Праект “Бацькаўшчына”: Астравеччына на паштоўках з калекцыі Уладзіміра Ліхадзедава
09:46 / 28.02.2022
Праект заснаваны на калекцыі паштовак і фотаздымкаў канца 19 – пачатку 20 стагоддзя, якія расказваюць пра багатае мінулае нашай краіны.
Унікальная калекцыя Уладзіміра Ліхадзедава налічвае каля 50-ці тысяч старых фотаздымкаў. Сярод іх ёсць экзэмпляры, што тычацца Астравеччыны.
– Фотаздымак – гэта ўнікальны сведка, які праўдзіва расказвае пра гістарычнае мінулае нашага народа. Менавіта дзякуючы старым паштоўкам і фота можна ўбачыць, як выглядалі нашы гарады і мястэчкі 100 і больш гадоў назад, як апраналіся беларусы, чым займаліся і што іх цікавіла, – упэўнены Уладзімір Ліхадзедаў.
Дарэчы, па ініцыятыве гэтага чалавека ў свет выйшлі дзясяткі кніг з серыі «У пошуках страчанага», і работа працягваецца.
За гады збіральніцтва Уладзімір Ліхадзедаў аб’ездзіў нашу краіну з выстаўкамі і прэзентацыямі кніг. На свае вочы аўтар бачыў цікавасць людзей да старых паштовак і здымкаў, чуў гісторыі пра тое, што падобныя фотакарткі захоўваюцца ў сямейных архівах некаторых людзей.
«Астравецкая праўда» далучаецца да рэалізацыі гэтага цікавага пазнавальнага праекта. Чытачы «раёнкі» змогуць убачыць старыя паштоўкі і фотаздымкі з калекцыі Уладзіміра Ліхадзедава на старонках газеты, наведвальнікі сайта і сацыяльных сетак – у нашых суполках.
На працягу года мы будзем публікаваць здымкі горада і вёсак раёна старых часоў і суадносіць іх з сённяшнімі аб’ектамі – каб вы змаглі ўбачыць, як мянялася наша Астравеччына.
Дарэчы, да рэалізацыі праекта «Бацькаўшчына» можа далучыцца кожны, у каго ёсць цікавыя гістарычныя здымкі розных часоў, – чакаем іх у рэдакцыі.
Міхалішкі, 1916 год.
Гудагай, 1917 год.
Гервяты, 1916 год.