Часлаў Лабачэўскі і Тадэвуш Шкіруць расказваюць пра сябе і разважаюць пра фермерства ў Беларусі
10:33 / 21.03.2022
Мінула 30 гадоў. З тых шасці першапраходцаў па-ранейшаму працуюць на сваёй зямлі двое – Часлаў Лабачэўскі і Тадэвуш Шкіруць. І колькасць «вольных земляробаў» амаль не павялічылася: цяпер іх 9.
Журналіст «АП» сустрэўся з аксакаламі астравецкага фермерства, каб задаць ім 5 пытанняў аб галоўным.
– У 1991 годзе, калі ў краіне пачаўся рух фермерства, вы ўжо былі вядомымі і паспяховымі людзьмі, кожны ў сваёй галіне, з пэўным жыццёвым багажом: аднаму – 45 гадоў, другому – 38. Як вы рашыліся на такі рызыкоўны крок: кінуць стабільную работу і рынуцца ў вір невядомасці?
Тадэвуш Шкіруць:
– Вось вы кажаце: двое нас засталося з таго першага фермерскага «прызыву». Але ж і бралі зямлю па розных прычынах, не ўсе збіраліся на ёй працаваць. Нехта спадзяваўся на лёгкія грошы, некаму патрабавалася падстава, каб рахунак у банку адкрыць. Былі і тыя, хто працаваў шчыра і сумленна, ды адышлі ўжо ў іншы свет.
Калі гаварыць пра мяне, то я з маленства цягнуўся да тэхнікі. Яшчэ хлапчуком, у класе пятым ці шостым, працаваў памочнікам камбайнера – тады на ўзрост ніхто не звяртаў увагі, дзяцей да працы змалку прывучалі. Пасля школы пайшоў вучыцца на трактарыста ў Камарова. Яшчэ правы не атрымаў, як да нас дахаты напярэдадні ўборкі прыехаў старшыня калгаса «Запаветы Ільіча» – быў такі некалі ў Газе. І мне прапанавалі новенькі камбайн СК-4. Вы ўявіць сабе не можаце, які гэта быў гонар і адказнасць! Я апраўдаў давер: некалькі гадоў запар займаў у раёне першыя месцы. Граматы, прэміі, падарункі атрымліваў…
Потым была армія. Дэмабілізаваўшыся, вярнуўся ў калгас. Пазней уладкаваўся ў аўтабазу. Тады амаль усе гарадскія арганізацыі садзілі бульбу ў гаспадарках, наша – не выключэнне. Даглядаць яе, восенню выкапаць – гэта быў мой святы абавязак. Так што з хлебаробскай справай, можна сказаць, заўсёды быў непарыўна звязаны.
А калі дазволілі браць зямлю… Вось вы кажаце: рызыкавалі. Ды нічым асаблівым мы не рызыкавалі! Што ў нас, капіталы нейкія былі, якія мы ў бізнес укладвалі і маглі прагарэць? Адзін капітал: свая галава ды рукі. Вырашыў паспрабаваць, думаў: калі не атрымаецца – зямлю назад аддам і пайду працаваць на дзяржаўнае прадпрыемства, не зломак жа і не гультай.
На нас, першых фермераў, тады глядзелі, як на эксперымент, з цікавасцю і чаканнем: ці надоўга іх хопіць? Атрымалася, што надоўга…
Часлаў Лабачэўскі:
– Так, у той час я скончыў курсы кіруючых кадраў пры Гродзенскім абкаме партыі. Меў веды і вопыт. Мне прапанавалі крэсла старшыні калгаса «50 гадоў ВЛКСМ». Старэйшыя людзі памятаюць, што гэта была за гаспадарка з цэнтрам у Масцянах, мясцовыя вастрасловы называлі яе «50 гадоў без ураджаю». Перспектывы аніякай. Вядома ж, я адмовіўся.
А тут перабудова, вецер перамен, зараджэнне фермерства… Я чалавек пошуку, мне нецікава ісці праторанымі шляхамі, заўсёды хочацца паспрабаваць нешта новае, нязведанае. Нават цяпер. Сад мне ўжо нецікавы, вабяць новыя накірункі работы на зямлі. Але разумею, што свае планы і жаданні трэба звяраць з жыццёвым гадзіннікам, бо мы, на жаль, не маладзеем. А тады, у 45, – чаму б і не паспрабаваць? Займацца не тым, чым загадалі, а што сам лічыш патрэбным, выгадным, карысным. Стаць урэшце самім сабой. Згадзіцеся, вельмі займальная перспектыва.
