Успамінаем “ліхія дзевяностыя”, гартаючы “Астравецкую праўду”

09:02 / 28.02.2022
У людзей старэйшага пакалення засталіся ўспаміны пра час, які пазней назавуць «ліхімі дзевяностымі». У кожнага яны свае: нехта «падняўся» ў той час, іншы, наадварот, страціў апошняе; адзін рызыкнуў узяць неверагодны крэдыт – і пабудаваў дом, другі «забіў дэфіцытам» усе шафы ў спадзеве, што хопіць на ўсё жыццё, – а праз 10 гадоў яго дзеці павыкідвалі скрынкі спарахнелага мыла і скамянелага пральнага парашку. 

Моладзь слухае «страшылкі» бацькоў і бабуль-дзядуль пра той час з цікавасцю і недаверам: няўжо так было?

Але ёсць і аб'ектыўныя крыніцы інфармацыі: «Што напісана пяром…» Аналізуючы публікацыі раённай газеты з 1991 па 1994 гады, мы паспрабавалі аднавіць аб'ектыўную карціну жыцця таго часу. 

1991 год быў у многім рэвалюцыйным, лёсавызначальным для краіны. І адначасова парадаксальным. У сакавіку на рэферэндуме пераважная большасць жыхароў СССР прагаласавала за захаванне Савецкага Саюза. А ў жніўні таго ж года адбыўся сумнавядомы путч – і ў снежні ў Белавежскай пушчы лідары Расіі, Украіны, Беларусі падпісалі пагадненне, у выніку якога вялікая краіна перастала існаваць. Потым адбыўся так званы парад суверэнітэтаў, да якога далучылася і былая Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка, якая абвясціла сваю незалежнасць і стала самастойнай краінай – Рэспублікай Беларусь. 

Як гэта адбілася на жыцці людзей? З магазінаў імкліва знікала ўсё. Мой бацька звязваў татальны дэфіцыт з тым самым «парадам суверэнітэтаў». «Вось чаму раней усё было, а цяпер не стала?» – пытаўся ён. І сам адказваў: «Бо раней гэтых послаў (так ён называў паслоў замежных дзяржаў) не было, а цяпер панаехалі – і ўсё з’елі».

Гандаль і дэфіцыт ужо з канца 80-х сталі тэмай нумар 1 на старонках газеты.

3 чэрвеня 1989 года ў тэматычнай старонцы «Народны кантроль у дзеянні» (тады яшчэ існаваў раённы камітэт народнага кантролю і адпаведная тэматычная старонка ў «Астравецкай праўдзе») пад назвай «І зноў пра дэфіцыт» змешчаны матэрыялы рэйду, у якім прымалі ўдзел штатныя і няштатныя інспектары раённага камітэта народнага кантролю А. Бялько, Л. Даўляш, Ф. Драбышэўская, супрацоўнік АБКСУ (папярэднік сённяшняга АБЭП) Р. Кутко і намеснік рэдактара Т. Бушык. Гэты грунтоўны рэпартаж дазваляе зразумець, як у той час набывалі тавары. 
«Кожны аўторак ля дзвярэй астравецкага ўнівермага за добрыя паўгадзіны да адкрыцця ўтвараюцца натоўпы. Пакупнікі ведаюць, што панядзелак – дзень завозу тавараў і заранёў цешаць сябе марай прыдбаць жаданую абноўку. Калі дзверы нарэшце адчыняюцца, людзі бяруць прылаўкі штурмам. Што ж, ва ўмовах павальнага дэфіцыту страсцямі кіраваць цяжка.
(…)
Каб праціснуцца ў аддзел трыкатажу, членам рэйдавай брыгады прыйшлося папрацаваць локцямі. У непамыснай таўкатні людзі асаджвалі прылавак, ледзь не з боем прарываліся ў гандлёвую залу. Там было тое-сёе з новых тавараў. Але ж пранеслася чутка пра звышдэфіцыт – дзіцячыя калготкі, і чаргу ніяк нельга было ўтаймаваць, заклікаць да спакою.»
Аўтар у дэталях расказвае, як члены рэйдавай брыгады разбіраліся з накладнымі, выцягвалі тавар з-пад прылаўка – чытаецца як дэтэктыў…
9 снежня 1989 года ў артыкуле «Талоны? Спісы? Візіткі?» Таіса Бушык расказвае пра сесію пасялковага Савета, дзе дэпутаты горача абмяркоўвалі, як рэалізоўваць тавары: па спісах, талонах, візітках, картачках. Справаздачу трымаў старшыня райспажыўтаварыства Юрый Кацнельсон, было шмат спрэчак. Не паведамляецца, якое ўрэшце прынята рашэнне, але дэфіцыт яно не зменшыла. 21 жніўня 1990 года ў газеце надрукаваны артыкул пад красамоўнай назвай «Дзе закурыць камбайнеру?». Праблема ўздымалася нежартоўная: з-за адсутнасці цыгарэт механізатары адмаўля­ліся выходзіць у поле – і гэта ў гарачы час жніва!

