Як праходзіць зімоўка пасеваў і што будуць сеяць аграрыі вясной, расказалі спецыялісты
12:03 / 01.03.2022
Што мароз пасевам прынёс?
Тэмпература паветра, таўшчыня снежнага покрыва і глыбіня прамярзання глебы – асноўныя фактары, якія ўплываюць на паспяховасць зімоўкі збожжавых і рапсу.
Ці спрыяльная была зіма для будучай залатой нівы, расказала вядучы аграном, дзяржінспектар па ахове раслін Кацярына Салавей:
– Папярэдне магу сказаць, што сёлета ўмовы для зімоўкі пасеваў здавальняючыя. Азімыя пасевы, якія з восені былі ў фазе кушчэння, перазімавалі нядрэнна, а пасеяныя ў познія тэрміны, якія мелі 2-3 лісты, атрымалі большы стрэс. У пачатку лютага адбіралі маналіты – гібелі раслін не выяўлена. Канчатковы прагноз рабіць рана, бо надвор’е мяняецца ледзь не штодзень – для раслін гэта стрэс. Больш адчувальны да перападаў тэмпературы азімы рапс: на пасеяных у больш познія тэрміны ўчастках расліны аслабленыя. Напрыклад, КСУП «Гудагай» выкарыстоўвала гібрыды – больш устойлівыя сарты, своечасова і ў поўным аб’ёме правяло агратэхнічныя мерапрыемствы: падкормку, хімпраполку, унясенне рэгулятараў росту. Думаю, у гэтай гаспадарцы зімоўка азімых павінна прайсці найлепш.
Да слова, пры ацэнцы зімоўкі азімых збожжавых выкарыстоўваецца метад маналітаў, рапсу – торсаў. Вясной будзем глядзець пасевы непасрэдна на полі. Напрыклад, для пшаніцы адзнака «выдатна» ставіцца, калі на адным пагонным метры ёсць не менш за 400 жыццяздольных раслін, «добра» – 300-400, «здавальняюча» – 200-300.
Сяўба, ці будзе збожжа і трава?
Аграрыі раёна з восені пасеялі 10 050 га збожжавых і 3 000 га рапсу. Пад яравы збожжавы клін плануецца адвесці 6 650 га, што на ўзроўні леташняга перыяду. Каб своечасова і паспяхова пасеяць яравыя, гаспадаркам патрэбна каля 1 400 тон насення збожжавых і зернебабовых.
– На 24 лютага ў раёне было 1 737 тон – гэта 122% ад патрэбы. Найлепшая сітуацыя назіраецца ў КСУП «Гудагай»: забяспечанасць кандыцыйным насеннем складае 240% (897 т), у КСУП «Варняны» – 102% (315 т), у КСУП «Гервяты» – 109% (315 т), у КСУП «Міхалішкі» – 21% (54 т), у РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі» – 83% (167 т), – расказала вядучы аграном, дзяржінспектар па насенняводстве Алена Сяргей.
Спецыяліст упэўнена, што «Міхалішкі» да пачатку сяўбы перакрыюць мінус за кошт дамоўленасцей з іншымі элітгасамі Гродзеншчыны, у тым ліку КСУП «Гудагай». Таксама гэтая гаспадарка набывае не толькі эліту, але і насенне першай рэпрадукцыі.
– Асаблівае значэнне, як стратэгічнай культуры, у апошнія гады адводзіцца грэчцы. Яе кандыцыйным насеннем КСУП «Гудагай» забяспечаны на 116%, КСУП «Міхалішкі» – на 110%. У КСУП «Варняны» і «Гервяты» працягваецца дапрацоўка і даачыстка насення грэчкі. РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі» будзе набываць яго ў элітгаспадарках і арганізацыях, якія маюць права яго рэалізоўваць згодна з усімі патрабаваннямі Мінсельгасхарчу, – працягвае Алена Сяргей. – Крыху горшая сітуацыя складваецца з назапашваннем насення шматгадовых траў. КСУП «Гудагай» забяспечана на 122% – у гэтай гаспадаркі ёсць звыш патрэбы насення траў, яно дапрацоўваецца і ўжо знаходзіцца на праверцы ў насеннай інспекцыі. Насенне «варнянцаў» таксама правяраюць нашы спецыялісты. «Гервяты» маюць у запасе 101% ад патрэбнага. У КСУП «Міхалішкі» да сяўбы падрыхтаваны 21%, ачышчана 50%. РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі» забяспечаны на 36%, але засыпка на добрым узроўні – каля 100%. У цэлым сельгаспрадпрыемствы забяспечаны насенным матэрыялам шматгадовых траў, праходзіць яго ачыстка і здача на праверку ў інспекцыю.
Згодна з новым законам, гаспадаркі могуць рэалізоўваць насенне толькі пасля атэстацыі. У сярэдзіне лютага такую праверку прайшло КСУП «Гудагай».
– У цэлым падрыхтоўку да сяўбы ў гаспадарках ацэньваю здавальняюча. Для назапашвання якаснага насеннага матэрыялу з лета былі ўсе перадспасылкі: своечасова зроблены відавыя праполкі, атрымана добрае збожжа… Але ў некаторых гаспадарках адбылося «забруджванне» насення. Хутчэй за ўсё, ролю адыграў так званы чалавечы фактар: варта надаваць пільную ўвагу пры перавозцы зерня, уборцы насеннікаў траў і збожжавых культур вышэйшай рэпрадукцыі. Спешнасць часам негатыўна адбіваецца на якасці прадукцыі. Станоўча адзначу КСУП «Гудагай» і «Гервяты», якія добра сёлета спрацавалі, – падсумавала размову Алена Сяргей.
Подписывайтесь на «Островецкую правду» в телеграм по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.
И присоединяйтесь к нашему сообществу в viber https://vk.cc/c3yHGs – будьте всегда в курсе свежих новостей из жизни Островца и Островецкого района.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.
Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Северный вектор Гродненщины» по короткой ссылке https://t.me/severvg.
Самые интересные новости Островецкого, Ошмянского и Сморгонского районов.