– Чаго вы тады баяліся больш за ўсё – і што на самой справе аказалася самым цяжкім?
Тадэвуш Шкіруць:
– Не баяўся, што не спраўлюся, – ведаў, што ноша мне па плячы. Дый колькі там зямлі нам на першым часе далі – па 7-8 гектараў. Я і тады, і цяпер працую адзін. Неяк была спроба наняць памочніка, дык ён праз тыдзень знік. Прыязджаю да яго дахаты, а ён з трактара салярку злівае. Навошта такія памагатыя трэба, каб над імі яшчэ наглядчыка трымаць? Лепш ужо я сам…
Палохала фінансаванне: грошай не было. У першы год наважыліся мы са Станіслававічам узяць крэдыты – трэба ж было тэхніку купляць. Трактар тады каштаваў 260 тысяч – шалёныя грошы. Жонцы сказаў, дык яна пальцам ля скроні пакруціла: ты што, ненармальны, дзеці ўсё жыццё будуць выплачваць твае даўгі. Цішком узяў. За год аддаў. Потым шкадаваў, што мала ўзяў, – інфляцыя грошы абясцэньвала імгненна.
Часлаў Лабачэўскі:
– Баяцца не было чаго. На рынку тады панаваў дэфіцыт. Вывез бульбу – разабралі за паўгадзіны, капусту – размялі, што ні прапануй – з рукамі адарвуць. Ды і дакументальныя пытанні вырашаліся намнога прасцей.
Сад і плодагадавальнік я залажыў першым з беларускіх фермераў. І што б ні прапанаваў спажыўцам – яблыкі, саджанцы, – забіралі ўсё, толькі давай. А сёння ў наш бізнес прыйшлі маладыя, энергічныя, з якімі мне ўжо цяжка цягацца. Калі нехта вам скажа, што ён у 60 гадоў працуе лепш, чым у 40, – не верце. Прыроду не падманеш. Ды і ў іх праблемы са збытам прадукцыі. Трэба прызнаць: беларускіх вытворцаў выцясняюць з рынку імпартныя пастаўшчыкі з больш нізкімі цэнамі. І выжываем мы – не толькі фермеры, а ўсе аграрнікі – толькі дзякуючы дзяржаўнай датацыі. Але дробным фермерам, якія не ўвайшлі ў якую-небудзь дзяржаўную праграму, як мой сусед і калега Тадэвуш Шкіруць, які паспяхова працуе з цукровымі буракамі і збожжавымі культурамі, цяпер намнога цяжэй, чым тады, калі мы пачыналі.
– Ці даводзілася шкадаваць, што 30 гадоў таму ўвязаліся ў гэтую справу?
Тадэвуш Шкіруць:
– Ні аднаго дня! Гляджу на сваіх аднагодкаў, з кім некалі разам працаваў. Ну выйшлі яны на пенсію, сядзяць у хаце, паплёўваюць з ганка ці з балкона… Я таксама на пенсіі – але ўвесь час пры справе. І да смерці буду заняты!
Вядома, і ў нас за гэты час здаралася рознае – былі і няўдачы, і расстройствы. Але дзе іх няма? На дзяржаўнай рабоце, можа, яшчэ больш…
Часлаў Лабачэўскі:
– Ніколі не паверу, што нехта, ідучы на самастойнасць, не сумняваўся і не перажываў. Былі і ў мяне сумненні, тым больш, што год на год не прыпадаў. Але вынік любой працы адзін – эканоміка. І калі бачыш, што яна з году ў год становіцца лепшай, што на пасадзе галоўнага інжынера ці старшыні калгаса «50 гадоў ВЛКСМ» ты і блізка таго б не атрымаў, то з'яўляецца ўпэўненасць, што ідзеш правільным шляхам. Напачатку я разводзіў свіней, кароў, цялят. Ездзіў на грузавой машыне ў Градаўшчызну і касіў па палях, каб накарміць 10 галоў буйной рагатай жывёлы, якая стаяла на падворку каля майго дома на вуліцы Камарова. А калі ўвосень здаў, падлічыў расходы, прыбытак, параўнаў з зарплатай галоўнага інжынера калгаса «Шлях Леніна» – у мяне больш. Значыць, я на правільным шляху.
І ўвогуле – хіба, шкадуючы, 30 гадоў можна працаваць? Гэта ўсё роўна што жыць 30 гадоў з жанчынай – і шкадаваць, што некалі ўзяў яе ў жонкі.