З прамысловымі таварамі сякое-такое выйсце, здавалася б, знайшлі: 20 кастрычніка 1990 года ў «раёнцы» змешчана рашэнне выканкама райсавета «Аб размеркаванні тава­раў», надрукаваны пералік 74 назваў нехарчовых тавараў, якія размяркоўваліся камісіямі пасялковага і сельскіх Саветаў народных дэпутатаў. І на самой справе дзялілі: трусы, шкарпэткі, паліто, мэблевыя гарнітуры, тэлевізары… Вядома ж, не ўсё было справядліва, заставаліся незадаволеныя – пра гэта мне давялося пісаць у рэпартажы «Як дзялілі дэфіцыт», надрукаваным 4 снежня 1990 года. А потым выслухаць мност­ва прэтэнзій, крыўд, абраз і пагроз.

31 студзеня 1991 года дзве старонкі газеты былі прысвечаны пераходу на новыя ўмовы гандлю: уводзілася так званая візітная картка пакупніка  прамысловых тавараў. Уладзімір Булавіцкі, намеснік старшыні выканкама райсавета, расказваў для чаго патрэбна «візітоўка». А намеснік старшыні праўлення райспажыўтаварыства Сяргей Герт падрабязна тлумачыў парадак набыцця тавараў. Прыводзіліся і нормы водпус­ку. Да прыкладу, на талон №1 «Швейныя вырабы» можна было купіць 1 касцюм ці плашч, ці паліто, ці куртку, ці штаны, а на талон №2 – адну сарочку. Жанчынам на талоны №№13 і 14 прадавалі па адной адзінцы бялізнавага трыкатажу: панталоны, ці трусы, ці сарочку, ці камбінацыю, ці спадніцу ніжнюю, ці купальнік, ці фуфайку. З дзіцячага раздзела «візітнай карткі …» на талоны №№18, 23, 24 можна было купіць па адной адзінцы шкарпэтак ці гольфаў, на талоны №№25 і 26 – па адной адзінцы калготак. Дзве пары дзіцячых калготак на год і 3 пары шкарпэтак – як вам? 

Як насамрэч працавала візітная картка пакупніка, чытаем у нумары за 26 сакавіка: у артыкуле «Альбо кашуля, альбо штаны» жыхарка Астраўца абураецца, што ёй не прадалі дзіцячыя штаны, бо раней яна купіла дзецям кашулі. 
«У адзін з апошніх «дзён гандлю», якімі для астраўчан традыцыйна сталі аўторкі, выпаў мне лёс быць уціснутай у чаргу ля магазіна «Дзіцячае адзенне» і нават быць унесенай туды на чыіхсьці моцных лакцях. (…) Патрэбу я мела ў многім – як-ніяк два сыны-пагодкі растуць ледзь не на вачах, і што не паспеюць парваць, з таго імгненна выцягваюцца. Якраз перад мной віселі штонікі – шарсцяныя, прыгожа пашытыя, патрэбнага памеру. (…) Узяла двое, цярпліва прыстроілася да хваста шматгаловай пачвары, якая аплятала ўвесь магазін і паволі паўзла да прылаўка (…) Працягнула прадаўцу «Візітную картку пакупніка», грошы – і… «Мы не можам вам прадаць гэтыя штаны, у вас ужо выразаны талоны 37 і 38, па якіх адпускаюцца швейныя вырабы». Так, я сапраўды купіла раней сваім хлопчыкам па адной кашульцы і аднаму летняму касцюмчыку. Дык што ж, яны ўжо не маюць права на штаны?» 
І такіх роспачных гісторый было безліч!

Ды і не ўсё можна было размеркаваць «па-чэснаму». Амаль у кожным нумары газеты за 1991 год старшыня райспа­жыў­­тава­рыст­ва адказваў на «Пы­тан­ні рэ­пар­цёру»: чытачы ціка­­віліся, да прыкладу, як будуць рэа­лі­зоўвацца таматны соус, воцат, яйкі, запалкі, соль, на якія не выдаюцца талоны. Адказ адзін: на іх няма фондаў, значыць, усё по­йдзе ў свабодны продаж, з абме­жаваннем про­дажу ў адны рукі. 

