Святы і памятныя даты з 26 сакавіка па 1 красавіка
11:55 / 26.03.2022
625 гадоў (1397) з часу першага ўспаміну ў пісьмовых крыніцах паселішча Германішкі, якое належала вялікаму князю ВКЛ Ягайлу.
245 гадоў (1777) з часу, калі стараста Лідскі, ваявода Мінскі і Смаленскі Ян Абрамовіч заснаваў у Варнянах рэфармацыйны збор, шпіталь і школу. У 1777 годзе ў Варнянскай парафіяльнай школе займалася 9 вучняў.
245 гадоў (1777) з часу, калі ў Гервятах адчынена парафіяльная школа, якую наведвала 4 баярскіх і 9 сялянскіх дзяцей.
45 гадоў (1977) з часу адкрыцця новага будынка Варнянскай школы, які дзейнічае і цяпер.
СЁЛЕТА АДЗНАЧАЕЦЦА
130 гадоў (1892) з дня нараджэння Станіслава Восіпавіча Стакуна, удзельніка Кастрычніцкай рэвалюцыі і Грамадзянскай вайны.
Нарадзіўся ў вёсцы Нідзяны. Член партыі бальшавікоў з 1917 года. Разам з родным братам Міхаілам Восіпавічам і стрыечным братам Баніфацыем Георгіевічам Стакуном удзельнічаў у штурме Зімняга палаца ў Пецярбургу. У Грамадзянскую вайну – камандзір батарэі, удзельнік баёў з белагвардзейцамі на Усходнім фронце. Пасля яе заканчэння закончыў Камунальную акадэмію і працаваў на кіруючых пасадах у Растове-на-Доне (Расія).
Святы і памятныя даты
27 сакавіка
Дзень работнікаў бытавога абслугоўвання насельніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі (прафесійнае свята)
Сусветны дзень тэатра (міжнароднае свята)
1 красавіка
Міжнародны дзень птушак
Дзень смеху (Дзень дурня) (міжнароднае свята)
Падрыхтавалі Ніна РЫБІК, Рыта ДРЭМА.