– Якімі былі адносіны да фермераў тады, напачатку 90-х гадоў? Ці змяніліся яны цяпер?
Тадэвуш Шкіруць:
– Мяне да гэтага часу швагер кулаком называе. Дык што ж рабіць?
Адносіны людзей, я б сказаў, не змяніліся – зайздрасць была, ёсць і будзе. Сталі іншымі адносіны арганізацый: раней на нас глядзелі як на нахлебнікаў, якія ходзяць з працягнутай рукой. Здаралася, прыйдзеш у арганізацыю і чуеш: «Мусіць, нешта ўкрасці збіраецца». А цяпер мы – партнёры. І часта ўжо не мы, а ў нас просяць пазычыць грошай. І чаму б не дапамагчы, калі ёсць магчымасць?
Часлаў Лабачэўскі:
– Зайздрасць уласціва чалавеку з часоў першабытнага ладу. Не раз даводзілася чуць: «Навошта табе гэта ў твае гады? Колькі табе трэба? Цябе што, у двух касцюмах пахаваюць?»
І я не анёл, таксама часам зайздрошчу тым, хто змог, паспеў, зрабіў больш, чым я.
Але ад зайздрасці ёсць цудоўнае лякарства: працуй! Зрабі лепш, дабіся большага, чым той, каму ты зайздросціш.
А адносіны да фермераў за гэты час сапраўды памяняліся, бо змянілася псіхалогія і кіраўнікоў, і працаўнікоў. І мушу прызнаць, што ў гэтым дапамагла ў тым ліку і ваша газета.
«Астравецкая праўда» заўсёды падтрымлівала фермераў, расказвала пра іх справы – і паступова людзі паверылі, што гэта ў большасці сваёй не хапугі, а шчырыя працаўнікі.
– Як вы лічыце, ці ёсць будучыня ў фермерства? Ці параілі б сваім дзецям ці іншым дарагім вам людзям ісці па вашым шляху?
Тадэвуш Шкіруць:
– О, калі б нашы дзеці – ці мае, ці Станіслававіча – захацелі прадоўжыць нашу справу – мы б утрая больш стараліся! А так… Дзеля чаго працаваць, каму гэта перадаць?
Па маім меркаванні, будучыні ў дробнатаварнага фермерства, як у нас з Лабачэўскім, няма. І калі б да мяне прыйшоў нехта за парадай, ці браць яму зямлю, я б перш запытаў: з чаго ты пачнеш? Што ў цябе ёсць? Сёння з голымі рукамі не варта і брацца, гэта не 90-я, калі ўсе былі босыя і голыя.
Часлаў Лабачэўскі:
– Так, стаць фермерам сёння ніхто не спяшаецца – ні нашы дзеці, ні іншыя перспектыўныя і прадпрымальныя людзі. Але ж і мы не маладзеем… Пусціць на вецер усё, што стваралася гадамі цяжкай працы і ўласным мазалём – рука не падымаецца. Прадаць… Адну сваю гаспадарку ў Шчучынскім раёне я прадаў, а вось базавую, «Світанак-Л», спрабаваў, і на вельмі выгадных для пакупніка ўмовах – не знайшлося ахвочых «падхапіць сцяг». Усе цяпер хочуць працаваць, асабліва не напружваючыся, лягчэй, як мага лепш. А праца селяніна ва ўсе часы была цяжкай, няўдзячнай, нізкааплачваемай, на яго гарбе заўсёды стваралі дабрабыт розныя купцы, прадаўцы, банкіры. Усё жыццё на ім ехалі – і едуць да гэтага часу!
Калі ж гаварыць у цэлым, то, перакананы, зямлю драбніць на лапікі ніхто не стане – і гэта правільна. Асновай аграрнага сектара застанецца буйнатаварная гаспадарка, альтэрнатывы ёй няма.
Але і фермеры будуць – такія, як мы са Шкіруцём, адзіночкі з псіхалогіяй аднаасобнікаў. Фермерам трэба нарадзіцца – гэтаксама, як і старшынёй калгаса. Калі няма цягі да зямлі, прызвання, то не варта і брацца за гэтую справу.
Подписывайтесь на «Островецкую правду» в телеграм по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.
И присоединяйтесь к нашему сообществу в viber https://vk.cc/c3yHGs – будьте всегда в курсе свежих новостей из жизни Островца и Островецкого района.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.
Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Северный вектор Гродненщины» по короткой ссылке https://t.me/severvg.
Самые интересные новости Островецкого, Ошмянского и Сморгонского районов.