А далей – яшчэ цікавей. Артыкул «Рубель-купон», надрука­ваны ў раённай газеце 11 студзеня 1992 года, дзе намеснік старшыні праўлення райспа­жыўтаварыства В. Паранюк расказвае пра парадак гандлю з дапамогай купонаў, можна чытаць са смехам скрозь слёзы. Так, пры разліках за тавары рублямі прадаўцы выразалі яшчэ і адпаведную колькасць купонаў – іх увялі, каб тавары не вывозілі за межы краіны. А купоны, у сваю чаргу, змяшчаліся ў картачках спажыўца, якія можна было атрымаць па месцы работы, пенсіянерам – у райсабесе. Усё, як у той казцы: іголка – у яйку, яйка – у качцы… І ў тым жа артыкуле Паранюк расказвае пра нормы продажу прадуктовых тавараў: макаронныя вырабы – кілаграм на квартал, алей – 0,5 літра на квартал, тытунёвыя вырабы – 6 пачкаў на месяц, яйкі – 10 штук на месяц, гарэлка – бутэлька на месяц, мука, цукар, крупы – 0,5 кілаграма на месяц, мыла туалетнае – 100 грамаў на квартал… Успамінаецца анекдот тых часоў (пачуццё гумару не пакідала нашых людзей нават тады!): калі госці мыюць рукі з мылам, то чай п’юць без цукру. 


А 18 студзеня 1992 года той жа Паранюк у матэрыяле «Яшчэ раз пра хлеб надзённы» паведамляе пра ўстаноўленыя нормы продажу хлеба: 0,5 буханкі чорнага і 0,5 батона (можна замяняць адно другім) на душу насельніцтва ў дзень. 

У маі карткі спажыўца і купоны адмянілі – на змену ім прыйшлі разліковыя білеты Нацыянальнага банка, тыя самыя «зайчыкі» і «ваўкі», якім належала паступова замяніць савецкі рубель і стаць першай на­цыянальнай валютай. Тлумачылася, што разліковыя білеты ўведзены ў сувязі з дэфіцытам наяўных грошай. Намінал «вавёрак» быў 50 капеек, «зайцоў» – 1 рубель, «баброў» – 3, «ваўкоў» – 5, «рысяў» – 10, «ласёў» – 25, «мядзведзяў» – 50, «зубраў» – 100 рублёў. На першым часе разлічыцца ў магазіне можна было і рублямі, і «зайчыкамі», су­адносіны скла­­­далі 1 рубель – 10 білетаў На­цыя­нальнага банка. 

Па лімітных картках ула­даль­­нікам аўтатранспарту пра­да­ваўся бензін: 80 літраў  ула­дальнікам машын, 30 – мата­цыклаў. 

І перасесці на грамадскі транспарт таксама не выпа­да­ла: 23 красавіка 1992 года з ін­тэрв’ю з дырэктарам аўтапарка А.І. Струч­ко «Перасядзем на ве­ла­сіпед?» вынікала, што з-за страт­насці пасажырскіх перавозак прыпынены рух прыгарад­ных аўтобусаў. У далейшым планава­лася скарачаць колькасць маршру­таў і аўтобусныя рэйсы, што неўзабаве было зроблена, і затым – неаднаразова.

Рубрыка «Пытанне рэпарцёру» выходзіла амаль у кожным нумары, з яе дапамогай чытачы спрабавалі знайсці адказы на балючыя пытанні: чаму ў мінулыя выхадныя не было гарачай вады і калі яна з’явіцца («Не будзе на працягу ўсяго ацяпляльнага сезона»); ці будзе праводзіцца традыцыйны восеньскі кірмаш («Не будзе»); чаму хлеб сталі прадаваць па картачках і адкуль такія нормы – паўкілаграма на чалавека («Таму што танны астравецкі хлеб вывозяць за межы раёна і кормяць ім жывёлу»)… Пытанняў узнікала безліч, і закрытых тэм не існавала: журналісты неслі звароты людзей у высокія кабінеты. Вядома, адказы часам выклікалі расчараванне, але да чытачоў даносілася інфармацыя «з першых вуснаў».

«Як вы тады жылі?» – спытаў сын у матулі, калі яна расказала, што ў час, калі яна расла, не было ні ролікаў, ні жуек, ні бананаў, а любімай цацкай дзяцей з’яўлялася вясёлкавая плас­тыкавая спружынка: калі яе ўмела запусціць, яна сама спускалася з лесвіцы.

І сапраўды: як мы тады жылі?

Выжывалі…

Подписывайтесь на «Островецкую правду» в телеграм по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

И присоединяйтесь к нашему сообществу в viber  https://vk.cc/c3yHGs – будьте всегда в курсе свежих новостей из жизни Островца и Островецкого района.

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Северный вектор Гродненщины» по короткой ссылке https://t.me/severvg.

Самые интересные новости Островецкого, Ошмянского и Сморгонского районов.



Текст: Нина Рыбик