Жыхары аграгарадка Палушы актыўна робяць свой выбар
На Палушскім участку для галасавання №15 з моманту яго адкрыцця гучыць музыка. Члены камісіі пастараліся стварыць атмасферу свята.
На стэндах – інфармацыя аб правядзенні рэферэндуму, на стэлажах – кнігі пра Беларусь, яе гісторыю і дзяржаўную сімволіку. З добрым настроем прыходзяць на ўчастак жыхары аграгарадка і бліжэйшых вёсак, якія прыпісаны да гэтага ўчастка для галасавання. Кожны разумее, што робіць пэўны ўклад у будучыню нашай краіны.
– Старшынёй камісіі працую першы год. Канешне, гэта вялікі гонар і адказнасць, – гаворыць старшыня Палушскага ўчастка для галасавання №15 Вераніка Трубкіна. – Я ўдзячна, што мне аказалі такі давер, таму што для моладзі вельмі важна, калі яе бачаць і прапаноўваюць удзельнічаць у важных палітычных падзеях краіны.
Свой выбар Вераніка Трубкіна ўжо зрабіла – прагаласавала датэрмінова.
– Канстытуцыя, якая сёння дзейнічае, патрабуе змянення. На мой погляд, усё, што прапаноўваецца ў праекце Асноўнага Закона, вельмі актуальна. І гэта датычыцца практычна ўсіх сфер жыцця: здароўя людзей, сямейнага выхавання, захавання гістарычнай памяці, развіцця атамнай энергетыкі і мірнага атаму і многіх іншых.
За правядзеннем рэферэндуму і галасаваннем на ўчастку сочаць назіральнікі. Па іх словах, нараканняў няма: камісія працуе ў адпаведнасці з заканадаўствам.
#конституция #референдум