла іх мясцовае насельніцтва – хлеб пяклі. Потым і ў сябе добра абуладкаваліся – на месцы шмат чаго гатавалі.
Вытрымкі з узнагароднага ліста, датаванага 13 верасня 1944 года, расказваюць пра адвагу і актыўную дзейнасць нашага земляка ў складзе партызанскага атрада:
«У 1943 г. 19 мая ўдзельнічаў у баі супраць карніцкай экспедыцыі ў вёсцы Касары Ушацкага раёна <…>. 13 верасня 1943 года <…> у знішчэнні тэлефонна-тэлеграфнай сувязі на бальшаку Шаркаўшчына-Глыбокае, у выніку сувязь была знішчана на адлегласці 3 кіламетры. 13 кастрычніка 1943 года падчас экспедыцыі немцаў удзельнічаў у баях у Казьянаўскім лесе. <…>. 17 лістапада 1943 года <…> у разгроме бункера Порплішча на чыгунцы паміж Круляўшчынай і Парафіянава. <…>. Тав. Ласоўскі ў ліку першых уварваўся ў бункер <…>. Узяты былі трафеі: 1 мінамёт, 200 мін, 1 ручны кулямёт, 11 вінтовак і вялікая колькасць боепрыпасаў. <…>. Затрыманы рух цягнікоў <…>. У снежні месяцы 17 чысла <…> прымаў удзел у разгроме чыгуначнага маста паміж паўстанкам Порплішча і станцыяй Круляўшчына <…>. 19 студзеня 1944 года ў якасці кулямётчыка прымаў удзел у «рэйкавай вайне» на адрэзку Круляўшчына-Парафіянава <…>. Тав. Ласоўскі агнём свайго кулямёта падавіў агнявую кропку праціўніка <…>. 18 красавіка 1944г. <…> удзельнічаў у падрыве чыгункі на ўчастку Варапаева – Паставы. <…>.
Тав. Ласоўскі адданы справе радзімы і партыі Леніна-Сталіна. Тав. Ласоўскі заслугоўвае ўрадавай узнагароды – медаля «Партызану Айчыннай вайны І ступені».
У маі 1944 года Пятра Ласоўскага прынялі ў члены УЛКСМ.
Камандзір кулямётнага разліку
Пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў партызанскія атрады зліліся з рэгулярнымі часцямі – партызан Ласоўскі стаў байцом Чырвонай арміі 6 жніўня 1944 года.
Камандзір кулямётнага разліку гвардыі старшы сяржант 210-га гвардзейскага стралковага палка 71-й гвардзейскай стралковай дывізіі І Прыбалтыйскага фронту Пётр Генрыхавіч Ласоўскі атрымаў два раненні – пасля апошняга быў камісаваны.
З даведкі аб першым раненні:
«23 кастрычніка 1944 года лёгкае скразное кулявое раненне мяккіх тканак левага тазасцегнавага сустава». «Знаходзіўся на лячэнні ў п/п 59364 з 30 кастрычніка па 28 снежня 1944 года.»
– Гэта раненне тата атрымаў падчас коннай разведкі, – удакладняе Любоў Пятроўна. – Але ён хутка вярнуўся ў строй.
А вось падчас баёў пад горадам Лібава наш зямляк атрымаў цяжкае раненне ў галаву.
З даведкі:
«ЭШ №1114 з 6 сакавіка 1945 па 23 красавіка 1945. ЭШ №2009, 23 красавіка 1945 па 29 мая 1945г. Кранаючае асколачнае прасякаючае раненне правай цемянной вобласці. Левабокі геміпарэз (Паслабленне мышцаў і зніжэнне адчувальнасці тканак часткі тулава. – Заўв.аўт.)»
Пасля шпіталю з пазнакай «не годны да страявой» Пётр Генрыхавіч прыбыў у Ленінградскі ваенна-перасыльны пункт, адкуль 30 мая яго адправілі дамоў. Пётр застаўся інвалідам. За той бой Ласоўскі быў узнагароджаны медалём «За баявыя заслугі», пазней – ордэнам Айчыннай вайны І ступені.
– Баявыя ўзнагароды тата трымаў у асобнай пушачцы, і адзяваў іх, можа, разы 2 за ўвесь час, а так планку на пінжаку насіў, – гаворыць Любоў Яфімава.
Горны майстар
Пётр вярнуўся на радзіму, ажаніўся з дзяўчынай са Смаленшчыны – Вольга Кірэеўна прыехала ў Беларусь у надзеі дапамагчы куском хлеба сваім родным.
– Бацькі нейкі час жылі ва Удмурціі. Потым пераехалі на Данбас – тата працаваў горным майстрам. 22 гады шахцёрскага стажу! Ведаеце, як ён сабе рабочы тэрмін працягваў? – усміхаецца Любоў Пятроўна. – Праходзіць медкамісію – доктар у даведцы робіць заключэнне «не годны». Тата гэту паперу дамоў – і воцатнай эсенцыяй выдаляе слова «не» з заключэння. Не падкапаешся. Доктар потым выкрыў гэтыя хітрыкі, і ставіў візу «годны».
– Бацька адукаваны быў, добра ведаў матэматыку. Ён скончыў школу-сямігодку, вучылішча, 2 курсы Данецкага горнага інстытута – за бытавымі клопатамі не змог закончыць вучобу. Нам з братам з дамашнімі заданнямі дапамагаў: вучыў, накіроўваў думку, каб самі здагадаліся, – працягвае жанчына. – А ў вольныя дні тата хадзіў за малаком, як цяпер памятаю: 3 літры купляў і штук з 30 булачак – я іх вельмі любіла!
– Узгадалася, як аднойчы мы па вуліцы ішлі і бацька вучыў: «Ніколі не абяцай таго, чаго не зможаш зрабіць. А калі паабяцала, хоць у ляпёшку разбіся – а зрабі!» – вяртаецца ўспамінамі ў дзяцінства Любоў. – І вось праз час мне задаюць у школе напісаць плакат са слоўнікавымі словамі. Я ўвесь дзень прабегала-прагуляла, а назаўтра трэба плакат несці – усю ноч тыя словы выводзіла, але рабіла, узгадваючы татаў наказ.
Калі Пётр Генрыхавіч выйшаў на пенсію, пераехаў жыць у Беларусь – у пасёлак Гудагай. Яго даўно клікала да сябе сястра Франя.
– Пасля вызвалення Франя вярнулася ў Беларусь, потым прыехала па размеркаванні працаваць на Астравеччыну настаўніцай. І яшчэ адна бацькава сястра – Стася – настаўнічала тут – у Міхалішках, – тлумачыць дачка ветэрана. – Бацькі купілі дом, завялі гаспадарку, татка працаваў у дзіцячым садку – прывозіў прадукты на кані.
Пайшоў з жыцця Пётр Генрыхавіч Ласоўскі 26 чэрвеня 1998 года.
Ласоўскі ля шахты з калегамі (у цэнтры)
Фота аўтара, з сямейнага архіва Л. Яфімавай, сайта «Партызаны Беларусі».